Гомельскі дзіцячы сацыяльны пансіянат «Шчаслівыя ўсмешкі» прадставіў у сталічным Тэатры-студыі кінаакцёра свой інклюзіўны спектакль «Паўлінка» па матывах п’есы Янкі Купалы. Выхаванцы ўстановы, якія маюць ментальныя асаблівасці, нараўне са сваімі выкладчыкамі, выхавацелямі і псіхолагамі ўвасобілі на сцэне вобразы беларускага класіка. Сам выхад да гледачоў для многіх юных акцёраў — вялікая перамога. Аднак адметна, што такіх перамог у выхаванцаў «Шчаслівых усмешак» ужо нямала — большасць з іх мела ролі ў трох папярэдніх спектаклях. А летась калектыў пансіяната быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі за развіццё творчага патэнцыялу дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю і інтэграцыю інклюзіўнага мастацтва ў культурную прастору краіны.
Сёння тут займаецца 140 дзяцей з асаблівасцямі развіцця, 75 з іх жывуць пастаянна, 65 — на дзённым знаходжанні. Для падрыхтоўкі спектакля спатрэбіўся год. У ім задзейнічана 28 артыстаў, 14 з якіх — з інваліднасцю. Для многіх з гэтых дзяцей, якія маюць І групу інваліднасці і ІV ступень страты здароўя, кожны рух, кожнае слова на сцэне — гэта вынік неверагодных намаганняў і работы цэлай каманды спецыялістаў. Аднак гэта і найлепшы прыклад таго, што дзеці з інваліднасцю пры належнай падтрымцы і веры ў іх магчымасці могуць дасягаць неверагодных вышынь.
Госцем у глядзельнай зале Тэатра-студыі кінаакцёра стала і намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка:
— Гэта вельмі важная падзея для ўсёй сістэмы сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай абароны. Цяпер рэалізоўваецца шмат праектаў па інклюзіўнай творчасці і развіцці людзей з асаблівымі патрэбамі, але гэты праект выйшаў на прафесійную тэатральную сцэну і ўжо атрымаў высокую дзяржаўную ўзнагароду, стаўшы лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта. Гэта вельмі важны вынік работы ўсёй сістэмы.
Намеснік міністра звярнула ўвагу, што Гомельскі дзіцячы сацыяльны пансіянат — прыклад дзяржаўнай установы, дзе створана дамашняя атмасфера, у якой камфортна жыць:
— Гэты спектакль — творчы сімбіёз, які прадстаўляе вынікі працы вялікай сям’і пансіяната. Гомельскі сацыяльны пансіянат — асаблівае месца: дзеці тут набываюць моц для творчасці і натхнення. Тут усе кантактуюць і ўсе роўныя. Напэўна, менавіта ў такіх умовах магчыма развіццё творчай энергіі.
Акрамя таго, поспехі творчага калектыву сацыяльнага пансіяната — прыклад таго, як у нашай краіне ствараецца грамадства роўных магчымасцяў.
— Мы рухаемся да таго, каб у нас усе валодалі не толькі роўнымі правамі, але і магчымасцямі, а таксама мелі ўмовы для самарэалізацыі ў поўнай меры, — адзначыла Марына Арцёменка. — І, вядома, пераконваемся ў тым, што рухаемся ў правільным кірунку, бо ёсць канкрэтныя вынікі. Калі гледачы бачаць такіх маладых людзей на сцэне, яны пачынаюць успрымаць іх па-іншаму. Яны бачаць патрэбы гэтай катэгорыі і прасякаюцца іх праблемамі. Гэта вельмі важна. Я заўсёды кажу, што пытанні інклюзіі важныя перш за ўсё для самога грамадства як прыклад сілы духу, доўгай і цяжкай працы над сабой і прагі жыцця.
Зрэшты, толькі летась рэабілітацыю праз мастацтва ў нашай краіне прайшлі 800 асаблівых дзетак у 14 спецыялізаваных аддзяленнях па ўсёй краіне. А вось калектыў «Шчаслівых усмешак» пасля мінскага паказу чакаюць гастролі па іншых гарадах Беларусі.