Мерапрыемства, якое сёння прайшло ў Магілёве, для работнікаў турыстычнай галіны вельмі важнае. Гэты кірунак - адзін з сямі прыярытэтных, якія ўнесены ў Праграму сацыяльна‑эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады і зацверджаны рашэннем УНС у мінулым снежні. Усё больш актуальным становіцца абнаўленне інфармацыі для прафесіяналаў у сферы турызму, культуры і адукацыі. Цікавасць да мерапрыемства праявіла звыш 60 экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў з 16 гарадоў Беларусі.
— Магілёў — адзін з перспектыўных напрамкаў у беларускім турызме, патрабуе максімальнага прафесіяналізму ад экскурсаводаў, — лічыць дырэктар прадпрыемства «Магілёўаблтурыст» Алена Карпенка. — З гістарычнага пункту гледжання гэта вельмі няпросты горад, яго трэба ўмець правільна паказваць. Недасведчаныя экскурсаводы не змогуць гэтага зрабіць. Менавіта прафесійны экскурсавод — 95 % поспеху тура і прасоўвання прадукту.
Удзельнікі наведалі ў горадзе шмат знакавых месцаў — плошчу Славы, пешаходную вуліцу, касцёл Святога Станіслава, сінагогу, плошчу Зорак, гатэль «Атрыум», прадпрыемства «Магілёўліфтмаш», жаночы Свята-Мікольскі манастыр у Падніколлі. У музеі Славы Магілёўшчыны у іх была магчымасць пагутарыць з прадстаўнікамі мясцовай улады, якія курыруюць турыстычную галіну.

Кіраўнік грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў» Сяргей Бусько перакананы, што Магілёў мае вельмі вялікі турыстычны патэнцыял.
— Горад з’яўляецца terra incognita для большасці і беларускіх, і замежных турыстаў, — кажа ён. — Шмат хто думае, што пасля Вялікай Айчыннай вайны тут нічога цікавага не засталося. Шмат для каго адкрыццё, што тут ёсць ратуша, старадаўні драматычны тэатр, пешаходная вуліца, унікальныя рэлігійныя аб’екты. Што тут шмат цікавых прамысловых экскурсій. Прадпрыемствы «Дамачай», «Магілёўліфтмаш», «Магнат» актыўна прымаюць сёння турыстаў.
У Магілёў прыехала, па сутнасці, тры пакаленні экскурсаводаў, пачынаючы ад маладых, толькі што атэставаных, заканчваючы тымі, хто пачынаў сваю дзейнасць у часы існавання яшчэ Савецкага Саюза. Паездка стала карыснай і для першых, і для другіх.
— На працягу сямі гадоў мы спрабуем падняць адукацыйны ўзровень экскурсаводаў, даць ім больш ведаў, метадычных прыёмаў, больш пэўных навыкаў, уменняў, практык, якія будуць ім карысныя ў рабоце, — удакладняе Сяргей Бусько. — Калі мы гаворым аб турызме як аб развіцці эканомікі, магілёўскія ўлады, трэба аддаць належнае, актыўна працуюць у гэтым кірунку. Горад развіваецца, і трэба ведаць, як сюды вазіць турыстаў. Ён можа быць уключаны і ў трансгранічны маршрут — Смаленск, Магілёў, Віцебск. А маршрут Бабруйск - Рагачоў - Жылічы - Чырвоны бераг наогул прэтэндуе на званне Залатога кальца рэгіёна. Мы зараз актыўна працуем з Нацыянальным агенцтвам па турызме. Новы турызм — гэта цікавае рашэнне з новым бачаннем.

Гід-перакладчык з Мінска Людміла Касцюковіч прызналася, што такія семінары дазваляюць папоўніць багаж ведаў і зарыентавацца, у якім напрамку рухацца.
— Экскурсаводы — гэта, уласна кажучы, фрылансеры, — кажа яна. — Турыстычным кампаніям нявыгадна трымаць круглы год у штаце экскурсаводаў. А ў сезон, калі лета, мы запатрабаваныя. У астатні час ёсць магчымасць павысіць сваю кваліфікацыю, даведацца пра новае, пабываць у бібліятэках, пагутарыць з калегамі. І вось гэты семінар якраз адзін са спосабаў даведацца пра цікавыя аб’екты. Беларускае таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў раз на тыдзень арганізуе цікавыя экскурсіі, у тым ліку і на аб’екты прамысловага турызму. У Магілёве, напрыклад, наведалі вытворчасць, дзе робяць ліфты. І гэта цікава. У нас краіна са сваёй культурай, гісторыяй, у нас няма такой колькасці помнікаў архітэктуры, славутасцяў, як у іншых краінах. Але ў нас ёсць цікавая гісторыя, унікальная прырода, тыя ж прадпрыемствы. БелАЗ, напрыклад, ва ўсіх выклікае вялікае захапленне.
Выпускніца Магілёўскага сацыяльна-гуманітарнага каледжа Аліна Алейнікава з разраду маладых экскурсаводаў. Два гады таму яна прайшла прафесійную атэстацыю экскурсаводаў, абараніла адразу некалькі тэм — аглядную экскурсію па Магілёве, пуцявую інфармацыю ад Магілёва да Мінска і тэму «малой радзімы», якая ўключае ў сябе Шклоў, Александрыю і Копысь. Летась яна дадаткова абараніла тэму па Гомелі і яшчэ адну па Магілёве.
— У мяне вялікія планы, — усміхаецца яна. — Буду атэстоўвацца і далей, абараняць новыя маршруты і, вядома, працаваць па іх. Мая спецыяльнасць маладая, і моладзі, па маіх назіраннях, яна падабаецца. Яна накіравана на тое, каб прывіць цікавасць да вывучэння роднага краю і папулярызаваць яго.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара