Top.Mail.Ru

Дзеля аховы правоў і законных інтарэсаў

Дзяржкамісія пракантралюе арганізацыю ўступных выпрабаванняў, у тым ліку цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ), які стартуе ў канцы мая. Таксама камісія ўдзяліць увагу прыёму дакументаў і залічэнню абітурыентаў у ВНУ і ССНУ. Старшынёй камісіі прызначаны намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Каранік. У яе складзе — прадстаўнікі Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, міністр адукацыі Андрэй Іванец, прадстаўнікі міністэрстваў, ведамстваў, абласной выканаўчай улады, Камітэта дзяржаўнага кантролю, парламента і іншых.


У гэтым годзе, як і ў ранейшыя, асноўнай задачай камісіі будзе забеспячэнне кантролю за падрыхтоўкай і правядзеннем цэнтралізаваных экзамену і тэсціравання. Напрыклад, за выкананнем правілаў пры пропуску абітурыентаў у пункты тэсціравання, іх рассаджванні падчас правядзення выпрабавання, прыняцце мер па ліквідацыі парушэнняў заканадаўства і іншыя. Сачыць за ходам экзаменаў будуць і на іншых уступных іспытах, якія прадугледжаны для абітурыентаў, якія паступаюць на пэўны шэраг спецыяльнасцяў — філалогія, архітэктура, фізічная культура, творчыя спецыяльнасці і іншыя.

— Гэтыя і іншыя мерапрыемствы служаць адзінай важнай мэце, — зазначыў член пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мірончык. — Каб уступныя выпрабаванні, незалежна ад месца і формы іх правядзення, прайшлі ў спакойнай рабочай абстаноўцы і ў поўнай адпаведнасці з устаноўленым парадкам.

Дарэчы, Міхаіл Уладзіміравіч таксама ўваходзіць у склад Дзяржаўнай камісіі, і ён запэўніў, што з боку яе членаў будуць прадпрынятыя ўсе неабходныя намаганні, каб у кожнай навучальнай установе былі створаны справядлівыя і роўныя ўмовы для абітурыентаў. Ён таксама расказаў, што з пачаткам уступнай кампаніі асноўны сродак зносін — гэта дыялог з абітурыентамі і іх законнымі прадстаўнікамі.

— Зваротаў у гэты «гарачы» перыяд паступае вельмі шмат, — расказвае парламентарый. — Любое з іх мы разглядаем аператыўна. Працуем адкрыта, максімальна празрыста.

Летась Міхаіл Мірончык кантраляваў установы адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў для сферы культуры.

— Калі гаворка ідзе аб цэнтралізаваным тэсціраванні — там усё ясна, — расказвае ён. — Сумоўе, ацэнка мастацкіх работ, танец або выкананне на музычным інструменце — гэта ўжо сур’ёзна. Вядома, узровень здольнасцяў маладых людзей ацэньваюць спецыялісты. Цяжка ацаніць справядлівасць гэтай ацэнкі. Але гэта наш абавязак. Такі вопыт для мяне быў вельмі карысны.

Нагадаем, традыцыйна ўступная кампанія сёлета пачалася з рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне 9 красавіка, а завершыцца 22 красавіка. ЦТ і ЦЭ абітурыенты будуць здаваць у канцы мая — пачатку чэрвеня. Пасля гэтага пачнецца прыём дакументаў у ВНУ і ССНУ. Першымі па ўжо існуючай традыцыі паступаюць мэтавікі: у гэтым годзе прыём дакументаў у іх з 27 чэрвеня па 2 ліпеня, экзамены — з 4 па 10 ліпеня, залічэнне — па 12 ліпеня. З 12 ліпеня па 3 жніўня пройдзе асноўны этап прыёмнай кампаніі ва ўніверсітэтах. У каледжах прыёмная кампанія на ўзровень ПТА пачнецца 15 чэрвеня і завершыцца 23 жніўня. Ва ўстановах ССА прыём будзе праходзіць з 18 ліпеня па 6 жніўня. Агульны план набору ў ВНУ ў 2025 годзе — 48,3 тысячы студэнтаў. У каледжах на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць каля 28 тысяч абітурыентаў, на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 38 600 чалавек.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю