Top.Mail.Ru

Дзмітрый Крутой прадставіў у Магілёве новага памочніка Прэзідэнта

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта прадставіў Надзею Каткавец, прызначаную памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Магілёўскай вобласці, актыву рэгіёна. 


Як паведаміў Дзмітрый Крутой, галоўным крытэрыем прызначэння новага памочніка па Магілёўскай вобласці Прэзідэнт назваў развіццё Магілёўшчыны на перспектыву. 

— Велізарны блок даручэнняў кіраўніка дзяржавы звязаны менавіта з аграпрамысловым комплексам, пачынаючы ад прафілакторыяў для цялят, баз мінеральных угнаенняў, — удакладніў ён. — Прэзідэнт гаварыў аб цэнтралізаванай сістэме закупак, гатоўнасці зернесушыльных комплексаў, перамяшчэнні жывёлы, якасці кармоў... Але важнае і развіццё ўсіх астатніх галін, асабліва прамысловасці, таму што прамысловыя прадпрыемствы рэспубліканскага ўзроўню знаходзяцца тут у не вельмі добрым стане і, зразумела, на эканамічныя паказчыкі вобласці ўплываюць самым сур’ёзным чынам. Таму разбірацца, кантраляваць, глядзець бізнес-планы іх развіцця — гэта адна з асноўных задач. Будаўнічы комплекс, сацыяльная сфера, жыллёва-камунальная гаспадарка — усяму гэтаму трэба ўдзяліць увагу не менш, чым АПК.

Памочнік павінен кантраляваць, адсочваць рэалізацыю рашэнняў Прэзідэнта — тых кірункаў, якія замацаваны ў нарматыўна-прававой базе. 

— Для Магілёўшчыны найперш — гэта развіццё паўднёва-ўсходняга рэгіёна, — падкрэсліў Дзмітрый Крутой. — Абноўленая версія праграмы літаральна гэтымі днямі была падпісана Прэзідэнтам. Важна напоўніць яе праектамі і з улікам усіх заўваг і задач да 2030 года палепшыць паказчыкі. 

Дзмітрый Крутой звярнуў увагу на аналіз і прагноз сацыяльна-эканамічных працэсаў вобласці — фактычна гэта кантроль за рэалізацыяй абласной праграмы развіцця да 2030 года. Па кожным кірунку ў разрэзе ўсіх галін пастаўлены свае задачы, пачынаючы ад тэмпаў развіцця, заканчваючы праектным напаўненнем. Вялікі блок там прысвечаны турызму. Ёсць спадзяванні, што турызм на Магілёўшчыне атрымае новае дыханне і да 2030 года пачне прыносіць больш сур’ёзны плён, чым цяпер.

Кіраўнік Адміністрацыі адзначыў таксама важнасць публічнай дзейнасці памочніка Прэзідэнта, у тым ліку аператыўнае рэагаванне на рэзанансныя публікацыі ў сацыяльных сетках, на скаргі грамадзян. 

Дзмітрый Крутой звярнуў увагу і на тое, што ў рамках кадравых пажаданняў Прэзідэнт шмат увагі ўдзяліў тэме старшыні райвыканкама — гэта звязана з пераразмеркаваннем паўнамоцтваў, якіх у кіраўнікоў раёнаў стала значна больш. Але і патрабаванні ў плане адказу за вынік таксама будуць павялічвацца. 

Адным з самых важных пытанняў застаецца раўнамернае размеркаванне працоўных, эканамічных, фінансавых рэсурсаў па ўсёй краіне. У Магілёўскай вобласці пакуль назіраецца дысбаланс — вельмі значная канцэнтрацыя эканамічна занятага насельніцтва ў двух гарадах — Магілёве і Бабруйску. А трэба паступова развіваць усе раёны, якіх у вобласці 21.
Дзмітрый Крутой выказаў спадзяванні, што Надзея Каткавец з усімі пастаўленымі задачамі добра справіцца, і ўручыў ёй пасведчанне, падпісанае Прэзідэнтам. 

Надзея Каткавец у сваю чаргу паабяцала, што будзе сумленна працаваць на сваёй новай пасадзе. 

— Буду педантычна разбірацца з кожным выпадкам, каб усё было правільна і спакойна, — падкрэсліла яна. — Важна, каб мы разам з кіраўніцтвам вобласці плённа працавалі і кожнае слова Прэзідэнта было выканана. 

У размове з журналістамі Надзея Каткавец звярнула ўвагу і на важнасць работы з людзьмі. 

— Кожны чалавек павінен быць упэўнены, што ў яго будзе работа, што ён зможа забяспечыць сваю сям’ю, сваіх дзяцей усім неабходным, — аргументавала яна. — Людзі павінны быць упэўненыя і спакойныя і за сённяшні, і за заўтрашні дзень, за сваю будучыню і будучыню сваёй сям’і і сваіх дзяцей


Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота Галіна ГАЎРЫЛОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю