У лютым народнай артыстцы Беларусі даверылі адкрыць новы праект Вялікага тэатра «Жыццё ў прафесіі». Але яе багатае прафесійнае жыццё працягваецца, нягледзячы на перажытую цяжкую траўму, і неаддзельнае ад жаночага лёсу, у якім ёсць безумоўнае шчасце: Ірына — маці траіх дзяцей. Таму дзіўна, што для бенефісу прымы-балерыны абралі спектакль «Ганна Карэніна»...
— Здаецца, што Ганна Карэніна — ваш антыпод, калі сыходзіць з чалавечага пункту гледжання: вам больш падыходзяць рамантычныя гераіні…
— У пачатку свайго творчага шляху я не разумела, што мне больш падыходзяць лірычныя партыі, што я не Кармэн, не Кітры. Калі я гляджу свае раннія запісы, то разумею, чаму мяне бачылі ў вобразах больш вытанчаных гераінь. У мяне знешнасць вельмі далікатнай, рамантычнай дзяўчыны. Але кожнай балярыне хочацца паспрабаваць неардынарныя складаныя вобразы. Такія, як Адэта-Адылія. А калі разабрацца, усе ролі рамантычныя — усё пра каханне. Жаночыя ролі разнапланавыя, але ёсць агульная аснова, на якую накладваюцца розныя эмоцыі. Сапраўдная артыстка павінна быць не толькі лірычнай гераіняй.
— Вы даўно танцуеце, папоўнілі свой багаж роляў, але па-ранейшаму вытанчаная дзяўчына. Што дапамагае трымаць форму?
— Маё стаўленне да прафесіі. Я разумею, што балярына павінна быць стройнай. Бо нездарма, калі адбіраюць дзяўчынак у балет, глядзяць, каб была тонкая шчыкалатка, тонкія доўгія мышцы. Але ёсць такі перыяд сталення, калі дзяўчынкі пачынаюць папраўляцца — складана трымаць сябе ў форме, але трэба праявіць характар, навучыцца ў нечым сабе адмаўляць на шляху да мэты. Калі я разумею патрабаванні, то не магу дазволіць сабе выйсці на сцэну, калі ім не адпавядаю. Таму буду гэта карэкціраваць. Канешне, перш за ўсё, харчаваннем. Не трэба есці шмат салодкага. Але я люблю смачныя дэсерты. Мне трэба трымаць сябе ў ідэальнай форме для такіх спектакляў, як «Спартак», «Стварэнне свету». Як казала Мая Міхайлаўна Плісецкая: калі што, рот на замочак…
— Дзеля кар’еры яна многім ахвяравала як жанчына. Вы выбралі іншы шлях. Дзіўна тое, у вас трое дзяцей, і пасля іх нараджэння вы вярталіся на сцэну вельмі хутка…
— У дзяцінстве, калі мы вучыліся, чулі розныя гісторыі пра балерын. Плісецкая пісала аб тым, што яна не гатова дзеля дзіцяці прапусціць сезон. Гэтыя стэрэатыпы потым жывуць з дзяўчынкамі. Але я вельмі люблю дзяцей і ўявіць сабе не магу, што можна ў прынцыпе выбіраць паміж імі і кар’ерай. Адыграла вялікую ролю маё выхаванне і прынцыпы. І разуменне: калі Бог мне дае дзіця, значыць, ён мне дае шчасце быць мамай.
Тое, што я адбылася як балярына — напэўна, лёс. Я не марыла стаць прымай. Проста была дзяўчынкай, якая старалася рабіць усё добра. Да вучобы ставілася адказна. Калі трэба было здаваць іспыты, я да іх сур’ёзна рыхтавалася, у тым ліку па агульнаадукацыйных прадметах, а не толькі па спецыяльных. Імкнулася скончыць каледж з добрым атэстатам. У мяне не было асаблівага імкнення танцаваць вядучыя партыі, хоць у душы такая мара, вядома, жыла. Але мець сям’ю і дзіця ў нейкі момант аказалася больш важна. Мне тады вельмі дапамагала мама, а я хадзіла на працу. Але ж я не магла працаваць дрэнна! Нават у кардэбалеце. Імкнулася быць лепш за ўсіх. Мае сяброўкі і аднакурсніцы імкнуліся адразу танцаваць вядучыя партыі. Я ж для сябе гэта адклала на некалькі год.
Калі вярнулася ў тэатр пасля нараджэння дзіцяці, на мяне звярнулі ўвагу. Перш за ўсё Юрый Антонавіч Траян, які паспрабаваў мяне ў сольных партыях — я была адным з анёлаў у «Стварэнне свету», вагантам у «Карміне Бурана», феяй у «Спячай прыгажуні». А потым Валянцін Мікалаевіч Елізар’еў прапанаваў мне паспрабаваць станцаваць Еву ў «Стварэнні свету». Затым — Машу ў «Шаўкунчыку». Неўзабаве пасля прэм’еры мы паехалі на гастролі, і мне трэба было выйсці ў дванаццаці «Шчаўкунчыках»!..
За адзін сезон у мяне з’явілася каля васьмі роляў — я тады працавала як салістка, а ўжо праз год стала вядучай балярынай. Увайсці ў спектаклі мне дапамагла Людміла Генрыхаўна Бржазоўская, якая была маім педагогам. Але я вельмі ўдзячная Таццяне Міхайлаўне Яршовай, якая мяне падтрымлівае сёння.
Гляджу на фатаграфіі таго часу, калі ўсё толькі пачыналася: я яшчэ зусім юная істота, Юрый Антонавіч мяне называў «аляня Бэмбі», таму што была мініяцюрная. Але мы ўсе, хто праходзіць гэты шлях, разумеем, што жаночае цела з часам мяняецца. У маладосці ў мяне была зламаная плюсневая костачка ў ступні. Наклалі гіпс на паўтара месяца, потым я выйшла — і адразу стала танцаваць, бо малады арганізм аднаўляецца хутка…
— Балет — гэта яшчэ выпрабаванне на трываласць для артыстаў, якія выклікаюць захапленне: здаецца, што яны — жалезныя людзі…
— Калі выходзіш на сцэну, перш за ўсё атрымліваеш асалоду ад працы — важна, каб гледачы гэта адчувалі. Таму падчас прэм’еры «Дон Кіхота» я не адразу зразумела, што здарыўся разрыў крыжападобнай звязкі. Прыйшлося прааперыраваць калена — маю звязкк зараз трымаюць тытанавыя шрубы. Але гэта дае магчымасць працаваць далей! З радасцю чакаю кожны спектакль са сваім удзелам.
— Акалічнасці складаліся так, што вашае вяртанне здавалася фантастычным…
— Ёсць людзі, якія любой цаной імкнуцца змагацца з абставінамі — і правільна робяць, яны могуць атрымаць перамогу. Я чалавек мэты, калі трэба змагацца, — гатовая гэта рабіць. Але для мяне важна спачатку зразумець і прыняць сітуацыю, якую дае лёс, каб усвядоміць, куды рухацца далей. Бо я веру: нічога не адбываецца проста так.
— Як вы набылі веру?
— Вера з сям’і. Мая мама і бабуля вернікі. Я з дзяцінства бачыла, як бабуля моліцца кожны дзень раніцай і ўвечары... Вера дапамагае мне лепш разумець людзей і нейкія падзеі: дае спакой душы. Я для сябе вывела формулу: калі ёсць нейкая эмацыйная сітуацыя, то трэба перажыць ноч, а да раніцы думкі супакойваюцца — і можна прымаць больш узважанае рашэнне. Акрамя таго, я магу знайсці падтрымку ў свайго духоўнага айца, з якім заўсёды раюся.
— У кожнай жанчыны бываюць моманты, калі ўзнікае шмат пытанняў, асабліва, калі ёсць дзеці…
— У мяне быў перыяд, калі я зразумела, што далей павінна спраўляцца сама: я ў разводзе і выхоўваю дзяцей адна. У навуковай літаратуры знаходзіла тлумачэнне таму, што адбываецца з чалавекам у нейкія вельмі эмацыйныя моманты. Было цікава зразумець, як на тое, што адбываецца, рэагуе маё цела, мой мозг, як змяняецца ўнутраны стан. Магу з уласнага досведу засведчыць, што праз час усё супакойваецца, трэба ўмець пачакаць. Асабліва калі ёсць дзеці. Прызначэнне жанчыны — у першую чаргу, быць мамай.
— Вы 10 гадоў з’яўляецеся главой вялікай сям’і і пры гэтым застаяцеся прымай у тэатры. Што ці хто дапамагае?
— За гэтыя дзесяць гадоў у мяне клопатаў у тэатры толькі дадалося: я працую як педагог з артыстамі, а таксама дапамагаю дзецям падрыхтавацца да паступлення ў харэаграфічную гімназію-каледж. Мне гэта падабаецца.
Імкнуся займацца і са сваімі дзецьмі, якія праходзяць розныя перыяды сталення. Канешне, вельмі дапамагае мая мама. Старэйшаму сыну цяпер 25 гадоў, ён дарослы мужчына, які атрымлівае другую вышэйшую адукацыю і пры гэтым працуе. Дома ён узяў на сябе ўсе мужчынскія клопаты — замяніць лямпачку або паправіць кран для яго не праблема. Калі ў мяне была аперацыя, сын заўсёды быў побач, на руках насіў, карміў і быў са мной столькі, колькі патрэбна. Цяпер разам з ім мы выхоўваем малодшых дзяўчынак. У адной з іх пераходны ўзрост. Маленькая займаецца ў балетнай школе Марыны Вежнавец. Кацюшы вельмі падабаецца танцаваць, яна рыхтуецца паступаць у харэаграфічную гімназію-каледж. Вельмі хвалюецца, калі я ёй удзяляю менш увагі, чым іншым дзяўчынкам, таму імкнецца рабіць усё як мага лепш. Уважліва слухае мае заўвагі. Такі перыяд трэба перажыць, калі дзіця цябе будзе ўспрымаць не толькі як маці, а яшчэ і як педагога.
Другая мая кар’ера — гэта тэатр, які я вельмі люблю. З задавальненнем сюды прыходжу і як балерына, і як педагог. Гэта ўжо мой дом. Таму мая мэта — служыць тэатру далей. Адчуваць, што я тут патрэбна і працаваць з поўнай аддачай. Я чалавек адказны. Калі нешта раблю, то хачу, каб усё было ідэальна. Мяне распытвалі: калі не балет, то што я выбрала б у жыцці? Напэўна, нешта, звязанае з матэматыкай. Нават зараз, калі ў дзяцей пытанні па школьных уроках, я дапамагаю ім, калі трэба рашыць ураўненні па матэматыцы.
— Дзеці прыходзяць у тэатр на вас паглядзець?
— Усе дзеці прайшлі праз тэатр, у нас гэта звычайная справа, таму што садкі па вечарах не працуюць... Калі дзеці пачынаюць сталець, у іх з’яўляюцца свае справы, і ў тэатр яны ўжо ходзяць як гледачы. Ксюшы хутка 14, у яе свае інтарэсы. А Каця як маленькая балерына пастаянна ў тэатры, занятая ў спектаклях, у канцэртах. Яна ўжо жыве ў гэтай атмасфэры.
— Ці ёсць для вас партнёры зручныя і нязручныя?
— Прафесіяналы прыціраюцца адзін да аднаго за некалькі рэпетыцый, і на сцэну мы выходзім добра падрыхтаваныя. У кожнай балярыны ёсць перыяд, калі з’яўляецца ўлюбёны партнёр. Калі доўга з кімсьці танцуеш, то да яго і прывыкаеш. У пэўны перыяд мне было вельмі цікава танцаваць з рознымі партнёрамі. Гэта карысны досвед, робішся быццам бы пластылінавая — і ўжо можаш стаць у пару да любога партнёра. Бывае, прыходзяць маладыя хлопцы, і толькі дасведчаная балерына ім можа дапамагчы ўваходзіць у працу…
— Вы з аднаго выпуску з Вольгай Гайко, Марынай Вежнавец. Ці ўплывае на вас адчуванне канкурэнцыі?
— Калі не будзе здаровай канкурэнцыі, артысты не будуць развівацца. Канкурэнцыю неабходна ствараць, для гэтага патрэбны дасведчаны кіраўнік. У нас у тэатры ніхто з артыстаў нікому не шкодзіць. Усе гісторыі пра пуанты для нас нібыта нейкая казка. Мы, артысты, дапамагаем адзін аднаму. Я заўсёды адзначаю, што мне спадабалася ў выкананні іншай выканаўцы, і думаю: а ці змагу я так зрабіць? Некаторыя думаюць, што балет — гэта суцэльныя інтрыгі. Не, у нас тут усё зразумела і адкрыта.
— У вас яркая кар’ера, вы народная артыстка краіны. Складана паверыць, што ў такой жанчыны няма прыхільнікаў…
— Прыхільнікі бываюць. Аматары балета могуць цябе любіць як артыстку. А бываюць прыхільнікі-мужчыны, якія бачаць у табе жанчыну — на іх у мяне няма часу. У мяне праца і дзеці, якія занялі ўсю прастору маёй душы, і для прыхільнікаў у ёй месца не засталося. Калі мы ў маладосці пачынаем з кімсьці кантактаваць, у нас яшчэ няма пэўнага паняцця аб тым, што мы хочам ад партнёра, намі шмат у чым кіруюць эмоцыі, а галава не паспявае нешта абдумваць. Але сэрца — гэта ўсяго толькі мышца, якая пампуе кроў... І я 100 разоў падумаю, перш чым дазволіць сабе нейкія эмоцыі.
— Ці рэальна перасягнуць Плісецкую па працягласці артыстычнай кар’еры?
— Буду служыць тэатру столькі, колькі трэба. У мяне няма адчування, што я выгарэла, і мне няма чаго сказаць гледачу. Наадварот, я вельмі напоўненая, ёсць аб чым разважаць, што танцаваць. З часам артысты пераходзяць з больш складаных роляў у лягчэйшыя, і такіх спектакляў шмат.
— Якая са шматлікіх роляў найбольш блізкая вам?
— Ролі ўсе розныя. І ты як быццам пражываеш іншае жыццё — гэта так цікава! Не магу вылучыць нейкі спектакль. «Анюту» вельмі люблю, «Ганну Карэніну»... А «Лебядзінае возера» — унікальны балет. І «Спячая прыгажуня», дзе ёсць прынцэса Аўрора і фея Карабос, кожная з якіх выклікае свае эмоцыі. А Джульета?.. Колькі спектакляў, дзе гераіня памірае, і ты павінен прапусціць гэта праз сябе. Памятаю, у нейкі момант мне стала цяжка паміраць. На рэпетыцыях смерць Джульеты я ўжо не прайгравала. Ведаю, што маментальна ўключуся на сцэне — і гэта будзе пераканаўча, але потым таксама ў адзін момант выключуся. Я люблю ўсё, нават «Тры парсючкі»…
У звычайным жыцці ў жанчын вельмі часта няма вялікай палітры эмоцый. А балетныя іх могуць атрымаць на сцэне. І дадому я іду за спакоем, за цішынёй.
— Для многіх жанчын паняцце «дом» перакрываецца паняццем «побыт».
— Побыт — гэта калі зацягвае аднастайнасць. У мяне часам няма сіл прыгатаваць ежу — ратуюць хуткія стравы. У нас вельмі просты рацыён. Мая мама жыве за горадам і прывозіць нам грыбочкі, агурочкі, ікру кабачковую... Калі рытм жыцця вельмі хуткі і трэба ўсё паспяваць, то стаўленне да ежы становіцца прасцей. Але яна павінна быць разнастайнай, і абавязкова патрэбна гародніна — я вельмі трапятліва стаўлюся да правільнага харчавання, а цяпер пра гэта столькі цікавай інфармацыі. Я не разумею, як у сям’і можа быць сумна, бо дзецям хочацца ўсё паспрабаваць, з імі можна столькі ўсяго абмеркаваць. А яшчэ ўрокі, адзнакі... Цікавага дома вельмі шмат. Быў бы час…