Top.Mail.Ru

Каго прымуць у ВНУ без iспытаў?

У рэгіёнах робяць усё, каб мясцовых прафесiяналаў на месцы рыхтавалi i ў сябе ж у рэгiёне працаўладкоўвалi.

Народная мудрасць «дзе нарадзiўся, там i спатрэбiўся» сёння набывае асаблiва актуальны сэнс. Прамысловасць, сельская гаспадарка, iншыя сферы жыццядзейнасцi краiны iдуць па шляху ўстойлiвага развiцця. Новыя прагрэсiўныя тэхналогii ўкараняюцца i выкарыстоўваюцца ва ўсiх сферах эканомiкi. I ўсё роўна, дзе размяшчаюцца арганiзацыi гэтых сфер — у сталiчным рэгiёне або правiнцыi, — усюды патрэбныя спецыялiсты адпаведнай квалiфiкацыi. Нашы рэгiянальныя ВНУ робяць усё, каб сваiх, мясцовых прафесiяналаў на месцы рыхтавалi i ў сябе ж у рэгiёне працаўладкоўвалi.
Сёлета ў беларускiя ВНУ плануецца залiчыць 31,8 тысячы бюджэтнiкаў — гэта на 400 месцаў больш, чым было летась. Iльготную траекторыю паступлення ў рэгiянальныя ўнiверсiтэты (залiчэнне без уступных iспытаў) атрымаюць 1260 пераможцаў унiверсiтэцкiх алiмпiяд. Медалiсты, уладальнiкi «чырвоных дыпломаў» каледжаў, пераможцы (дыпломы I, II, III ступенi) трэцяга (абласнога, Мiнскага гарадскога) этапа рэспублiканскай алiмпiяды па вучэбных прадметах таксама могуць паступаць у рэгiянальныя ВНУ без экзаменаў амаль на ўсе спецыяльнасцi. Выключэнне складаюць толькi кірункi навучання з медыцынскiм профiлем, спецыяльнасцi «Мiжнародныя адносiны», «Мiжнароднае права», «Правазнаўства», «Эканамiчнае права», «Дзяржаўнае кiраванне i права», «Усходазнаўства» i спецыяльнасцi, дзе профiльныя выпрабаваннi — «Творчасць», «Фiзiчная культура i спорт».

Выпускнiкi Нацыянальнага дзiцячага тэхнапарка таксама маюць iльготы. Iх чакаюць i прымуць без экзаменаў на запатрабаваныя спецыяльнасцi. Нагадаем, аднак, што для залiчэння ва ўнiверсiтэт iм патрэбныя рэкамендацыя назiральнага савета дзiцячага тэхнапарка i паспяхова пройдзенае сумоўе ў выбраным унiверсiтэце.

Выпускнiкi пяцi лiцэяў, якiя створаны на базе БДУ, БНТУ, ВДУ iмя П. М. Машэрава, Беларуска-Расiйскага ўнiверсiтэта, Палескага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, таксама атрымалi права паступаць у свае ВНУ без здачы экзаменаў. Але гэта ў тым выпадку, калi выкананыя важныя ўмовы: па профiльных прадметах у атэстаце трэба мець адзнаку не нiжэй за 9 балаў, па iншых вучэбных дысцыплiнах — ад 8 балаў i вышэй.

Сёлета ўпершыню выпускаюцца са школ вучнi iнжынерных класаў. Па словах мiнiстра адукацыi Андрэя Iванца, выпускнiкi гэтых класаў змогуць паступаць без экзаменаў у сталiчныя i рэгiянальныя ВНУ на больш чым 70 спецыяльнасцяў.

Алена ВIНАГРАДАВА
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю