Тыдзень Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, як гэта часта бывае, пачаўся з прыёму важнага замежнага госця, гэтым разам — Старшыні Арабскага парламента Мухамеда Ахмеда Аль-Ямахі.
Традыцыйна адносіны з арабскімі краінамі Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі ў Рэспублікі Беларусь выбудоўваюцца ў пазітыўным ключы, гэта адзін з тых вектараў нашай знешняй палітыкі, што развіваецца найбольш дынамічна. Але да гэтага моманту такое супрацоўніцтва часцей мела двухбаковы характар, дзе кантакты і дамоўленасці заключаліся на ўзроўні дзвюх нацыянальных дзяржаў. Рэдкім выключэннем стала беларуская ініцыятыва, прапанаваная Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам у канцы 2025 года ў час яго візіту ў Алжыр і Аман. Тады беларускі лідар прапанаваў ідэю стварэння трохбаковага прадпрыемства ў сферы вытворчасці мінеральных угнаенняў, дзе павінна быць рэалізавана сінергія беларускіх тэхналогій, алжырскіх прыродных рэсурсаў і аманскіх інвестыцыйных магчымасцяў і геаграфічнага становішча на скрыжаванні гандлёва-лагістычных шляхоў для выхаду на рынкі Афрыкі і Блізкага Усходу. І ўсё ж гэтае ўзаемадзеянне не ахоплівае ўсе краіны рэгіёна.
У той жа час арабскі свет мае шэраг структур, якія служаць сувязным звяном паміж дзяржавамі Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу і Азіі, ператвараючы іх у магутны палітыка-эканамічны блок, які стаіць на варце суверэнітэту і незалежнасці гэтых краін, каардынуе іх палітычныя, эканамічныя, культурныя і сацыяльныя дзеянні на міжнароднай арэне і ва ўнутранай палітыцы. Такой найважнейшай структурай выступае Ліга арабскіх дзяржаў (ЛАД), якая аб’ядноўвае 22 арабскія краіны Азіі і Афрыкі. А Арабскі парламент — гэта афіцыйны заканадаўчы і прадстаўнічы орган Лігі, які павінен садзейнічаць эканамічнай інтэграцыі, умацаванню міжпарламенцкага супрацоўніцтва і ўніфікацыі заканадаўства арабскіх краін.
Сукупны патэнцыял ЛАД даволі значны. Агульная колькасць насельніцтва краін, якія ўваходзяць у арганізацыю, перавышае 500 мільёнаў чалавек. Эканамічны патэнцыял членаў Лігі арабскіх дзяржаў ацэньваецца ў больш за 3,5 трлн долараў сукупнага ВУП. Ён грунтуецца на каласальных запасах вуглевадародаў (краіны ЛАД кантралююць звыш 50 % сусветных даказаных запасаў нафты і больш за 30 % прыроднага газу), выгадным геастратэгічным становішчы на стыку трох кантынентаў і колькасці маладога насельніцтва, якая працягвае павялічвацца (доля моладзі да 30 гадоў складае тут каля 60 %). Дзяржавы Лігі кантралююць ключавыя геапалітычныя пункты планеты: Суэцкі канал, Баб-эль-Мандэбскі і Армузскі пралівы, праз якія праходзіць асноўны масіў сусветнага гандлю. Інвестыцыйныя фонды толькі трох найбагацейшых краін Персідскага Заліва (ААЭ, Катар, Саудаўская Аравія) кіруюць актывамі на суму звыш 3 трыльёнаў долараў, што ператварае іх у магутных і ўплывовых інвестараў.
Нягледзячы на нераўнамернае эканамічнае развіццё краін ЛАД (разам з багатымі нафтаноснымі дзяржавамі тут ёсць і зусім бедныя з нізкім узроўнем развіцця — Емен, Судан, Маўрытанія, Самалі), а таксама на відавочную ваенна-палітычную нестабільнасць і эканамічную турбулентнасць рэгіёна (ваенныя дзеянні ў Лівіі, у раёне Персідскага заліва і на Блізкім Усходзе наогул), Ліга арабскіх дзяржаў выступае адным з ключавых удзельнікаў сістэмы міжнародных адносін, з’яўляючыся голасам і прадстаўніком глабальнага Поўдня. Краіны — члены ЛАД дзейнічаюць як адзіны блок у Генеральнай Асамблеі ААН, што дае ім магчымасць уплываць на рэзалюцыі па Блізкім Усходзе, правах чалавека, развіцці. Менавіта гэта арганізацыя з’яўляецца галоўным выразнікам інтарэсаў палесцінцаў на міжнароднай арэне. Праз АПЕК і АПЕК+ (дзе ключавую ролю адыгрываюць Саудаўская Аравія, ААЭ, Ірак, Кувейт) арабскія краіны ўплываюць на сусветныя цэны на нафту і глабальную энергетычную стабільнасць. Таксама Дубай, Абу-Дабі, Доха, Эр-Рыяд з’яўляюцца найважнейшымі сусветнымі фінансавымі цэнтрамі, прыцягваючы капіталы з Еўропы, Азіі і Амерыкі.

Таму візіт дэлегацыі Арабскага парламента і яго старшыні Мухамеда Ахмеда Аль-Ямахі ў Рэспубліку Беларусь і сустрэча з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам маюць шматпланавае стратэгічнае значэнне, якое можна разглядаць у палітычнай, эканамічнай і дыпламатычнай плоскасцях.
Асноўнае значэнне візіту заключаецца ў пацвярджэнні высокага ўзроўню даверу і ўзаемаразумення паміж Беларуссю і арабскім светам. Арабскі парламент як прадстаўнічы орган Лігі арабскіх дзяржаў, якая аб’ядноўвае 22 краіны, сваім візітам дэманструе, што Беларусь разглядаецца як важны і надзейны партнёр на міжнароднай арэне. Сустрэча на вышэйшым узроўні з Аляксандрам Лукашэнкам падкрэслівае, што адносіны выйшлі за рамкі выключна эканамічнага супрацоўніцтва і набылі характар палітычнага саюза, заснаванага на блізкасці пазіцый па ключавых пытаннях глабальнага парадку дня.
З палітычнага пункту гледжання візіт азначае сабой салідарнасць арабскіх краін з Беларуссю перад знешнім ціскам і санкцыямі. Для Мінска гэта важны сігнал таго, што мы не ізаляваныя, а маем уплывовых саюзнікаў, якія падзяляюць прынцыпы шматпалярнасці, неўмяшання ва ўнутраныя справы і павагі нацыянальнага суверэнітэту. Для арабскага боку Беларусь з’яўляецца голасам розуму і альтэрнатыўным пунктам гледжання ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях, які прапануе мірныя спосабы ўрэгулявання канфліктаў, што асабліва каштоўна ва ўмовах супрацьстаяння з калектыўным Захадам. Менавіта аб гэтым гаварыў наш Прэзідэнт у час сустрэчы з парламенцкай дэлегацыяй: «У нас ёсць база і істотная аснова ўмацавання нашых адносін — мірны падыход да вырашэння любых пытанняў дыпламатычным шляхам за сталом перагавораў».
Эканамічнае значэнне сустрэчы не меншае за палітычнае. Арабскі свет — гэта не проста рынак збыту, а крыніца інвестыцый. Цесны і даверны ўзровень асабістых кантактаў Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з многімі лідарамі ЛАД, а цяпер і са Старшынёй Арабскага парламента дае магчымасць зняць шэраг бюракратычных бар’ераў і перавесці гандлёва-эканамічныя адносіны на ўзровень прамых дамоўленасцяў. Па выніках такіх сустрэч часта адкрываюцца крэдытныя лініі, падпісваюцца кантракты на пастаўку беларускай тэхнікі, харчавання і ўгнаенняў. Акрамя таго, гэта магчымасць для беларускага бізнесу атрымаць доступ да лагістычных хабаў арабскага свету для рээкспарту сваёй прадукцыі ў Азію і Афрыку. Дарэчы, трэба ўлічваць, што арабскія краіны імпартуюць да 85 працэнтаў прадуктаў харчавання. Беларусь як буйны экспарцёр малочнай прадукцыі, мяса, цукру і збожжа можа закрываць значную частку гэтых патрэб.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што эканамічнае ўзаемадзеянне і ўзаемны гандаль не могуць развівацца без сяброўскіх дыпламатычных адносін: «Парламенцкае вымярэнне, народная дэмакратыя, вяршыняй якой з’яўляецца парламенцкае вымярэнне, адыгрывае ў гэтым працэсе вялікую ролю. Я маю на ўвазе выбудоўванне цесных сяброўскіх адносін, якія былі б заснаваныя на эканоміцы, на эканамічнай базе».
Аляксандр Лукашэнка сцісла ахарактарызаваў для арабскіх гасцей эканамічныя магчымасці нашай краіны: «Вы ведаеце, што Беларусь — магутная машынабудаўнічая краіна, нягледзячы на свае памеры, з развітой сельскай гаспадаркай, медыцынай, адукацыяй, фармакалагічнай вытворчасцю і іншымі кірункамі». І прапанаваў дыверсіфікаваць адносіны з арабскім светам у бок большага збліжэння і ўзаемадзеяння як роўнавялікіх краін, якія зыходзяць з прынцыпу ўзаемнай павагі і выгады.
Для Беларусі сустрэча з дэлегацыяй Арабскага парламента стала чарговым пацвярджэннем статусу нашай краіны як аднаго з ключавых сусветных ігракоў, здольных выбудоўваць дыялог з цывілізацыямі і рэгіёнамі свету, якія знаходзяцца па-за зонай уплыву традыцыйных заходніх цэнтраў сілы. А сам візіт арабскіх парламентарыяў трэба расцэньваць не як звычайнае пратакольнае мерапрыемства, а як стратэгічны крок па ўмацаванні ўзаемадзеяння і інтэграцыі Беларусі ў эканамічныя і палітычныя працэсы глабальнага Поўдня.
Аляксей БЯЛЯЕЎ, палітолаг