Адной з цэнтральных падзей Дня народнага адзінства ў Магілёве сталі гарадскія спаборніцтвы па спартыўным скалалажанні «Хуткасць» на адкрытым скаладроме па вуліцы Індустрыяльнай. Гэты скаладром з’яўляецца адным з самых высокіх у краіне — 17 метраў, вышэй, чым пяціпавярховік. Адна яго вертыкальная «сцяна» разлічана на цяжкасць, другая — на хуткасць. У спрытнасці, смеласці, вынослівасці спаборнічалі 100 юных скалалазаў з Магілёва і Смаленска.
— Адзінства — гэта наша сіла, і ёсць шмат чаго, што нас яднае, — натхніла ўдзельнікаў на добрыя вынікі старшыня Магілёўскага гарсавета дэпутатаў Святлана Сташэўская. — Важна, каб паміж камандамі панавала сяброўства і было адзінства.
Намеснік кіраўніка федэрацыі скалалажання Смаленскай вобласці Сяргей Калянцеенкаў прызнаўся, што вельмі рады быў прыехаць з камандай у Магілёў і прыняць удзел у такім важным для краіны свяце.

— Паміж расіянамі і беларусамі няма ніякіх супярэчнасцяў, у нас шмат агульнага, — падкрэсліў ён. — Мы задаволеныя тым, што трапілі на такое выдатнае спартыўнае мерапрыемства. Пляцоўка цудоўная, спадзяемся, будзем яе наведваць. Спорт — гэта сапраўды тое, што аб’ядноўвае.
Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню народнага адзінства, праходзяць у вобласці на працягу некалькіх дзён. Гэта канцэртныя і гульнявыя праграмы, квэст-гульні, патрыятычныя акцыі. У парку Падніколле арганізавалі розныя інтэрактывы, канцэрты. Кампетэнтна і па сутнасці з моладдзю пагутарыў вядомы гісторык, вучоны, дэпутат Ігар Марзалюк, дыялогавая пляцоўка з якім адбылася ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «Атрыум».

Шмат юнакоў і дзяўчат сабраў на Плошчы адзінства маладзёжны патрыятычны форум «Моладзь за будучае».
Нэлі ЗІГУЛЯ