Top.Mail.Ru

Гарачая лінія па пытаннях засялення ў інтэрнаты стартуе ў БДУ 20 жніўня

Яна будзе працаваць па 29 жніўня. Студэнты і іх бацькі змогуць пазнаёміцца з дадатковай інфармацыяй аб працэсе засялення, неабходных дакументах, жыллёвых умовах і правілах унутранага распарадку. 



Студэнцкі гарадок БДУ аб’ядноўвае дзевяць студэнцкіх інтэрнатаў і адно для работнікаў ВНУ. Тут жывуць больш за восем тысяч іншагародніх студэнтаў і 350 супрацоўнікаў БДУ і членаў іх сем’яў. У інтэрнатах ёсць пакоі для заняткаў, адпачынку, трэнажорныя і спартыўныя залы, більярдавыя, клубы па інтарэсах. Можна скарыстацца паслугамі пральні. Для вольнага часу арганізаваны танцавальная студыя, фальклорны гурток, творчая майстэрня, спартыўныя секцыі аздараўленчай аэробікі, валейбола, баскетбола. 

Першымі 25 жніўня заселяцца ў свой агульны дом студэнты другога курса, на наступны дзень — трэцякурснікі. Навучэнцаў чацвёртага і пятага курсаў і магістрантаў інтэрнаты прымуць 27-га. Для першакурснікаў факультэтаў прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, міжнародных адносін, сацыякультурных камунікацый, журналістыкі, юрыдычнага, гістарычнага, хімічнага, філалагічнага, ваеннага, біялагічнага факультэтаў, а таксама ліцэя ім. Ф. Э. Дзяржынскага БДУ і юрыдычнага каледжа працэдура засялення пройдзе 28 жніўня. 29-га студэнцкі гарадок універсітэта прыме першакурснікаў механіка-матэматычнага, фізічнага, эканамічнага факультэтаў. Навабранцы факультэтаў радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, геаграфіі і геаінфарматыкі, філасофіі і сацыяльных навук, а таксама інстытута бізнесу, МДЭІ ім. А. Д. Сахарава і Інстытута тэалогіі ім. Св. Мяфодзія і Кірыла будуць таксама засяляцца ў гэты дзень.

Студэнты першага курса сумеснага інстытута БДУ і Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта засяляюцца ў дні засялення факультэтаў, на якіх яны навучаюцца.

Што неабходна мець пры сабе: пашпарт, чатыры фатаграфіі фармату 3×4 см, медыцынскую даведку з паметкай аб праходжанні флюараграфіі і агляду на каросту і педыкулёз тэрмінам не больш за тры дні (форма 1 ЗДР/У). Акрамя таго, студэнтам 2--5 курсаў, якія раней ужо пражывалі ў інтэрнаце, трэба падаць даведку аб разліку з інтэрнатам за мінулы навучальны год. Час работы адміністрацыі інтэрнатаў з 8.30 да 17.15 (з 13.00 да 13.45 — перапынак). Звесткі аб прадастаўленні інтэрната можна даведацца ў асабістым кабінеце студэнта БДУ. Задаць пытанні на гарачую лінію можна па тэлефоне: 8 (017) 209-52-91 з 9.00 да 17.00. Перапынак — з 12.00 да 14.00.

Алена ВІНАГРАДАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю