Top.Mail.Ru

«Гэта крок у правільным кірунку»

Указ Прэзідэнта «Аб асаблівасцях прадастаўлення і выкарыстання арэнднага жылля», падпісаны кіраўніком дзяржавы літаральна назаўтра пасля выбараў, асаблівы рэзананс выклікаў у рэгіёнах. Дакумент, які дае паўнамоцтвы мясцовым органам улады прымаць рашэнні аб выдзяленні арэнднага жылля асабліва запатрабаваным спецыялістам, з першага дня, як кажуць, пайшоў у народ. Нашы карэспандэнты на месцах пацікавіліся, які ад яго рэалізацыі чакаюць эфект.


— Магу сказаць, што ў сельскай мясцовасці асабліва чакалі гэты ўказ, — гаворыць Аксана ВЫСАГРОЦКАЯ, старшыня Камянецкага раённага Савета Брэсцкай вобласці. — Фактычна штодня сустракаемся са старшынямі сельскіх Саветаў і абмяркоўваем кадравую праблему. Сёння гаворка ідзе аб наяўнасці ўсёй патрэбнай інфраструктуры як гарантыі якасці жыцця вясковага чалавека. А пра якую якасць жыцця можна гаварыць, калі вясковы ФАП ці нават амбулаторыя не ўкамплектаваны медыцынскімі работнікамі? Вядома, пытанне будзе неяк вырашацца, спецыялісты прыедуць па графіку з іншых устаноў і правядуць прыём. Але ж, пагадзіцеся, сумяшчальнік — не пастаянны работнік. Тое ж самае датычыць настаўнікаў, спецыялістаў іншых катэгорый.

А новы ўказ дае магчымасць забяспечыць чалавека жыллём, больш за тое, зробіць аплату гэтага жылля больш даступнай. Апошняе можа прывабіць маладыя сем’і спецыялістаў. 

Нямала маладых людзей бяруць шлюб на апошніх курсах ВНУ, яны разглядаюць магчымасці працаўладкавання там, дзе ёсць жыллё, каб сям’я не проста камфортна пражывала, але і прырастала. Гавару пра кадры для сацыяльнай сферы, але маю на ўвазе таксама спецыялістаў сельскагаспадарчага профілю. На работу прыходзяць аграномы, інжынеры, працаўнікі рабочых спецыяльнасцяў. Ім таксама трэба жыллё, тады многія з іх створаць сям’ю і не будуць шукаць магчымасці з’ехаць адразу пасля адпрацоўкі.

Зрэшты, арэнднае жыллё для спецыялістаў сельскай гаспадаркі можна будаваць і ў райцэнтры, лічыць старшыня Лоеўскага раённага Савета Гомельскай вобласці Ірына ПАСТУХОВА.

— Для работнікаў сельгаспрадпрыемстваў — тых жа бухгалтараў, інжынернатэхнічных спецыялістаў — арэнднае жыллё ў райцэнтры было б вельмі прывабным момантам для далейшага замацавання ў гаспадарках. Бо заўжды арганізоўваюць падвоз работнікаў, і многія з радасцю жылі б у Лоеве, а працавалі б у сельскай мясцовасці, — гаворыць яна.

Дарэчы, у Лоеве з забяспечанасцю арэндным жыллём справы нядрэнныя: у мінулым годзе тут узвялі першы ў раёне 40-кватэрны жылы электрадом. Арэнднае жыллё ў ім атрымалі ў тым ліку маладыя спецыялісты, якія прыехалі ў райцэнтр па размеркаванні, расказвае Ірына Пастухова. І будаўніцтва арэнднага жылля ў горадзе працягваецца, прычым у гарпасёлку ўжо ёсць «дом медыкаў», і арэндным жыллём увогуле тут забяспечаны ўсе маладыя спецыялісты аховы здароўя. Таму не выглядае выпадковасцю, што ў апошнія гады паказчык замацавання маладых спецыялістаў у нас палепшыўся. Прычым, азначае кіраўнік райсавета, не толькі мясцовая моладзь пасля вучобы вяртаецца на радзіму, але і ўраджэнцы іншых раёнаў, абласцей выбіраюць жыць і працаваць ў Лоеве.

— У нашым раёне, лічу, важна падтрымаць арэндным жыллём у тым ліку спецыялістаў сацыяльнай сферы і сферы культуры, — звяртае ўвагу дэпутат.

А вось у Свіслачы, што на Гродзеншчыне, арэндных дамоў пакуль няма. Але хутка з’явіцца першы. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Свіслацкага райвыканкама Юрый КУЛЯШОЎ. Для гэтай мэты рыхтуецца праект па рэканструкцыі былога інтэрната на 36 двух- і аднапакаёвых кватэр.

— З выхадам указа справа з дакументацыяй павінна пайсці хутчэй. Мы спадзяёмся на ўключэнне ў абласную інвестпраграму«, — зазначыў суразмоўца.

Штогод у Свіслацкі раён прыходзіць на працу амаль паўсотні маладых спецыялістаў. Сферы самыя розныя: гэта і аграпрамысловы комплекс, і адукацыя, і культура, і медыцына, і органы ўнутраных спраў. І амаль усе спецыялісты маюць патрэбу ў з жыллі.

Арэнднае жыллё, на думку Юрыя Куляшова, дазволіць палепшыць замацаванне маладых спецыялістаў у раёне. Цяпер гэты паказчык складае 60 %. Але тут імкнуцца да таго, каб ён дасягаў 80–85%.

У аграгарадку Ноўка Віцебскага раёна сёлета будзе ўведзены ў эксплуатацыю новы пяціпавярховы дом. У ім будзе два пад’езды і 40 кватэр: аднапакаёвыя, двух- і трохпакаёвыя. Частку з іх плануецца выкарыстоўваць у якасці арэндных, у такога жылля ёсць свае плюсы: напрыклад, аплата арэнды для маладых спецыялістаў ажыццяўляецца па зніжаным каэфіцыенце. Для сваіх працаўнікоў будуе пяціпавярхоўку і ў аграгарадку Кіраўская Віцебская бройлерная птушкафабрыка, здаць аб’ект запланавана ў бягучым годзе, кватэры ў новым доме атрымаюць работнікі агракомплексу «Адраджэнне».

— Тое, што Прэзідэнт пасля выбараў першым падпісаў менавіта гэты ўказ, гаворыць аб тым, што кіраўнік дзяржавы клапоціцца аб кожным грамадзяніне Беларусі, — адзначае старшыня Ноўкінскага сельскага Савета Дзяніс ЖАВАРАНКАЎ.

У Слаўгарадскім раёне Магілёўшчыны таксама разлічваюць на тое, што ўказ дапаможа замацаваць патрэбныя кадры, у прыватнасці будаўнікоў.

— Нам у раёне сёння вельмі патрэбны будаўнікі і дарожнікі, незалежна ад таго, майстар гэта або тынкоўшчык, — гаворыць старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская. — Раён развіваецца, тым больш наступная пяцігодка накіраваная на развіццё рэгіёнаў, і патрэба ў работніках будаўнічых спецыяльнасцяў вельмі вялікая. Мы ўвесь час думалі, як іх у нас замацаваць. Інтэрнат не прываблівае — ім патрэбна жыллё. Новы ўказ даў раённым і гарадскім выканкамам магчымасць самастойна вызначыць пералік спецыялістаў, якім можна даць арэнднае жыллё. І гэта цудоўна. Вялікі дзякуй Прэзідэнту за тое, што ён нас падтрымаў. Тэма неаднаразова абмяркоўвалася, і нарэшце з’явіўся рэальны механізм. Мы вельмі рады гэтаму ўказу. Не так даўно да нас прыязджалі спецыялісты з каледжа — тынкоўшчыкі, маляры, іншыя будаўнічыя спецыялісты. Спадзяёмся, што магчымасць атрымаць жыллё іх прывабіць. Ёсць ужо на прыкмеце і працоўныя кадры, якім хацелася б дапамагчы з жыллём.

Здавалася, у мегаполісе праблема арэнднага жылля не такая актуальная. Але Міхаіл Мірончык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Каменнагорскай акругі № 102 г. Мінска, ведае, што ўказ чакалі і ў сталіцы.

— Для жыхароў Фрунзенскага раёна тэма арэнднага жылля заўсёды была і будзе актуальнай, — гаворыць ён. — Раён у нас густанаселены, тут вельмі шмат школ, і даступнае жыллё для педагогаў — добрая дапамога! Таксама гэты ўказ дазволіць вырашыць праблему замацавання маладых кадраў пасля адпрацоўкі па размеркаванні. Новы ўказ, несумненна, з’яўляецца крокам у правільным кірунку!

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю