Top.Mail.Ru

Эксперт: Перамога — гэта не толькі аб гераічным і векапомным мінулым, а і аб сучаснасці і будучыні

Пераможная цывілізацыя. Менавіта такое паняцце павінна з’явіцца ў нашых кнігах, энцыклапедыях, навучальных праграмах, на вуснах палітыкаў, экспертаў, лідараў меркаванняў. Менавіта гэтага патрабуюць нашы сэрцы.

Перамога — гэта не толькі аб гераічным і векапомным мінулым, а і аб сучаснасці і будучыні. Перамога аб’ядноўвае людзей і краіны. Перамога — найлепшы рэнтген для ўнутранага «я» і самае дакладнае люстэрка.

Так свет яшчэ ніколі не змяняўся, як за апошнія дзесяцігоддзі. Я не пра тэхналагічнасць — я пра гістарычную праўду, якую спрабуюць сцерці, і пра ісціну, якую імкнуцца скрасці, пра нармальнасць, загнаную пад абцасы імперыі хлусні. І прычына не толькі ў глабалізацыі эканамічных і прамысловых адносін: экспансіі брэндаў, але найперш экспансіі палітычнай. А каб утрымаць сваё дамінаванне, заходняя кааліцыя, дакладней нават кааліцыя транскарпарацый, займаецца экспансіяй сэнсаў.

Пры сучасных бязмежных магчымасцях перадачы інфармацыі гэта зрабіць вельмі лёгка. Любы кантэнт, створаны заходнімі ўніверсітэтамі, карпарацыямі, лабараторыямі спецслужбаў імгненна атручвае ўсю сусветную інфармацыйную прастору. Звышпрыбытак — штандар «новага све-

тапарадку». Нацызм цяпер звязаны не толькі з нацыяй, але і з дыктатурай чужых сэнсаў, таму Перамога мае патрэбу ў абароне. Яе спрабуюць скрасці, высмеяць, спаганіць. Усё проста — б’юць прыцэльна і кропкава, спадцішка і пастаянна па найважнейшым і галоўным. Не важна, які перыяд у нас з Захадам — адкрытай канфрантацыі, дыспутаў па закрытых каналах ці дыпламатычных усмешак, — Перамогу спрабуюць дэвальваваць, а лепш адабраць.

Раней нас спрабавалі купіць «гуманітаркай», а цяпер «фінансаваннем гуманітарнага супрацоўніцтва». І заўсёды нам прапаноўвалі забыццё, а зараз навязваюць сорам за Перамогу. Такім чынам хочуць вырваць з каранямі самае святое. Прычын некалькі. Самая відавочная: такой Перамогі больш няма ні ў аднаго народу свету — толькі ў савецкага, а значыць, пераемнікаў СССР. І мы — беларусы — не адмовіліся ад гэтай спадчыны нават у гады ўсеагульнага пакланення заходняму «залатому цяляці». Ці не гэта памяць захавала нас?

Бо 9 Мая — гэта наша галоўная легітымацыя сучаснай дзяржавы і нацыі — заснавальніцы ААН. За ўвесь Савецкі Саюз падпісаўся міністр замежных спраў СССР, ураджэнец Беларусі, Андрэй Грамыка. Беларусь — краіна герояў. Абрысы свету раўнапраўя добра праглядаюцца з Кургана Славы. Аперацыя «Баграціён» на месца паставіла не толькі складальнікаў плана «Барбароса», але і ўсіх каланіялістаў. З вышыні нашага Кургана Славы бачныя ўсе манументы барацьбы за незалежнасць краін Глабальнага Поўдня.

Перамога — гэта не бутаньерка, якую можна зняць і схаваць да наступнага года: альбо мы жывём у сістэме каардынат цывілізацыі Перамогі, альбо гэта не мы і, як вынік, схіляем галовы перад дыктатурай заходняга свету. Мы ніколі не сеялі і не сеем тратыл, а толькі зярняты мірнага супрацоўніцтва. А вось наша зямля паранена і пераарана чужой акупацыяй. Перамагчы тады не змаглі, цяпер спрабуюць адабраць Перамогу. Як жа трэба ненавідзець сваіх продкаў, каб сеяць у сучасным грамадстве непрыманне гераізму, стомленасць агульнанародным і ўсесаюзным подзвігам, прымушаць глядзець на 9 Мая як на дату смерці, гора і плачу.

