Пра іх ішла размова падчас работы гісторыка-краязнаўчай секцыі, якая адбылася ў рамках міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «VI чытанні памяці протаіерэя Іаана Грыгаровіча (1792—1852): гісторыка, археолага, філолага». Секцыя распачала сваю работу за месяц да асноўных падзей канферэнцыі і ўпершыню выйшла за межы Мінска. Слаўгарад, ён жа старадаўні Прапойск, радзіма славутага заснавальніка беларускай археаграфіі Іаана Грыгаровіча.

Сёлета Слаўгарад адзначае сваё 890-годдзе, і тэмы, якія прагучалі на секцыі, закранаюць увесь перыяд яго існавання. Удзельнікамі мерапрыемства сталі вучоныя і даследчыкі з НАН Беларусі і Расійскай акадэміі навук, прадстаўнікі Мінскай духоўнай акадэміі, мясцовыя гісторыкі і краязнаўцы.
- У Слаўгарадзе знаходзіцца помнік архітэктуры канца XVIII стагоддзя храм Раства Багародзіцы, які падчас будаўніцтва быў упрыгожаны ўнікальнымі фрэскамі. На жаль, захаваць іх цалкам не атрымалася, але, на думку навукоўцаў, некаторыя з іх можна адрадзіць. Работа секцыі ўласна і пачалася з наведвання храма і азнаямлення з яго роспісам. Затым удзельнікі пабывалі на алеі Памяці адселеных у сувязі з аварыяй на ЧАЭС вёсак і ўсклалі кветкі да памятнага знака. У кінатэатры «Радзіма», дзе праходзіла пасяджэнне секцыі, была арганізавана выстава да 890-годдзя першага пісьмовага ўпамінання Прупоя (яшчэ адна назва Слаўгарада).
Мадэратар секцыі — ганаровы грамадзянін Слаўгарадскага раёна, кандыдат багаслоўя, рэктар Мінскай духоўнай семінарыі архімандрыт Афанасій (Ю. Н. Сакалоў) нагадаў, што летась падчас канферэнцыі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін выказаў пажаданне, каб навуковы форум Мінскай духоўнай акадэміі выходзіў у рэгіёны, якія багатыя сваёй гісторыяй, культурай, імёнамі.
— Такіх куточкаў у Беларусі шмат, і кожны з іх унікальны, — падкрэсліў архімандрыт. — Слаўгарад адзін з іх. Вось ужо амаль дзевяць стагоддзяў горад фіксуецца ў пісьмовых крыніцах. Археалагічныя помнікі слаўгарадскага Пасожжа сведчаць аб узросце ў 1000 гадоў. За гэты час прысожская зямля нарадзіла і выхавала шмат выдатных асоб.
Асаблівая ўвага была нададзеная жанчынам, бо год праходзіць менавіта пад іх знакам.
Слаўгарадчанкі — лідары, працаўніцы, пяшчотныя маці. Без іх гэты край не здолеў бы выстаяць у час выпрабаванняў, адрадзіць жыццё на зямлі пасля спусташальных войнаў.
Старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская расказала толькі пра некаторых з іх, якія сваёй працай, энергіяй, воляй умацоўвалі эканоміку раёна, адраджалі жыццё, выхоўвалі моладзь, расцілі ўраджай. Яны — жывы прыклад нашчадкам як жыць і працаваць.

Балючыя раны пакінула пасля сябе аварыя на ЧАЭС, 40-гадовую дату з моманту здарэння якой мы сёлета адзначаем. У раёне былі адселеныя і пахаваныя вёскі трох сельсаветаў. Але жыццё адраджаецца. Пра дзяржпраграмы, якія распрацоўваліся для пераадольвання наступстваў аварыі, і аздараўленчыя мерапрыемствы, якія праводзіліся на забруджаных землях, расказала Таццяна Кананчук, якая ў 2016—2019 гады ўзначальвала Пастаянную камісію па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. А дыякан мінскага храма-помніка ў гонар іконы Божай Маці «Спагнанне загінулых» Мікіта Дайнека прысвяціў тэме аповед пра тое, як сёння захоўваецца памяць аб адселеных вёсках Слаўгарадчыны.
Духоўны складнік — гэта той стрыжань, які яднае народ і дае яму сілы годна выносіць выпрабаванні ў цяжкія хвіліны жыцця. Менавіта сімвалам духоўнасці ў Слаўгарадзе на працягу некалькіх стагоддзяў і з’яўляецца храм Раства Багародзіцы. Некалькі дакладаў прысвячаліся навуковым экспедыцыям НАН Беларусі ў Слаўгарад, дзякуючы якім атрымалася зафіксаваць і апісаць стан тых унікальных фрэсак, якімі ўпрыгожаны старадаўні храм. Адной з даследчыц, якая вельмі паглыбілася ў тэму роспісу слаўгарадскай царквы, была Вольга Церашчатава — гераіня аднаго з дакладаў. Вялася таксама гаворка пра ролю архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Максіма (Крохі) ў духоўнай гісторыі Слаўгарадчыны. Асобныя даследаванні прысвячаліся дзейнасці заслужанага настаўніка БССР Алы Абрамовіч, генерала-маёра Якава Драйчука, ветэрана вайны і журналіста Паўла Ярашэнкі, ветэрана вайны і паэта Фелікса Шкірманкова. Кандыдат гістарычных навук, даследчык з Масквы Аляксандр Гронскі падзяліўся фактамі з біяграфіі Пятра І, які бываў на тутэйшых землях у перыяд Паўночнай вайны.
- Сёлета краіна адзначае 85 гадоў з пачатку самай страшнай і крывавай вайны мінулага стагоддзя. Камандзір пошукавай групы па Слаўгарадскім раёне «Спадчына» Аляксандр Халееў расказаў пра абарончыя і вызваленчыя баі за горад, пра тое, як увекавечваецца памяць савецкіх воінаў, загінулых пры вызваленні раёна. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Слаўгарадскага райвыканкама Таццяна Бабічава нагадала, што за вызваленне раёна загінула болей чым 11 тысяч чалавек, з якіх вядомыя імёны толькі 6583. Штогод, дзякуючы рабоце пошукавікаў, невядомых становіцца менш. Летась Слаўгарад быў узнагароджаны Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады вайны».

Шмат дакладаў прагучала на гістарычную тэму. Архімандрыт Афанасій раскрыў тэму пра святога князя Расціслава Мсціславіча, які ў летапісных крыніцах упамінаецца як заснавальнік Прапойска, а кандыдат гістарычных навук, загадчык Цэнтра археалогіі Беларусі Інстытута НАН Беларусі Аляксей Аўласовіч звярнуўся да тэмы лакалізацыі летапіснай бітвы перыяду ранняй хрысціянізацыі паміж племенем радзімічаў і дружынай ваяводы князя Уладзіміра Чырвонае Сонейка — Воўчы Хвост. Ён расказаў, якія доказы былі знойдзены на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна падчас раскопак. Працягам тэмы стала даследаванне малодшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Дар’і Логвінавай пра комплексы жаночых упрыгожванняў з курганных магільнікаў слаўгарадскага Пасожжа. Усяго прагучала 16 дакладаў і паведамленняў.
Работа секцыі арганізаваная сумеснымі намаганнямі Мінскай духоўнай акадэміі імя свяціцеля Кірылы Тураўскага, Слаўгарадскага райвыканкама і райсавета.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара