Top.Mail.Ru

Дзіцячыя лагеры па ўсёй Беларусі прынялі першых дзяўчынак і хлопчыкаў на аздараўленне

«Звязда» праверыла, які настрой у гэтым царстве прыгод і новых уражанняў.



Выбар, бяспека, даступнасць

У Гродзенскай вобласці на працягу лета будуць працаваць 62 выхаваўча-аздараўленчыя лагеры, 15 спартыўна-аздараўленчых, 8 палатачных перасовачных з тэрмінам знаходжання 9 дзён, 71 палатачны стацыянарны з 12-дзённым знаходжаннем, дзённыя лагеры — усяго больш за 700 рознай накіраванасці, дзе аздараўленне пройдуць тысячы дзяцей.

— Прадоўжыцца работа абласных профільных лагераў для высокаматываваных дзяцей: «Навука», «Валанцёр — Лідар», «Піянер — Лідар», лагер эколага-біялагічнага профілю «Свет навукі» і тэхнічнага профілю «ТэхнаТРАЕКТОРЫЯ», — расказала дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Наталля Кавалёва.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца рабоце ваенна-патрыятычнай накіраванасці, запланавана адкрыццё новых 96 лагераў і атрадаў, у тым ліку на базе воінскіх часцей, пагранічных застаў. Выкарыстоўваецца практыка арганізацыі палатачных лагераў на базе загарадных стацыянарных.

Будуць дзейнічаць і 77 лагераў працы і адпачынку, дзе чакаюць больш за 1000 навучэнцаў. Заключаны дагаворы з арганізацыямі, якія прымаюць хлопцаў і дзяўчат на працу, вызначаны віды дзейнасці для іх.

1749117244811.jpg

У вобласці старанна рыхтавалі кадры для работы з дзецьмі. На базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі кіраўнікі аздараўленчых лагераў і педагагічных работнікаў. Гродзенскі дзяржаўны абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі рэалізаваў курс «Школа важацкага майстэрства» для студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы. Адбылося шмат семінараў і лекцый, накіраваных на павышэнне кваліфікацыі педагогаў.

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі будзе рэалізавана рэспубліканская акцыя «Лета — дзецям», якая пройдзе пад дэвізам «Няхай будзе мірным неба над зямлёй, няхай вечна дзяцінства звонкае смяецца». Акцыя накіравана на арганізацыю і забеспячэнне змястоўнага і бяспечнага адпачынку, аздараўленне выхаванцаў. Патрыятычнаму выхаванню таксама ўдзяляецца шмат увагі. На працягу лета будзе забяспечаны сістэмны міжведамасны маніторынг работы ўстаноў адпачынку.

Як паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, сярэдні кошт пуцёўкі складзе прыкладна 700 беларускіх рублёў. Аднак цана можа вар’іравацца ў залежнасці ад рэгіёна і тыпу лагера. Дзяржава часткова кампенсуе кошт пуцёвак. Памер кампенсацыі складае каля 40 %. Акрамя таго, мясцовыя ўлады даюць дадатковыя льготы, наймальнікі таксама ўдзельнічаюць у аплаце дзіцячага адпачынку. Дзякуючы такой падтрымцы бацькоўскі ўнёсак за пуцёўку ў стацыянарны лагер можа скласці не больш за 10 % ад агульнага кошту, а ў дзённы лагер — да 5 %.

Раней некаторыя дзеці маглі не атрымаць ільготную пуцёўку ў лагер з-за таго, што па месцы работы іх бацькоў не былі створаны камісіі па арганізацыі аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння насельніцтва. Дзякуючы пастанове № 509 выдача пуцёвак больш не залежыць ад работы бацькоў. Цяпер сям’я можа самастойна выбраць лагер і аформіць пуцёўку. Дастаткова атрымаць даведку аб адсутнасці ў дзіцяці медыцынскіх супрацьпаказанняў да аздараўлення. У будучыні плануецца пакінуць неабходнасць падачы даведкі толькі для дзяцей з пэўнымі супрацьпаказаннямі або з высокай ступенню страты здароўя.

У гродзенскім летніку «Зорка юбілейная», што на беразе возера, да прыёму дзяцей зрабілі рамонт актавай залы, абнавілі ўсе карпусы, устанавілі дадатковыя душавыя кабінкі.

— У змену, якая доўжыцца 15 дзён, лагер можа прыняць больш за 400 дзяцей ад 6 да 

1749117244862.jpg

17 гадоў. Усяго будзе пяць змен, — расказала дырэктар лагера Ілона Саўко. — Штодня ў нас ладзіцца мноства мерапрыемстваў. Для кожнага атрада ў залежнасці ад узросту дзяцей арганізоўваюцца спартыўныя спаборніцтвы і разнастайныя квэсты. Таксама запланаваны выезды ў аквапарк, «Маўглі Парк», інтэлектуальныя турніры і забавы.

Вучаніца гімназіі № 4 імя Д. У. Казакевіча горада Гродна Кацярына Урбановіч адпачывае тут пяты раз:

— З задавальненнем езджу ў лагер, таму што праводжу тут час з карысцю. Кожны дзень максімальна насычаны, ёсць конкурсы, гульні, можна паказаць, што ты ўмееш. І мяне не палохае, што трэба ўставаць рана, што ёсць расклад дня.  Я дакладна ведаю — прыеду сюды яшчэ.

Марыя Ігнаткова, аднакласніца Кацярыны, дадае:

— У лагеры вельмі цікава, добрыя важатыя, шмат розных конкурсаў, заняткаў. Можна знайсці новых сяброў. Мы вельмі класна бавім час!

Да гутаркі далучаецца васьмікласніца СШ № 39 імя І. Д. Лебедзева г. Гродна Арына Фяткевіч:

— Мне ўсё вельмі падабаецца, нават хочацца крыху раней устаць, бо кожны дзень чымсьці адрозніваецца. Шмат зносін, цікавых актыўнасцяў, я ўжо трэці раз прыехала сюды. Упэўнена, што будзе класна!

Два тыдні ўражанняў

Адкрыццё першай змены летняга аздараўленчага лагера «Ластаўка» адбылося пад невялічкі чэрвеньскі дожджык, але гэта нікога не засмуціла. Дзеці з такім запалам выкрыквалі назвы сваіх атрадаў і рачоўкі, што было зразумела — настрой у іх бадзёры і баявы. Наперадзе ў хлопчыкаў і дзяўчынак два тыдні прыгод, адкрыццяў, уражанняў. Усе ў прадчуванні цікавых падзей.

Месца дзеяння — Чавускі раён Магілёўскай вобласці. Сасновы бор, непадалёк маляўнічае вадасховішча Рудэя — тут наогул сумна не бывае. На гэтым тыдні да гоману птушак дадаліся вясёлыя галасы дзяцей.

Для дванаццацігадовай Ксеніі Расадкінай з Крычава гэта першы выезд у стацыянарны лагер. Раней прыходзілася адпачываць у школьным, але гэта не адно і тое ж, лічыць дзяўчына. Яна прызнаецца, што як толькі прыехала сюды, ёй адразу ўсё спадабалася. «Месца класнае, і дзеці добрыя — як дома, рэальна, — кажа яна. — Жыву ў пакоі з сяброўкай з Крычава і яшчэ адной дзяўчынкай з Магілёва. Пасябравалі адразу. І ежа тут вельмі смачная. Спадабалася тварожная запяканка».

Дарэчы, пуцёўка ў лагер абышлася маці Ксеніі ў 64 рублі 75 капеек — каля 10 % ад поўнага кошту. 285 рублёў «пагасіў» рэспубліканскі бюджэт, яшчэ частка сродкаў аплачана Крычаўскім ФАКам, дзе працуе маці Ксеніі.— У гэтым лагеры яшчэ я адпачывала, — усміхаецца Кацярына Сяргееўна. — Потым туды ездзіў мой старэйшы сын. Ксюша падрасла і таксама прыехала. Тут цудоўна. Ды і дапамога дзяржавы істотная. Вельмі прыемна, што мы жывём у краіне, дзе такі клопат пра звычайнага чалавека.

Максім Дзюкаў з Касцюковіч, у адрозненне ад Ксеніі, чацвёрты раз адпачывае ў «Ластаўцы». Прызнаецца, што яму тут падабаецца ўсё. Знайшоў шмат сяброў па інтарэсах. Асабіста ён вельмі любіць спорт, музыку. Кожны вечар у лагеры дыскатэкі. «Тут шмат розных мерапрыемстваў, квэстаў, — кажа юнак. — Няма часу сумаваць. Я і на наступны год сюды прыеду».

Браты Макар і Цімафей — другакласнікі — у летніку ўпершыню. Крыху сумуюць па бацьках, але выхавальніца заўсёды побач. Да таго ж тут так шмат розных цікавых падзей!

Начальнік лагера Сяргей Давыдовіч удакладніў, што на першую змену прыехалі 210 дзяцей. Да сустрэчы з імі тут грунтоўна падрыхтаваліся. Зрабілі касметычны рамонт, дакупілі новую мэблю, абсталяванне, посуд. Толькі адной падлогі пафарбавалі 2,5 тысячы квадратных метраў. Сяргей Іванавіч спадзяецца, што дзеці з карысцю правядуць тут свой час, набяруцца сіл і ўражанняў. Дарэчы, у лагеры на розных пасадах ён працуе 29 гадоў. І адзначае, што вельмі дапамагае функцыянаваць аздараўленчай установе яе ўладальнік — «Магілёўскі мясакамбінат».

Абслугоўваюць адпачывальнікаў 70 чалавек. Адных толькі выхавальнікаў — 30.

Уладзіслаў Пацэйка — студэнт МДУ імя А. Куляшова, будучы настаўнік гісторыі, таму практыка ў якасці выхавальніка пойдзе толькі на карысць.

— Уражанні добрыя, работа цікавая, насычаная, няма часу сумаваць, — кажа ён. — Мне не хапала такой практыкі. У маім атрадзе 25 чалавек. І на гэту колькасць тры выхавальнікі.

IMG_2811.jpg

Старшы выхавальнік Ірына Маісеева ўдакладніла, што праграма адпачынку складзена з улікам інтарэсаў школьнікаў, але з выхаваўчым падтэкстам. Напрыклад, тэматыка першай змены — «Школа супергерояў». Нават на адкрыцці прысутнічалі любімыя экранныя куміры дзяцей — Чалавек-павук, Бэтмен, мульцяшны міліцыянер.

— Яны для школьнікаў — супергероі. І мы праз розныя формы актыўнасцяў будзем развіваць гэту тэму і паказваць, што ў аснове іх учынкаў ляжыць дабро і жаданне ўсім дапамагаць, — кажа Ірына Маісеева. — Наша задача данесці да дзяцей інфармацыю, што супергерой — гэта, па сутнасці, чалавек з моцнай матывацыяй, лідар. Моцнымі іх робяць добрыя справы.

Па словах старшага выхавальніка, у адпачывальнікаў будзе нагода сябе праявіць. Іх чакаюць сустрэчы з цікавымі людзьмі ў рамках праграмы «ШАГ да поспеху», дыялогавыя пляцоўкі.

Паколькі 2025-ы названы Годам добраўпарадкавання, у лагеры пройдзе акцыя з аналагічнай назвай. Акрамя таго, дзецям раскажуць пра лічбавую бяспеку, пра тое, чаму нацыянальная сімволіка — гэта заўсёды гонар. Дарэчы, у кожнай з пяці лагерных змен свой дэвіз. І ўхіл будзе рабіцца на тое, каб раскрыць яго. Згадаюць тут і дваровыя гульні, і асаблівасці беларускіх гарадоў, і ўнікальнасць культурнай спадчыны. Тое, што рабіць гэта тут могуць цікава, сведчыць ужо той факт, што ў «Ластаўку» імкнуцца дзеці з усёй Беларусі. Сярод адпачывальнікаў на гэты раз ёсць мінскія школьнікі. Летась былі нават з Расіі.

У галоўным упраўленні адукацыі Магілёўскага аблвыканкама паведамілі, што праграмы адпачынку ў лагерах складзены так, каб кожнае дзіця магло праз гульню і добрыя справы атрымаць як мага больш карыснай і важнай інфармацыі. Сёлета з выкарыстаннем сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў Магілёўскай вобласці плануецца аздаравіць 48 тысяч школьнікаў. Арганізавана работа 766 лагераў, у тым ліку 636 з дзённым знаходжаннем. З 49 стацыя нарных лагераў — 15 знаходзіцца за горадам. Тры лагеры працуюць на базе санаторыяў «Сосны», «Дубравенка» і «Свіслач». Для аматараў адпачынку на прыродзе ў вобласці функцыянуе 44 палатачныя лагеры з пастаяннай прапіскай і 37 — перасовачных.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтараў


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю