Хочаш добра жыць — умей вучыцца. І не толькі ў школе, універсітэце, а ўвесь час. Вучоба праз усё жыццё — ужо не нейкая формула далёкай будучыні. Гэта ўжо тая рэчаіснасць, у якой мы апынуліся. Усе — ад малога да вялікага. І давядзецца пільна рэагаваць на тэхналогіі. І не проста імі захапляцца з экрана смартфона, а іх асвойваць. Незалежна ад прафесіі. Інакш будзе цяжка ўладкавацца на добрае месца. Беларуская эканоміка павышае сваю тэхналагічнасць. Па-іншаму не будзе, інакш рызыкуе страціць канкурэнтаздольнасць. Таму будуць патрэбныя работнікі з сучаснымі ведамі і навыкамі. І выключна выпускнікі заяўленыя вакансіі закрыць не змогуць. Давядзецца вучыцца ўсім: аж да працоўных пенсіянераў.
Не цешце сябе ілюзіямі: рабатызацыя не зробіць наша жыццё суцэльным выхадным. Укалваць, вядома, усё больш і часцей будуць выключна машыны. Але ад гэтага нам давядзецца быць толькі разумнейшымі: робатаў неабходна абслугоўваць, рамантаваць, праграмаваць. Не кажучы ўжо пра тое, што неабходна іх канструяваць, выпрабоўваць, вырабляць, устанаўліваць, наладжваць... Штамп прафесійных эканамістаў пра замяшчэнне працы капіталам не трэба ўспрымаць занадта літаральна. Аўтаматызаваныя сістэмы змяншаюць патрэбу ў фізічнай і манатоннай працы, але ствараюць павышаны попыт на глыбока інтэлектуальныя прафесіі.
Пачытайце класікаў (па вялікім рахунку, не важна, якой нацыянальнасці) пра жыццё ў пачатку стагоддзя. Кваліфікаваны рабочы, які мог працаваць на машынах таго часу (вельмі простых у сённяшнім разуменні), быў вельмі рэдкай з’явай і нават вельмі заможнай. Многія маглі сабе дазволіць утрымліваць прыслугу! Інжынер з політэхнічнай адукацыяй увогуле лічыўся вялікім чалавекам. Гэта была эліта грамадства, яго вяршкі, вельмі рэдкія экзэмпляры. І зараблялі вельмі нядрэнна. Іншае пытанне, што і трапіць у вышэйшую навучальную ўстанову стагоддзе-другое таму таксама было даволі складана. І даступна часцей за ўсё толькі самым высокім класам грамадства. Больш дэмакратычная і цудоўна выбудаваная сістэма нямецкай адукацыі ў ХІХ стагоддзі вывела краіну ў тэхнічныя і прамысловыя лідары. Педантычныя немцы, мабыць, ці не першымі ў Еўропе зрабілі прафесіі механіка, інжынера масавымі. Натуральна, масавымі па мерках таго часу.
А сёння ў нас ужо амаль стапрацэнтная вышэйшая адукацыя. Але і ручной працы за паўтара стагоддзя паменшылася. І трэнд будзе працягвацца. Гэта палітычная рэвалюцыя — падзея, а тэхналагічная — працэс. І ён ужо ідзе. Вельмі, дарэчы, актыўна. І калі не разагнацца, не паспрабаваць упісацца ў трансфармацыі, можна апынуцца ў становішчы рамізніка, калі на дарогах ужо ўсюды аўтамабілі.
Гісторыі вядома — прамысловыя рэвалюцыі нярэдка набываюць розныя адценні сацыяльнага драматызму. Усё пачалося яшчэ ў XVІІІ стагоддзі, калі з’явіліся механічныя прадзільныя і ткацкія станкі, якія ператварылі мануфактуры ў фабрыкі. Але дзясяткі тысяч ткачоў апынуліся на вуліцы без кавалка хлеба. Масавае беспрацоўе суправаджала і механізаванне металургіі, і іншых галін. Былі і выступленні, і барацьба з машынамі шляхам іх фізічнага знішчэння, і сутыкненні з паліцыяй... Жорсткія былі часы. Канешне, яны не паўторацца. Хоць бы па той прычыне, што прамыслоўцы мінулай эпохі ўстанаўлівалі машыны, каб знізіць кошт і павысіць прадукцыйнасць. А ключавая мэта сучаснай аўтаматызацыі — пераадоленне кадравага дэфіцыту. І ў свеце, і ў Беларусі грамадства старэе. І забяспечыць годны эканамічны складнік соцыуму могуць толькі тэхналагічныя вытворчасці, у тым ліку для вытворчасці даўно вядомых і знаёмых рэчаў: абутку, адзення, мэблі і шмат чаго іншага. Без рабатызацыі складана абысціся ўжо ва ўсіх галінах.
Мы ўсё захапляемся бязлюднымі прадпрыемствамі: у цэхах адны машыны рытмічна рухаюць стальнымі суставамі, выконваючы ўсе вытворчыя працэсы. Але варта прымераць на сябе іншы бок гэтага цуду: ці зможам працаваць мы ў такой індустрыі? Разабраць робата, настроіць яго, перазапусціць алгарытмы... Вядома, сацыяльная мадэль нашай дзяржавы не дазволіць нікому зваліцца ў галечу. Нейкая работа знойдзецца для ўсіх. І заробак будзе забяспечаны для годнага існавання. Але вось самыя лепшыя месцы з вялікімі заробкамі будуць займаць людзі дасведчаныя. Паглядзіце на лесанарыхтоўку. Здавалася б, яшчэ нядаўна, у самым канцы нулявых, яна стала пераходзіць з бензапіл на харвестары і форвардары. Вальшчык — прафесія для фізічна моцных людзей. І такіх яшчэ 20 гадоў таму ўжо было складана знайсці ў патрэбнай колькасці, таму і запусцілі праграму механізавання. Для работы на тэхніцы ўжо былі патрэбны не столькі мускулы, колькі веды. Фактычна, інжынерныя. Не, чалавек з моцнымі мускуламі і сёння ў лесе без працы не застанецца, але вось па зарплаце будзе прайграваць «механізаваным» калегам.
Работа знойдзецца ўсім, але калі хочацца вялікіх заробкаў — давядзецца вучыцца. І не толькі завадчанам. У маркетынгу,
у бізнес-аналітыцы і іншых інфраструктурных прафесіях рознай ступені творчасці ўжо немагчыма выдаваць вынік без выкарыстання шматлікіх электронных дадаткаў (у тым ліку штучнага інтэлекту), умення працаваць з вялікімі данымі і іншымі дадатковымі навыкамі. Нават геній з ручкай і блакнотам не выйграе ў канкурэнцыі з пасрэднасцю, узброенай «лічбай». Магчыма, думкі і ідэі будуць лепшымі, але ў хуткасці ён прайграе ў разы. А аператыўнасць — безумоўна, адна з найважнейшых характарыстык нашага жыцця.
Рынак працы будзе мяняцца. І вельмі імкліва. Яшчэ пяць гадоў таму класічны праграміст знаходзіў работу з добрым заробкам і бонусамі ад фірмы вельмі хутка, аднак такіх спецыялістаў ужо стала дастаткова. Акрамя таго, аўтаматызуюцца працэсы напісання праграмных кодаў. І заробкі рэзка пайшлі ўніз. Затое сёння ў цане спецыялісты па нейрасетках, інфармацыйнай бяспецы і стварэнні баз вялікіх даных. І былыя праграмісты, нярэдка ўжо людзі з сівізной, перапрафілююцца. Што ад ІT-індустрыі не адбярэш — гнуткасці. Зрэшты, хапае і спакойных камп’ютаршчыкаў, якія спадзяюцца на лепшае. Вось толькі ці надыдзе яно? Увогуле, вядома, надыдзе. Але ці для ўсіх прафесій? Іншае пытанне, што і на дзяржаўным узроўні павінна стымулявацца імкненне да вучобы. Вучыцца — гэта таксама праца. І дастаткова цяжкая. І, мусіць, будзе справядліва, калі, адпрацаваўшы са спасціжэннем новага для сябе, людзі будуць і атрымліваць больш, чым іх інертныя суседзі. Сур’ёзнае пытанне для вывучэння і ўключэння яго ў сістэму нашай сацыяльнай справядлівасці.
Інтэлект Штучны