Калі мы забудзем, як нас ператваралі ў донараў іх дабрабыту, у попел, у абажуры таршэраў і матэрыял для плашчоў СС. Калі мы забудзем сцяг над рэйхстагам і дарогі да мемарыялаў. Калі мы выберам аўтабаны замест сцяжынак да магіл франтавікоў і блокбастары «Марвел» замест «Ідзі і глядзі»... Мы страцім сябе, сваю будучыню.

Памятайце, як у нас забіралі Радзіму, а ўзамен прапанавалі скрыні «ножак Буша» і гіры глабалізацыі? З чаго яны пачыналі? З апаганьвання подзвігу Перамогі. Герояў ператваралі ў варвараў, партызан — у зладзеяў, а вымушаны гістарычны выбар — у агрэсію. Што цяпер змянілася? Усё тыя ж гебельсаўскія фэйкі і запрашэнне стаць остарбайтарамі. Толькі цяпер замест агнямётаў — тэхналогіі культурнай экспансіі. Гендарны нацызм. Тое ж абгрунтаванне заваёвы жыццёвай прасторы. Тыя ж «рэакцыйныя антыгуманістычныя тэарэтыкі».

Радзіму і Перамогу нам у 1990-я вярнуў наш Прэзідэнт. А мы ўсё патрабуем ад яго камфорту. Падаткі паменш, жыллё танней, дарогі яшчэ лепшыя. Нядрэнна. Галоўнае — прыярытэты не памяняць месцамі.

Цяпер выпальваюць не нашы гарады і вёскі. Выпальваюць нашу свядомасць. Цела пакідаюць. Адэптам рымскага і більдэрбергскага клубаў патрэбныя рабы. Спажыўцы паслуг. Крэдытаатрымальнікі. Патрэбны не людзі, а акаўнты. Але пакуль мы памятаем імя сваё — спадчыннікаў пераможцаў — не выйдзе. Пакуль пад вокнамі ветэранаў ладзім канцэрт — не атрымаецца. Пакуль гарыць Вечны агонь — жыве наша цывілізацыя Перамогі.

Што вашы трафальгарскія плошчы і елісейскія палі, нью-ёрскія біржы і еўрапейская готыка? Зірніце на нашу плошчу Перамогі. Што вашы «свабоды» брусельскіх офісаў — зірніце на наш Дзень Перамогі.

У кожнай нашай сям’і — дзеці Хатыні, спаленых пушчанскіх вёсачак ці палескай Дальвы. У кожнай нашай сям’і — героі. Вызваліцелі Еўропы. Франтавікі. Разведчыкі. Мне большага 

шчасця і не трэба было, калі мой дзядуля ў шэрагу ветэранаў ішоў на мітынг. Ні ў багатага амерыканскага фінансіста, ні ў чапурыстага англійскага лорда, ні ў вытанчанага француза, ні ў абвешанага гаджэтамі японца няма такога дзядулі. І не будзе. А ў мяне ёсць. А тое, што яны, нашы героі, цяпер у іншай калоне — нябеснай, — не бяда. Яны на нас глядзяць зверху. Гэта нябесны суд сумлення. Зірніце ў вочы сваіх франтавікоў — яны не дадуць памыліцца.

Тыя, для каго 9 Мая — Дзень Вялікай Перамогі, жывыя. Тыя — нашы, сапраўдныя. За імі будучыня. Правільна ідзём — у калонах пераможцаў. Нашы дзяды і прадзеды па-пластунску, перабежкамі, але дайшлі. Падняліся з руін. А на папялішчах Беларусі вырас новы сад. Яблыневы цвет — прыкмета жыцця. Жывём. За сябе і за таго — кожнага трэцяга. Трэба паспець зрабіць за тых, хто даў нам гэтую магчымасць — жыць і працаваць пад мірным небам. Мы — цывілізацыя Вялікай Перамогі.

Яўген ПУСТАВОЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю