У маі інфляцыя не парадавала: у параўнанні са снежнем цэны выраслі на 4,5 працэнта, а з маем мінулага года — на 7,1 працэнта. Не будзем хітраваць: вынік трохі вышэйшы, чым меркавалася: па выніках года рост цэн не павінен перавысіць 5 працэнтаў. Фактычна, да сярэдзіны года Беларусь ужо выбрала ўвесь ліміт. Зрэшты, упісацца ў план яшчэ застаецца і магчымасць, і верагоднасць. Выбіліся з прагнозаў з прычыны, у тым ліку, і непрадбачаных абставін. Фенаменальна халодная вясна запозніла ўраджай ранняй гародніны і садавіны на некалькі тыдняў. Акрамя таго, з-пад цэнавага рэгулявання вывелі шэраг тавараў, некаторыя з якіх падаражэлі апераджальнымі тэмпамі. Іншае пытанне, што рынак адрэагаваў зніжэннем попыту. Таму ў летнія месяцы складаюцца высокія дэфляцыйныя фактары, якія, па логіцы, павінны прыбіць рост цэн і апетыты вытворцаў, пастаўшчыкоў і рознічных прадаўцоў.
Высокая інфляцыя ў маі ў значнай ступені склалася з-за падаражання харчовых тавараў. Яны прыраслі ў гадавым выяўленні на 9,6 працэнта. У нейкай ступені бязладдзе. Але так аб’ектыўна склаліся абставіны, на якія не зусім і можна паўплываць. Красавік і май выдаліся амаль марознымі. І ўраджай ранняй гародніны і садавіны адклаўся дзесьці на 4-5 тыдняў. На рынку ўжо з’явілася і маладая бульбачка, і цыбуля свежага ўраджаю, і іншая вітамінная прадукцыя. Але масавы яе наплыў, мяркуючы па ўсім, здарыцца толькі да канца чэрвеня. Прыроду не падманеш, халодная вясна зрушыла цыклы вегетацыі ў каляндарным часе. Таму падаражэнне гародніны стала самым магутным — больш за 14 працэнтаў у параўнанні з маем 2024 года. І, натуральна, усплёск у такой значнай таварнай групе не мог не адбіцца на агульнай інфляцыі.
Другі важны фактар, які адбіўся і на агульнай, і на харчовай інфляцыі, — зніжэнне ўзроўню цэнавага рэгулявання. Мяркую па асабістых адчуваннях: па шэрагу пазіцый цэны падкруціліся не так упэўнена, як на агароднінную групу, але вельмі істотна. Але такая ўжо, няхай даруе мне бізнес, традыцыя нашых вытворцаў, пастаўшчыкоў і прадаўцоў. Нават у асяроддзі самавітых топ-менеджараў, з велізарным досведам работы і нават профільнай і дадатковай адукацыяй, існуе ўпартая перакананасць: прадукты будуць браць, нават калі яны даражэюць. Маўляў, куды ж спажывец падзенецца. Тым больш даходы грамадзян растуць. Могуць і раскашэліцца. Могуць, але не хочуць.
У беларускага спажыўца існуе пачуццё ментальнай справядлівасці. І ён чуйна рэагуе на любое падаражанне. Асабліва калі не бачыць дакладнай абгрунтаванасці. Проста вывучаем статыстыку. Калі ялавічына пайшла даражэць, то за першы квартал і яе продажы знізіліся амаль на 17 працэнтаў. А вось рэалізацыя кураціны павялічылася больш чым на 4 працэнты. Пакупнік перамясціўся ў іншую нішу. І такіх прыкладаў можна прывесці шмат, калі ўважліва вывучаць статыстыку. Але ўдзельнікі рынку традыцыйна спрабуюць выпрабаваць попыт на трываласць. Дарэчы, рознічны тавараабарот у красавіку ў параўнанні з сакавіком знізіўся на 5,9 працэнта. Людзі пераходзяць на больш эканомныя мадэлі спажывання. І гэта адбываецца на фоне росту і рэальных даходаў, і заработнай платы. Адпаведна, у адным з тэзісаў бізнес мае рацыю — грошы ў людзей ёсць. Але гэта далёка не значыць, што пакупнік гатовы плаціць любую цану. Таму традыцыйна сітуацыя развіваецца на спажывецкім рынку па арыгінальнай (на мой погляд, не самай эфектыўнай) схеме: спачатку тыя ці іншыя катэгорыі тавараў даражэюць (часам даволі рэзка), потым падае іх продаж, наступны крок — зніжэнне цэн. Інакш проста тавар перастае прадавацца і катэгорыя дэградуе.
Рызыкну выказаць здагадку: мы знаходзімся на мяжы ўплыву адразу некалькіх дэфляцыйных фактараў. Па-першае, зніжэнне аб’ёмаў рознічнага тавараабароту ў цэлым і па асобных пазіцыях у прыватнасці прымусіць усіх перагледзець цэнавую пазіцыю. Па-другое, збор свежай гародніны і садавіны ўвойдзе ў масавую стадыю. Надвор’е, дзякуй богу, усталёўваецца. Таму сезонная прадукцыя павінна таннець. І гэта будзе заўважна па ўзроўні інфляцыі. Па-трэцяе, змяншаецца попыт у Расіі, як і запавольваецца інфляцыя ў гэтай краіне. Значыць, ціск з боку экспартнага фактару будзе змяншацца. Па-чацвёртае, Нацыянальны банк пачаў праводзіць палітыку запаволення дынамікі спажывецкага крэдытавання. Чаму і для якіх мэт — асобная вялікая размова, але факт застаецца фактам: некалькі мільярдаў рублёў крэдытных грошай са спажывецкага рынку знікнуць, што падштурхне ўсіх удзельнікаў рынку яшчэ больш задумацца аб цэнаўтварэнні. Па-пятае, калі попыт, які рэзка і імкліва расце, ціснуў на наш спажывецкі рынак, правакуючы да інфляцыі, то цяпер, на фоне зніжэння, усё больш адчуваем ціск з боку расійскага імпарту.

Жывём у цікавы час. І чароды лебедзяў лунаюць у небе. Але не толькі чорныя і шэрыя — ёсць і белыя. Не заўсёды атрымліваецца адагнаць птушак цёмнай афарбоўкі, але светлыя таксама ўносяць свой эфект — пазітыўны. Згодна з Белстатам, за месяц цэны на агуркі знізіліся больш чым на 28 працэнтаў, на таматы — больш чым на 27, на часнок — на 12 працэнтаў, на перац салодкі — прыблізна на 10. Таму ўпісацца ў прагноз 5 працэнтаў па інфляцыі рэалістычна. Або выбіцца з паказчыка, але ў рамках хібнасці. Прынамсі, інфляцыйныя рызыкі ў масе сваёй ужо адбыліся. А дэфляцыйныя яшчэ могуць адбыцца.
Інтэлект ШТУЧНЫ