Служэнне справам міласэрнасці гэта своеасаблівы подзвіг, бо патрабуе ад чалавека вялікай самааддачы, нават ахвярнасці. Ірына Бабіч сястра міласэрнасці Мінскай епархіі расказвае, што прыйшла ў сястрыцтва па клічу сэрца. Па сваёй першай прафесіі яна журналіст, зараз працуе з дзецьмі ў нядзельнай школе пры храме і нясе паслушэнства — дапамагае хворым з анкадыспансеру.
— Ходзім па палатах, рыхтуем людзей да споведзі, прычашчэння, псіхалагічна іх падтрымліваем, — кажа яна. — Сястрыцтва ў нас зусім маладое, а да гэтага быў добраахвотніцкі рух дапамогі анкахворым. Наш храм у гонар іконы Божай маці Усецарыцы наведваюць у асноўным анкапацыенты і медыкі. Калі знаходзішся побач з імі і бачыш, якое вялікае сэрца ў чалавека, які хварэе, як ён клапоціцца пра іншых, пачынаеш думаць, а чаму я так не раблю. І — мяняешся.

Там, дзе патрэбныя сёстры міласэрнасці, шмат болі. І гэты боль трэба часткова браць на сябе.Ніна Катлярова з Магілёва справамі міласэрнасці займаецца гадоў 15. Прыйшла ў храм і апынулася пад уздзеяннем пропаведзі айца Сергія, які заклікаў дапамагаць бліжнім. Яго словы вельмі яе зачапілі і яна ўступіла ў сястрыцтва пры Магілёўскай епархіі. Сёстры неслі паслушэнства пры медыцынскіх установах. Асабліва цяжка было працаваць у хоспісу. Але было разуменне, што духоўныя бяседы былі вельмі неабходныя пацыентам. Жанчыне на ўсё жыццё запомніўся адзін з яе падапечных — Генадзь. Жонка, якую ён вельмі моцна кахаў, таксама памерла ад анкалогіі. І ён кожны раз пытаўся, ці сустрэнецца пасля смерці са сваёй любай Тамарай. Казаў, што на зямлі акрамя яе яму нічога больш не патрэбна. І нават з радасцю рыхтаваўся да той сустрэчы...
У 12-гадовай Сафіі з Мінска вопыт ў сястрыцтве яшчэ невялікі, але яна разумее важнасць сваёй місіі. Яна дапамагае маленькім пацыентам Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, суправаджае свайго бацьку свяшчэнніка, калі ён ходзіць па палатах і прычашчае хворых дзяцей. Сафія добра ведае, што жыццё гэта бясцэнны дар і трэба радавацца кожнаму дню. Пра гэта яна і кажа сваім хворым аднагодкам.
На Форум сясцёр міласэрнасці Беларускай Праваслаўнай Царквы (БПЦ) прыехала болей чым 200 прадстаўніц сястрыцтваў з усёй краіны. Удзел у мерапрыемстве прынялі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх ўсяе Беларусі, прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкама, Міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, а таксама аховы здароўя, духавенства, сёстры міласэрнасці.

На выставе можна было ўбачыць, якой дзейнасцю займаюцца сёстры міласэрнасці пры розных епархіях. Насамрэч, напрамкаў дзейнасці шмат. Гэта не толькі нагляд за пацыентамі бальніц, а і патранаж за грамадзянамі пажылога ўзросту, удзел у рабоце аддзяленняў па рэабілітацыі, работа з асобамі, вызваленымі з месцаў пазбаўлення волі, нарказалежнымі, гуманітарная дапамога і гэтак далей. Сустрэча стала важнай пляцоўкай для абмеркавання пытанняў служэння міласэрнасці, духоўнага акармлення, сацыяльнага і медыцынскага служэння ў сучасных умовах. І яшчэ больш паспрыяла ўмацаванню супрацоўніцтва паміж БПЦ, дзяржавай і грамадскімі арганізацыямі ў сферы дабрачыннасці і сацыяльнага служэння.
— Сёння рух сясцёр міласэрнасці, дзякуй Богу, у Беларусі развіваецца, прыносіць свой добры плён, але заўсёды ёсць магчымасць абмеркаваць, якія існуюць цяжкасці, перспектывы развіцця і як лепшы вопыт яго як мага шырэй увасобіць у жыццё, — адзначыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх ўсяе Беларусі. — Міласэрнасць, якую на сістэмнай аснове аказваюць нашы сёстры, дапамагае людзям пераадольваць хваробы, захоўваць добры настрой, змагацца са слабасцю. Гэта вельмі няпростае служэнне, бо ў кожнага ёсць і свае клопаты, і цяжкасці, хваробы. Часам трэба ісці да людзей, пераадольваючы нейкія свае немачы, недасканаласці, праяўляць добрыя якасці.
У справе міласэрнасці з Беларускай праваслаўнай царквой вельмі цесна супрацоўнічае Беларускі Чырвоны Крыж. Яго старшыня Дзмітрый Шаўцоў паведаміў, што сёння такая дапамога аказваецца па шматлікіх напрамках, у тым ліку і пры рабоце з цяжкімі падлеткамі, з украінскімі грамадзянамі і іншымі катэгорыямі грамадзян.
Начальнік галоўнага ўпраўлення сацабслугоўвання і сацдапамогі Мінпрацы і сацабароны Кацярына Каляда выказала ўдзячнасць Беларускай праваслаўнай царкве за бескарыслівую дапамогу ў агульнай рабоце. Яна адзначыла, што сёння сацыяльным установам краіны дапамагае каля трох тысяч сясцёр міласэрнасці. Сёстры працуюць на добраахвотных пачатках, але, як нагадала Кацярына Каляда, ёсць магчымасць атрымаць пэўную кампенсацыю за свае паслугі ў рамках выканання дзяржаўнага сацзаказу. Гэта, магчыма, кагосьці, матывуе далучыцца да вельмі важнай гуманнай дзейнасці. Дарэчы, сёння ў рэспубліцы жыве болей чым 1,7 мільёна грамадзян старэй за 65 гадоў і шмат каму з іх патрэбна дапамога.

Наогул, даведацца пра тыя праекты, якія сёння рэалізуюцца па лініі сястрыцтва, можна на сайце «Сэрца Беларусі». А на тэлеграм-канале Асацыяцыі сястрыцтва можна нават прасачыць пры якіх сацыяльных або медыцынскіх установах існуюць пакоі духоўнай дапамогі. Як удакладніў старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню БПЦ Раман Арцёмаў, сёння многія пацыенты медыцынскіх устаноў і састарэлыя грамадзяне зацікаўленыя ў такой інфармацыі.
Ён таксама паведаміў, што ўжо распрацаванае палажэнне аб правядзенні конкурсу «Сэрца міласэрнасці», дзе ў пяці намінацыях будуць выяўляць найбольш актыўных прадстаўнікоў сястрыцтва.
Форум уключаў у сябе яшчэ і практычны складнік. На базе Магілёўскай епархіі былі арганізаваныя інтэрактыўныя заняткі па абмене вопытам у розных відах дзейнасці.
Як адзначыў архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Уладыка Сафроній, усе мы маем патрэбу ў дапамозе і міласэрнасці, але Бог заклікае, каб усе мы самі былі міласэрныя.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара