Рэспубліканская акцыя стартавала 28 верасня, кірмашы свабодных працоўных месцаў праходзяць ва ўсіх рэгіёнах краіны, а свае вакансіі прапануюць саіскальнікам больш за 2,5 тысячы прамысловых, сельскагаспадарчых, гандлёвых прадпрыемстваў.
Сталічны кірмаш адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў 1 кастрычніка. На ніжнім узроўні гандлёвага цэнтра «Сталіца» людзей сабралася шмат: маладзейшыя, старэйшыя — усе з цікавасцю абыходзілі сталы і стэнды прадпрыемстваў з прапановамі вакансій. Наведвальнікі кірмашу з цікавасцю праглядалі буклеты і праспекты, каля стэндаў тым часам завязваліся ажыўленыя гутаркі паміж наймальнікамі і патэнцыяльнымі супрацоўнікамі.
Кадравікі вырашаюць усё
З Ганнай Пятроўнай, пенсіянеркай з Мінска, мы разгаварыліся каля стэнда Дэпартамента аховы МУС.
— Лета невылазна сяджу на дачы, — дзеліцца жанчына. — Увосень вяртаюся ў горад, а праводзіць зіму ў кватэры — гэта не справа, трэба быць сярод людзей, працаваць для людзей, таму вось хаджу, падшукваю месца вахцёра ў школе або вартаўніка ў дзіцячым садку — вельмі люблю дзетак.

Тут і прапанова: прадпрыемства «Мінсктранс» шукае вахцёраў у інтэрнат.
— Пры асабістай гутарцы ўбачыць дасведчанага, мудрага і добрага чалавека ў саіскальніку можна практычна адразу, — дзеліцца вядучы спецыяліст па кадрах «Мінтранса» Наталля ПАЖЫТОК. — І мы кажам яму: дзякуй за вашыя мудрасць і вопыт, калі ласка, падзяліцеся імі з нашымі работнікамі ў інтэрнатах.
Наталля Пажыток дзеліцца гісторыяй аднаго саіскальніка:
— Кіроўца з катэгорыяй D, які доўгі час вадзіў пасажырскі транспарт, прасіў падабраць працу, не звязаную з ваджэннем. Я пацікавілася, ці не хоча ён пайсці працаваць майстрам вытворчага навучання. Ён быў вельмі здзіўлены, аказалася, такую магчымасць нават не разглядаў. Саіскальніку яшчэ трэба будзе сустрэцца з кіраўніцтвам каледжа, дзе мы рыхтуем да павышэння кваліфікацыі нашых вадзіцеляў, але, я думаю, усё складзецца найлепш.

Што датычыцца вынікаў працы на кірмашы, то іх спецыяліст ацэньвае як выключна станоўчыя.
— 5 або 6 саіскальнікаў з кірмашу ўладкаваліся да нас на прадпрыемства прыбіральшчыкамі памяшканняў, — канстатуе яна. — Мы імі вельмі задаволеныя, цэняць сваё працоўнае месца і яны.
Усё ў адным месцы
Начальнік аддзела па ўзаемадзеянні з наймальнікамі ўпраўлення занятасці насельніцтва Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Дар’я ЕРМАКОВА адзначыла, што ў Мінску пражывае больш за 442 тысячы чалавек, старэйшых за 65 гадоў. Практычна кожны трэці пенсіянер працягвае знаходзіцца ў працоўных адносінах.

— Таму актуальнасці падобныя мерапрыемствы не губляюць, — канстатавала яна. — На кірмашы прысутнічаюць 42 наймальнікі, гатовыя прапанаваць грамадзянам гэтай катэгорыі свае працоўныя месцы — больш за паўтары тысячы вакансій, прычым больш чым 500 з іх — для інвалідаў. Прафесіі разнастайныя — як рабочыя, так і спецыяльнасці для служачых — падсобныя рабочыя, дворнікі, вартаўнікі, вахцёры. Ёсць вакансіі эканаміста, бухгалтара.
Дар’я Вячаславаўна адзначае высокую актыўнасць і вельмі адказны падыход да мерапрыемства з боку мінчан, а з боку арганізатараў кірмашу і прадпрыемстваў — зручнасць для наведвальнікаў і максімальна спрошчаная працэдура пошуку і нават атрымання жаданай працы.

— Саіскальнікі не толькі могуць азнаёміцца з прапанаванымі вакансіямі, але і пракансультавацца са спецыялістамі ў заканадаўстве аб занятасці, сацыяльным абслугоўванні і пенсіённым забеспячэнні, — расказала падрабязнасці спецыяліст камітэта. — Яны нават могуць прайсці сумоўе на вакантную пасаду непасрэдна з наймальнікамі, і, калі абодва бакі ўсё задавальняе, у наступны раз ўжо сустрэцца пры ўладкаванні чалавека на працу.
У кірмашовай зале таксама вялі работу і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў інвалідаў, якія забяспечваюць прэтэндэнтаў на працоўныя месцы ўсёй неабходнай інфармацыяй аб нюансах працаўладкавання людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

.jpg)
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД