Top.Mail.Ru

У Бабруйску дэпутаты абмеркавалі тэму занятасці і рынку працы

Пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага кіравання і самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прайшло з удзелам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай на базе ААТ «Белшына».


На ім прысутнічалі старшыні абласных, гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў з усёй краіны. Наталля Качанава адзначыла, што пытанне занятасці і рынку працы на сёння вельмі актуальнае і вельмі важна пачуць меркаванні з месцаў, каб разабрацца, чаму нават пры наяўнасці вакансій не ўсе людзі жадаюць працаваць.

— Савету Рэспублікі адведзена асаблівая роля каардынаваць дзейнасць дэпутацкага корпуса ўсёй нашай краіны, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Для ўзаемадзеяння з органамі мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі і функцыянуе наш Савет, які адыгрывае вельмі важную ролю ў рабоце над законапраектамі і тымі рашэннямі, якія мы прымаем. На нашы пасяджэнні мы выносім, як правіла, актуальныя пытанні, важныя і з пункту гледжання дзяржавы, і з пункту гледжання запытаў грамадства. 

Спікер нагадала, што за апошнія два гады было праведзена пяць такіх сустрэч. На іх былі разгледжаны пытанні, якія датычыліся зямельна-маёмасных адносін, замацавання кадраў у сельскай мясцовасці, будаўніцтва жылых дамоў і інфраструктуры ў малых населеных пунктах, дзейнасці садовых таварыстваў. Па рэкамендацыях Савета была зацверджана наменклатура спраў садовых таварыстваў, устаноўлены гранічна дапушчальныя тарыфы для насельніцтва пры выкарыстанні электрычнай энергіі, у тым ліку для садовых таварыстваў, з рэспубліканскага бюджэту выдзелены субвенцыі на фінансаванне расходаў па зносе непрыдатных для выкарыстання аб’ектаў і гэтак далей. Падрыхтаваны праекты нарматыўна-прававых актаў, якія рэгламентуюць дзейнасць садовых таварыстваў і ўтрыманне аб’ектаў добраўпарадкавання. Пытанне занятасці і стан рынку працы будзе таксама дэталёва прааналізаванае. У Беларусі выбудавана сур’ёзная прававая база работы з насельніцтвам, накіраваная на стварэнне ўмоў для працаўладкавання і занятасці. Ва ўсіх гарадах і раёнах працуюць пастаянна дзеючыя камісіі па садзейнічанні занятасці, якія ўзначальваюць старшыні раённых Саветаў дэпутатаў.

Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на тое, што сітуацыя на рынку працы Беларусі характарызуецца ростам узроўню занятасці насельніцтва і нізкім узроўнем беспрацоўя. Колькасць занятых у эканоміцы летась павялічылася на 10,4 тысячы чалавек і склала 4 мільёны 159 тысяч. На жаль, ёсць яшчэ грамадзяне, якія працаваць не жадаюць. І ў гэтых умовах роля мясцовых Саветаў становіцца ключавой. Хто як не дэпутаты ведаюць сітуацыю на месцах і могуць на яе паўплываць.

— Гэта не проста эканамічная задача, гэта пытанне сацыяльнай справядлівасці, стабільнасці і дабрабыту нашай краіны, — звярнула ўвагу на важнасць тэмы Наталля Качанава. — Прэзідэнт краіны неаднаразова казаў, што аснова асноў — гэта эканоміка. Яна — галоўная зброя ў сучасным свеце. Будзе эканоміка, будзе і краіна. 
На пасяджэнні былі заслуханыя даклады старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Наталлі Паўлючэнка, старшыні Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Дзямідава, старшыні Бабруйскага гарсавета Ірыны Рынейскай і іншых.

Ірына Рынейская расказала, як праблема занятасці вырашаецца на прыкладзе Бабруйска. Яна звярнула ўвагу на тое, што ўзровень беспрацоўя па мінулым годзе склаў 0,2%, а колькасць вакансій перавышала колькасць беспрацоўных. Прычым найбольшая патрэба — 75 % — была ў работніках рабочых спецыяльнасцяў. 

На пасяджэнні прагучаў шэраг слушных прапаноў, як палепшыць сітуацыю на рынку працы. Дакладчыкі звярталі ўвагу на тое, што трэба больш сур’ёзна падыходзіць да непрацуючых. 

— Усе прапановы, якія тут прагучалі, мы адпрацуем, запішам у пратакол і накіруем у дзяржаўныя органы, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Мы прапануем варыянты, як матываваць людзей, якія незанятыя ў эканоміцы, працаваць. А наогул трэба надаваць больш увагі ролі сям’і і сістэме адукацыі. Бо ўсё закладваецца там. Калі дзіця бачыць, што бацькі працуюць, і, зарабляючы сваёй працай, чагосьці дасягаюць, вядома, яно будзе імкнуцца быць падобным на іх. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю