Top.Mail.Ru
179

Экзаменацыйны марафон стартуе 26 мая

Спіс топавых прадметаў не змяніўся

Рэгістрацыя на цэнтралізаваны экзамен скончылася — сёлета здаваць яго будуць 59,1 тысячы чалавек, паведамілі ў Міністэрстве адукацыі.

У ведамстве таксама канстатавалі, што топ самых папулярных прадметаў не змяніўся з мінулага года. Лідзіруе ў гэтым спісе руская мова. Зрэшты, такую ж выснову можна было б зрабіць і пасля рэпетыцыйнага экзамену, які прайшоў у студзені — большасць школьнікаў тады выбралі рускую мову. Акрамя гэтага прадмета — а яго будуць здаваць 48,6 тысячы чалавек — 19,4 тысячы будучых выпускнікоў спыніліся на матэматыцы, 12,6 тысячы — на грамадазнаўстве і 11,8 тысячы — на біялогіі.

Экзаменацыйны марафон стартуе 26 мая са здачы экзамену па выбары. 29 мая выпускнікам трэба будзе праверыць свае веды па рускай або беларускай мове.

Тым, хто збіраецца здаваць хімію, фізіку і геаграфію, варта памятаць, што рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне ўжо пачалася і працягнецца да 22 красавіка. Часу дастаткова, каб будучыя абітурыенты змаглі канчаткова вызначыцца з прадметамі, якія ім неабходна будзе здаць для паступлення ў ВНУ на выбраныя спецыяльнасці.

У Міністэрстве адукацыі азнаёмілі і з тэрмінамі праходжання экзаменаў. 26 і 29 мая і выпускнікі, і абітурыенты ў адзін дзень здаюць адны і тыя ж прадметы. 2 чэрвеня цэнтралізаванае тэсціраванне пройдзе па матэматыцы, біялогіі, геаграфіі і замежнай мове. 5 чэрвеня — ЦТ па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі, грамадазнаўстве, хіміі і фізіцы.

Рэзервовымі днямі вызначаны 18 чэрвеня — па ўсіх прадметах, 20 чэрвеня — па астатніх прадметах, якія ўваходзяць у спіс вучэбных прадметаў для правядзення ЦТ. 22 чэрвеня адбудзецца экзамен па рускай і беларускай мовах.

Майце на ўвазе

З 9 красавіка ў Міністэрстве адукацыі пачала работу гарачая лінія, якая будзе працаваць да 14 жніўня. Скарыстацца ёю можна па тэлефоне +375 17 222 43 12 у буднія дні з 09.00 да 18.00, перапынак — з 13.00 да 14.00.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы Голад

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю