Top.Mail.Ru

Дзякуючы адпаведнаму ўказу Прэзідэнта аграэкатурызм у Беларусі набывае другое дыханне

Аўтар:
З вясковым каларытам і прыродным ухілам

Турызм — не проста легкадумнае падарожжа, гэта сур’ёзная эканоміка. У першую чаргу для таго месца, куды прыехаў турыст. Таму і ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады гэты кірунак абазначаны асобна. Мы вырашылі высветліць, як ідуць справы ў гэтым напрамку, на прыкладзе Чэрыкаўскага раёна.

Чым здзіўляць будзеце?

Палацаў і замкаў тут няма, аднак ёсць маляўнічая прырода з цудатворнымі крыніцамі і ўнікальнай Вепрынскай дубровай, гістарычныя мясціны, звязаныя з прыбываннем вядомых асоб Расійскай імперыі і прадстаўнікоў рэвалюцыйнай дзейнасці, невялікі, але змястоўны краязнаўчы музей. Прыродная славутасць — крыніца «Бразгун», існуе нават абрад, звязаны з іконай святых Пятра і Паўла, які ўключаны ў спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.

У самім Чэрыкаве функцыянуе царква Раства Прасвятой Багародзіцы, якая знаходзіцца ў будынку былога Дваранскага схода 

(XІX стагоддзя), ёсць касцёл Дзевы Марыі ў неагатычным стылі, таксама XІX стагоддзя, гарадскі парк, які сведчыць аб прабыванні ў горадзе расійскай імператрыцы Кацярыны Вялікай, помнікі ваеннай гісторыі. Карацей кажучы, паглядзець ёсць што. А ці ёсць дзе прыпыніцца? Можна, вядома, і ў гасцініцы, а можна зайсці на сайт Чэрыкаўскага райвыканкама і паглядзець іншыя варыянты. Там знойдзеце каардынаты некалькіх аграэкасядзіб. Мы асабіста праверылі, чым яны прывабныя.

Гайда ў «Лімень»!

Гаспадар аграэкасядзібы «Лімень» Мікалай ШАНЫГІН родам з Краснапольшчыны, але вырас у Чэрыкаве, дзе і «зачапіўся». Акрамя турыстычнага напрамку займаецца ў райцэнтры дрэваапрацоўкай. 

А аграэкатурызм, прызнаецца ён, гэта для душы. Дарэчы, мой суразмоўнік яшчэ і шматдзетны бацька, выхоўвае траіх дзяцей.

Аграэкасядзібу пабудаваў у гістарычным месцы Чэрыкаўскага раёна — пасёлку Лімень. Пасля рэвалюцыі там некалькі гадоў існавала школа-камуна, створаная Мадэстам Лепешынскім. Дабро на яе даў сам Уладзімір Ільіч Ленін. А да рэвалюцыі, у XVІІІ—XІX стагоддзях, у Лімені быў карэтны двор, потым — суднаверф. Аграэкасядзіба якраз непадалёку ад затокі Сажа, дзе будаваліся і рамантаваліся судны.

— Я пачынаў у 2018 годзе, калі назіраўся попыт на гэты від дзейнасці, — успамінае Мікалай Шаныгін. — Адпачывальнікі прыязджалі і з Еўропы, і з Масквы. Зараз, на жаль, гасцей стала менш, але цікавасць ёсць. І я ўпэўнены, што іх колькасць будзе нарастаць.

Апошнім часам гаспадар аграэкасядзібы надаў сваёй дзейнасці крыху сельскагаспадарчы кірунак. Па яго хадайніцтву сельсавет выдзеліў яму два гектары зямлі, дзе ён збіраецца вырошчваць буякі. Ды з прыроднымі цікавосткамі праблем няма — аграэкасядзіба знаходзіцца, лічы, у лесе, на тэрыторыі заказніка.

Аграэкасядзіба знаходзіцца за высокай агароджай, а перад ёй уладальнік разбіў дэндрапарк. Высадзіў каля тысячы розных дрэў, у тым ліку піхту, лістоўніцу, чырваналісты дуб.

На 40 сотках шмат чаго пабудавана: вялікі двухпавярховы дом з банкетнай залай і пакоямі для адпачынку. У ім створаны ўсе ўмовы, каб сабрацца нават вялікай кампаніяй. Насупраць дома, які я ахрысціла «панскім», знаходзяцца некалькі больш сціплых гасцявых домікаў з усімі выгодамі і нават гарачай вадой. Усе будынкі ацяпляюцца за кошт сваёй жа кацельнай. Для жадаючых самастойна пакухарыць маецца аўтаномная кухня з мангалам і тандырам.

Уразіла лазня з більярднай залай на другім паверсе і невялічкім — 3×3 метры — басейнам. 

На вуліцы яшчэ адзін басейн — з падагрэвам. Зноў-такі з більярднай адкрываецца прыгожы від на лес, а пад самым акном размешчаны саланец для дзікіх жывёл, каб употай назіраць за імі.

Тэрыторыя ўпрыгожаная экзатычнымі дрэўцамі, мясцовы мастак дадаў разыначак. А ў гаражы — сюрпрыз: аўтамабіль, вельмі падобны да таго, што здымалі ў кінакамедыі «Аперацыя „Ы“ і іншыя прыгоды Шурыка». Знакамітая «Маргуноўка» нават на хаду. А яшчэ ёсць квадрацыкл, на якім гаспадар катае гасцей па наваколлі. Збірае Мікалай Шаныгін і экспанаты для будучага музея.

Кінуць якар у «Лілеі»

Яшчэ адно чароўнае месца, дзе любяць прыпыняцца турысты, — аграэкасядзіба «Лілея» Сяргея ДУБЯГІ на беразе Сожа ў вёсцы Мірагошч, гісторыя якой вельмі цікавая і налічвае больш за чатыры стагоддзі.

Ад Чэрыкава да Мірагошчы — некалькі кіламетраў. Мясціны містычныя. Непадалёку знаходзіцца геалагічны разлом ледніковага перыяду, невялікае, але надзвычай таямнічае балотца (яно б магло натхніць Мікалая Гогаля на напісанне працягу «Вія»), урочышча Чэрыкавец, дзе па паданнях мангола-татары авечак «чэрыкалі». Гаспадар гэтыя паданні ведае і вельмі смачна іх умее расказваць.

А яшчэ аграэкасядзіба вядомая музеем якараў. Сяргей Дубяга па адукацыі марак, і гэтай асаблівасцю прасякнуты яго бізнес. Дарэчы, увесь комплекс паслуг на гэтай аграэкасядзібе звязаны з воднай стыхіяй. Для падарожжаў па Сожы ў Сяргея Дубягі ёсць рачное судна з палубай. А летам ён катае ўсіх жадаючых на воднай канапе.

— Вельмі правільна, што наш бізнес вылучылі асобным пунктам, гэта пойдзе яму на карысць, — упэўнены Сяргей Дубяга. — І новы Указ вельмі своечасовы. У 2014 годзе, калі я пачынаў, у раёне было больш за 20 аграэкасядзіб, але тыя ўмовы, якія раней існавалі, прымусілі палову людзей адмовіцца ад гэтай дзейнасці. Цяпер зноў адзначаецца зацікаўленасць.

Турызм — вельмі важны від эканамічнай дзейнасці, на якім можна зарабляць грошы. Тычыцца гэта і аграэкатурызму, адзначае намеснік старшыні райвыканкама Алена СЛЯПЦОВА.

— Прапрацоўваем з актыўнымі грамадзянамі варыянты, каб летам адкрыць яшчэ некалькі аграэкасядзіб. У раёне пакуль 10 аб’ектаў, якія могуць прапанаваць не толькі начлег, але і змястоўную культурную праграму. Людзі ахвотна карыстаюцца іх паслугамі.

Новыя прывілеі і патрабаванні

З 20 лістапада ўступае ў сілу Указ № 275 «Аб развіцці аграэкатурызму», які Прэзідэнт падпісаў у жніўні. Аб некаторых змяненнях, якія змяшчае дакумент, нагадала вядучы эканаміст упраўлення прадпрымальніцтва і турызму Магілёўскага аблвыканкама Анастасія СІПАКОВА:

— Агульная колькасць жылых пакояў у аграэкасядзібе, уключаючы гасцявыя домікі, павялічана з 10 да 15. Пры гэтым на яе тэрыторыі не дапускаецца ўзвядзенне іншых капітальных пабудоў для пражывання, акрамя гасцявых домікаў.

Акрамя таго, удакладнены і дапоўнены новымі пазіцыямі пералік паслуг. Сярод іх — правядзенне каляндарна-абрадавых свят, дэманстраванне прадметаў побыту і нематэрыяльнай культурнай спадчыны, арганізацыя сямейных урачыстасцяў з захаваннем народных звычаяў, наведванне кантактнага заапарка, прадастаўленне пабудоў і тэрыторыі для заняткаў фізкультурай і спортам. Прычым суб’екты аграэкатурызму абавязаны аказаць гасцям не менш дзвюх паслуг, уключаных у пералік, і адна з іх павінна быць абавязковай: гэта або азнаямленне з прыроднымі, сельскагаспадарчымі аб’ектамі і нематэрыяльнай культурнай спадчынай, або забеспячэнне харчаваннем з выкарыстаннем сельскагаспадарчай прадукцыі, або правядзенне майстар-класаў, або правядзенне каляндарна-абрадавых свят.

Указам прадугледжаны і шэраг іншых змяненняў, якія накіраваны на далейшае развіццё гэтай сферы дзейнасці. У прыватнасці, яны датычацца выключэння лімітаў ільготнага крэдытавання суб’ектаў аграэкатурызму і павелічэння максімальных тэрмінаў заключэння крэдытных дагавораў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з сайта rg.ru

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю