Top.Mail.Ru

Формула беларускай згоды: міралюбнасць, парадак і дом, у якім хочацца жыць

Многія думаюць, што словы «патрыятызм», «міралюбнасць», «згуртаванасць» — гэта толькі прыгожыя філасофскія паняцці, якія, на жаль, з’яўляюцца толькі абстрактнымі фігурамі маўлення і не маюць рэальнага, матэрыяльна ўвасобленага і вымеранага зместу. Паспяшаемся пераканаць у адваротным скептыкаў. Чалавецтва ж дастаткова даўно вынайшла інструмент для лічбавага вымярэння духоўных абстракцый і ўмела ім карыстаецца. Гэты інструмент — навука сацыялогія.


Сёння сацыялогія — гэта не проста мова сухога лічбавага аналізу, а своеасаблівы барометр народнага духу, з дапамогай якога можна вымераць настрой грамадства, высветліць яго сацыяльнае самаадчуванне, пацвердзіць або абвергнуць правільнасць той палітыкі, што ажыццяўляецца дзяржавай. 

На мінулым тыдні Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі прэзентаваў першую частку вынікаў маштабнага рэспубліканскага даследавання, праведзенага летам 2026 года па заказе БІСД. Апытанне, якое ахапіла амаль сотню населеных пунктаў па ўсёй краіне — ад сталіцы да сельскіх раёнаў, — стала своеасаблівым аб’ектыўным люстэркам нашага грамадства і прадэманстравала найбольш выразны сацыякультурны партрэт сучаснага беларуса: чалавека, які цэніць сацыяльную стабільнасць, згуртаванага, працавітага, глыбока прывязанага да роднай зямлі і.

Аналізуючы сухія лічбы сацыялагічнага даследавання, лёгка зразумець фундаментальныя каштоўнасці нашых грамадзян: гэта дом, спакой і мір, сям’я. Калі заходзіць гаворка пра жыццёвыя прыярытэты, беларускае грамадства дэманструе дзіўную цэльнасць. Абсалютным лідарам сярод асабістых каштоўнасцяў выступае здароўе — яго ключавой апорай назвалі 80,8% рэспандэнтаў. Следам за ім ідуць сям’я (60,9%) і душэўны супакой і камфорт (39,1%), якія нашмат апярэджваюць імкненне да статусу або забаў. Гэта ўсяляе аптымізм, бо наша грамадства даўно падвяргаецца дакучлівай апрацоўцы ліберальнымі «каштоўнасцямі», дзе ў якасці прыкладу для пераймання нам падсоўваюць асабісты поспех, кар’ерызм, эгаістычны індывідуалізм. З дапамогай разбуральных заходніх «ідэалаў» нашыя палітычныя праціўнікі дзесяцігоддзямі спрабавалі правесці дэканструкцыю грамадскай свядомасці беларусаў, атамізаваць наш соцыум, ператварыўшы яго ў масу, якой лёгка кіраваць. Але не атрымалася, у чым немалая заслуга дзяржаўнай палітыкі, на чале якой стаіць Прэзідэнт, у сферы ідэалогіі, сямейнага выхавання, здаровага ладу жыцця і трансляцыі традыцыйных каштоўнасцей. Беларускі менталітэт сёння — гэта філасофія спакойнага, стваральнага быцця. Для жыхароў нашай краіны крытычна важны ўтульны сямейны ачаг, мірны рытм жыцця і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Больш за 75% удзельнікаў даследавання маюць дзяцей, а ідэал шматдзетнасці (двое і больш дзяцей) застаецца базавым арыенцірам для пераважнай большасці сем’яў.

Калі ў цябе надзейны тыл у выглядзе моцнай сям’і, калі дух твой спакойны і пазітыўны, то нехаця пачнеш аглядацца і аналізаваць навакольнае жыццё, шукаючы нагоду для радасці і гонару. 

Галоўнай падставай для нацыянальнага гонару 85,2% беларусаў аднадушна назвалі мірнае жыццё. У эпоху сусветнай нестабільнасці ўсведамленне бяспекі становіцца падмуркам грамадзянскай ідэнтычнасці. І тут, безумоўна, нельга не сказаць словы падзякі нашаму Прэзідэнту! Аляксандр Лукашэнка больш як за тры дзесяцігоддзі свайго кіраўніцтва краінай удзяляў праблеме бяспекі і міру неаслабную пастаянную ўвагу. Тое, што Беларусь шчасліва пазбегла долі многіх постсавецкіх рэспублік і не скацілася ў жах грамадзянскай вайны (па нацыянальных, моўных, рэлігійных ці іншых прычынах), тое, што нам удаецца адстойваць свой суверэнітэт і абараняць мірнае неба над галавой, калі вакол у рэгіёне палаюць сапраўдныя войны, — гэта прамы вынік мудрай палітыкі, якую праводзіць кіраўнік дзяржавы. І гэта рэальная нагода для гонару.

Але свой гонар нашы грамадзяне звязваюць і са зразумелымі матэрыяльна-бытавымі дасягненнямі: высокай якасцю айчынных прадуктаў харчавання (62,5%), чысцінёй і добраўпарадкаваннем гарадоў і вёсак (57,9%), захаваннем гістарычнай памяці (37,9%), моцнай сацыяльнай абароненасцю (36,0%). Гэта тое, што кідаецца ў вочы любому іншаземцу, які прыязджае да нас, і выклікае ў яго непадробнае захапленне. І цудоўна, што самі беларусы таксама сталі заўважаць, цаніць і ганарыцца гэтымі сацыяльнымі дасягненнямі!

Ацэнкі якасці жыцця ў канкрэтных населеных пунктах таксама дэманструюць высокі ўзровень задаволенасці. Агульны сацыяльна-эканамічны ўзровень развіцця свайго месца жыхарства станоўча ацэньваюць 71,2% рэспандэнтаў. Працай грамадскага транспарту задаволены 72,2%, якасцю дарог — 70,4%, а інфраструктурай гандлю — 87,9% апытаных.

І ўсе гэтыя дасягненні — вынік павагі да працы і стварэння, якія нашы грамадзяне ўбіраюць з малаком маці. Працавітасць — фундаментальная рыса беларусаў. Грамадства дэманструе высокую павагу да людзей стваральных прафесій: педагогам, урачам, інжынерам, спецыялістам IT-сферы і юрыстам. Задаволенасць працай медыцынскіх устаноў у сваім населеным пункце адзначаюць 64,9% грамадзян, аддаючы належнае нялёгкай працы спецыялістаў, чыя прафесія напрамую звязана з галоўным прыярытэтам нацыі — здароўем. Выбіраючы будучую сферу працоўнай дзейнасці для сваіх дзяцей, прыярытэт нашы грамадзяне аддаюць медыцыне — 16,8%. Потым ідуць лічбавыя тэхналогіі (7%), тэхнічная сфера (4,5%), юрыспрудэнцыя (4,4%), адукацыя (4,3%). Цікава, што фінансавая сфера далёка не ў прыярытэце (усяго 2,4%), саступаючы, напрыклад, рабочым спецыяльнасцям (3,8%) і сілавым структурам (3%). Гэта яшчэ раз пацвярджае тэзіс, што беларусы — людзі стваральнай працы, заснаванай на ведах і ўменнях, але ніяк не на падмане і спекуляцыях.

Не гонячыся за вялікімі грашыма, тым не менш больш за 82% апытаных выказваюць задаволенасць сваім матэрыяльным становішчам і ўмовамі для працы, што пацвярджае паспяховасць курсу на гарманічнае развіццё рэгіёнаў.

Адна з самых яркіх высноў даследавання — трывалая сувязь грамадзян са сваёй краінай. У грамадстве сфарміраваўся ўстойлівы імунітэт супраць эміграцыйных настрояў — гатовы з’ехаць на пастаяннае месца жыхарства за мяжу ўсяго 1,7% апытаных. Нават у якасці турыста пакінуць родныя мясціны хацела б менш за палову рэспандэнтаў (48,6%) Пераважная большасць беларусаў звязваюць сваю будучыню, вучобу і прафесійнае развіццё выключна з Рэспублікай Беларусь. Усвядомлены патрыятызм, жаданне жыць і працаваць на роднай зямлі — гэта не абстрактны лозунг, а паўсядзённая жыццёвая стратэгія.

Вынікі нават першай часткі летняга сацыялагічнага даследавання 2026 года падводзяць нас да важнай праўды: беларусы — гэта адзіная, згуртаваная, але пры гэтым міралюбівая нацыя. Наш патрыятызм — стваральны, а не агрэсіўны. У беларускім менталітэце няма месца экспансіі ці пагрозам у адрас суседзяў. Беларус хоча жыць у міры з усім светам, гадаваць дзяцей, уладкоўваць свой дом, сумленна працаваць на роднай зямлі і захоўваць душэўны спакой. Гэта і ёсць галоўная формула нацыянальнага характару, даказаная навукай.

Аляксей БЯЛЯЕЎ, палітолаг

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю