Настаўнік быў і застаецца апорай дзяржавы. Вядома, з якой павагай я стаўлюся да вашай працы. Пытанні сацыяльнай падтрымкі настаўнікаў, умацавання станоўчага іміджу педагога і школы — прыярытэтны кірунак нашай палітыкі. І праца ў гэтай сферы будзе працягнута. Да 2025 года мы выраўняем заработную плату работнікаў адукацыі з сярэдняй па краіне.
Аляксандр Лукашэнка на Рэспубліканскім педагагічным савеце. 27 жніўня 2024 года
У снежні 2024-га Міністэрства адукацыі прыняло пастанову «Аб змене пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 3 чэрвеня 2019 г. № 71».
У ведамстве паведамілі, што дакументам прадугледжана павышэнне заработнай платы за кошт павелічэння надбаўкі за працу: настаўнікам — на 39 % ад акладу, выхавальнікам і памочнікам выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі — на 20 % ад акладу, выкладчыкам, майстрам вытворчага навучання ўстаноў адукацыі — на 27 % і прафесарска-выкладчыцкаму складу — на 15 %. 35 % ад акладу атрымаюць маючыя ступень кандыдата навук, 55 % — доктара навук. Стане вышэйшым заробак і ў сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў — ім павялічылі надбаўку за працу на 20 % ад акладу. Акрамя таго, павялічваецца памер дыяпазону даплаты за асаблівыя ўмовы працы ў сярэднім на 10 % ад базавай стаўкі за працу з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, расстройствы аўтыстычнага спектра, з невідушчымі навучэнцамі, з дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, з ліку асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Кожныя змяненні цягнуць за сабой як неабходнасць тлумачэнняў, так і мноства пытанняў, асабліва калі гаворка ідзе пра такую далікатную справу, як заработная плата. У сувязі з гэтым Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі арганізаваў гарачую тэлефонную лінію па пытаннях аплаты працы.
Аб вялікай колькасці званкоў, аб чым пытаюцца абаненты на тым канцы проваду і пра што цікавяцца больш за ўсё — расказала загадчыца аддзела сацыяльна-эканамічнай работы прафсаюза Алена Вярбіла.
— Больш за ўсё званкоў на гарачую лінію паступіла пасля свят, 8 студзеня. Быў дзень, калі такіх званкоў было 50. Тэлефануюць у асноўным тыя, каго змены не закранулі, — спецыялісты, якія пакуль не атрымалі надбаўкі.
Па словах загадчыцы аддзела, у гэту катэгорыю трапілі настаўнікі-дэфектолагі ўстаноў адукацыі і выхавальнікі груп падоўжанага дня ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Алена Вярбіла патлумачыла, што павышэнне заработнай платы — працэс паэтапны, што і прафсаюзы, і Міністэрства адукацыі працягваюць работу ў гэтым кірунку, прымаючы ўсе магчымыя меры, каб і гэтыя катэгорыі атрымалі павышэнне надбаўкі за працу ў галіне. Варта адзначыць, што Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі сумесна з адукацыйным ведамствам пастаянна клапоціцца аб павышэнні ўзроўню заработнай платы педагогаў. На працягу апошніх пяці гадоў узнагароджанне за працу падымалася некалькі разоў. А за апошнія два гады, адзначыла спецыяліст, прафсаюзы сумесна з Мінадукацыі зрабілі і працягваюць рабіць многае, каб павялічыць надбаўкі за кантракт і такім чынам павысіць заработную плату ўсім катэгорыям работнікаў, занятых у адукацыйнай сферы. Дзякуючы гэтым намаганням, канстатуе яна, сёння ў Мінску і асобных раёнах у абласцях надбаўка за кантракт устаноўлена ў максімальным памеры.
Што датычыцца тэлефоннай лініі, то яна працягне сваю работу. Тэлефанаваць можна па буднях з 10.00 да 13.00 на нумар
+375 (17) 270-04-53.