Лічба стала ўсёпранікальнай. А ў апошнія год-два нават усёпаглынальнай. Адных гэта турбуе. Некаторыя нават асцерагаюцца, што штучны інтэлект канчаткова і беспаваротна захопіць планету, што будзе несці для чалавецтва вельмі сумныя наступствы. Іншыя сцвярджаюць: менавіта лічбавізацыя з’яўляецца чарговым безальтэрнатыўным вітком развіцця цывілізацыі. І хутка ўсё вакол будзе лічбавае. Як лічыць загадчык кафедры тэхналогій праграмавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, доктар тэхнічных навук Аляксандр Курбацкі, ісціна ляжыць дзесьці пасярэдзіне. У лічбавых тэхналогіях утоена шмат магчымасцяў і рызык. І да новых ІT-распрацовак мэтазгодна ставіцца не толькі і не столькі эмацыянальна, колькі прагматычна. Пра гэта навуковец казаў падчас прэзентацыі кнігі «Лічба і будучыня. 50 гісторый пра цывілізацыйны апакаліпсіс», якую ён напісаў у суаўтарстве з Міхаілам Зэкавым.
Штучны інтэлект, несумненна, — магутны інструмент. Але ён жыве мінулым: збірае, аналізуе і робіць высновы зыходзячы з папярэдніх досведаў. Іншае пытанне, што ён гэта робіць досыць хутка. Праўда, пакуль не заўсёды якасна. Аптымісты сцвярджаюць: электронны мозг будзе ўдасканальвацца, трэніравацца і высокія вяршыні інтэлектуальнай дзейнасці заваюе. Аднак ён усё роўна будзе завязаны на мінулым. Прынамсі, у тым фармаце, у якім цяпер працуюць генератыўныя моўныя мадэлі. Несумненна, па многіх параметрах чалавек ужо сёння не можа канкурыраваць з электронікай. Асабліва ў вырашэнні руцінных задач.
Уласна кажучы, існуе цалкам праўдападобная версія, што электронныя машыны і з’явіліся дзякуючы гэтым задачам. Ледзь не першыя камп’ютары распрацавалі па замове вайскоўцаў падчас Першай сусветнай вайны для складання табліц стрэльбаў, без якіх немагчыма дакладна весці агонь з любой артылерыйскай сістэмы. І пад кожную патрэбныя свае табліцы. Уручную на гэтую працаёмкую работу сыходзіла ледзь не гадоў дзесяць: усё вылічыць, пераправерыць... Таму ўкараненне ў войскі новых відаў узбраення была справай доўгай. Пераход на электронныя вылічэнні адразу спрасціў і паскорыў працэс. Уласна кажучы, з тых часоў мікрачыпы ўсё больш вызваляюць нас ад нудных задач. Але па-сапраўднаму творчыя матэрыі электроннаму мозгу пакуль не даступныя.
Штучны інтэлект пазбаўлены ўяўлення і інтуіцыі — гэтыя ўласцівасці чалавечага мозгу застаюцца па-за канкурэнцыяй. У самым пачатку мінулага стагоддзя, калі быць дакладным — у 1900 годзе, Анры Пуанкарэ сфармуляваў гіпотэзу, якая ўвайшла ў лік 7 матэматычных задач тысячагоддзя. Над яе рашэннем больш за стагоддзе біліся тысячы матэматыкаў. І толькі ў 2002–2003 гадах у серыі навуковых артыкулаў Рыгор Перэльман яе даказаў. А потым яшчэ некалькі гадоў яго доказ вывучалі з усіх бакоў і пераправяралі. Але адкуль дастаў сваю гіпотэзу Анры Пуанкарэ? Навукоўцы-фізіёлагі сцвярджаюць: проста здагадаўся. І такога навуковага прасвятлення штучны інтэлект пакуль пазбаўлены.
На думку Аляксандра Курбацкага, у лічбавую эпоху людзям давядзецца думаць па-новаму. Прынамсі, на яго думку, мэтазгодна планаваць будучыню на гарызонце хоць бы трох-пяці гадоў. Асабліва моладзі. Паводле яго слоў, нейрасеткі не з’яўляюцца прадуктам нашага дзесяцігоддзя. Наогул, іх канцэпцыя з’явілася яшчэ ў 50-х гадах мінулага стагоддзя. І штучны інтэлект з тых часоў перажыў некалькі хваляў папулярнасці, пасля якіх наступалі гады расчаравання. Аляксандр Курбацкі адзначыў: ён падтрымлівае рэгулярныя кантакты з паўсотняй сваіх вучняў. Яны працуюць і ў беларускіх, і ў замежных кампаніях і ўніверсітэтах. Ёсць свае людзі ў Google, Mіcrosoft, Стэнфардскім, Масачусецкім універсітэтах... Яшчэ ў 2009 годзе з’явілася інфармацыя, па словах загадчыка кафедры тэхналогій праграмавання БДУ, што ў Google пачалі досыць актыўна выкарыстоўваць нейрасеткі ў цыкле вытворчасці праграмнага забеспячэння. І ўжо тады было відавочна: штучны інтэлект будзе паступова адбіраць працоўныя месцы ў праграмных супрацоўнікаў. І сапраўды: сёння рынак працы ў ІT-сферы імкліва змяняецца ў бок адыходу ад паслуг спецыялістаў ніжняй кваліфікацыі.
Па перакананні прафесара БДУ, неабходна рэагаваць на хутка зменлівы тэхналагічны свет. І перш за ўсё — у сістэме адукацыі. Яна, на яго думку, павінна станавіцца больш гнуткай, каб паспяваць рэагаваць на змены навакольнага асяроддзя. І павінна арыентавацца не на класічныя фарматы перадачы інфармацыі і ведаў ад выкладчыка да студэнтаў, але, перш за ўсё, вучыць моладзь думаць, знаходзіць рашэнні нетрывіяльных задач. У гэтым асноўная перавага чалавечага мозгу над лічбавымі платформамі. Фармалізм у адукацыі на сёння нясе ў сабе вельмі шмат рызык. Дарэчы, той жа штучны інтэлект і іншыя ІT-рашэнні найбольш канкурэнтаздольныя менавіта ў сістэмах, якія максімальна фармалізаваны і стандартызаваны. Электронны мозг, па вялікім рахунку, пазбаўлены свайго меркавання і эмацыянальнага фону. Таму будзе максімальна дакладна прытрымлівацца закладзенага алгарытму. І па гэтым параметры заўсёды будзе выйграваць у чалавека. У тым ліку і за выкладчыцкай кафедрай, а таксама за студэнцкай партай. І ўсё часцей даводзіцца чуць, як актыўна выкарыстоўваюць нейрасеткі вучні для напісання работ (нават дыпломных, а ўжо ёсць спробы і дысертацыі так ствараць), а выкладчыкі — для падрыхтоўкі лекцыйнага матэрыялу і праверкі работ сваіх вучняў. Таму, па перакананні Аляксандра Курбацкага, адукацыю новай эпохі неабходна рабіць больш творчай, гнуткай і свабоднай ад празмернай стандартызацыі. Тады ў нас будзе магчымасць паспяхова канкурыраваць з электроннымі платформамі. Дарэчы, ва ўльтрадарагіх школах на Захадзе для дзяцей мільярдэраў прыблізна па гэтым шляху і ідуць. І ў працэсе навучання па мінімуме выкарыстоўваюць лічбавыя рашэнні.