Top.Mail.Ru
294

Каля 50 аперацый штодзень праводзяць у РНПЦ дзіцячай хірургіі

У год у РНПЦ дзіцячай хірургіі праходзяць лячэнне больш за сем тысяч пацыентаў, звыш пяці тысяч з іх аперыруюцца.


Самы маленькі прааперыраваны тут пацыент важыў усяго 530 грамаў. А нованароджанаму масай 1,5 кг была выканана аперацыя на адкрытым сэрцы з яго спыненнем і паспяховым запускам пасля ўмяшання. Зрэшты, большасць кардыяхірургічных аперацый — 57 % — тут праводзіцца без разрэзаў — эндаваскулярна. Смяротнасць пацыентаў пасля такіх аперацый ніжэйшая, чым у найлепшых клініках Паўночнай Амерыкі і Еўропы, — летась яна склала ўсяго 1,5 %. Складана ўявіць, але такіх вынікаў дзіцячыя хірургі дасягнулі за адносна непрацяглы тэрмін — сёлета РНПЦ дзіцячай хірургіі спаўняецца 10 гадоў.

50 аперацый штодзень

Тут дапамагаюць дзецям па трох кірунках: кардыяхірургія і парокі сэрца, дзіцячая хірургія (парокі развіцця грудной, брушной поласцей, усе вострыя хірургічныя захворванні, апендыцыты, грыжы, усе гнойныя захворванні), эндаскапія. У сярэднім за год у РНПЦ звяртаюцца каля 45–50 тысяч пацыентаў. У асноўным дзіцячыя хірургі займаюцца пацыентамі да 18 гадоў.

Летась праз спецыялістаў цэнтра прайшлі 46,4 тысячы пацыентаў. Былі шпіталізаваныя і атрымалі лячэнне, у асноўным у выглядзе аперацый, 7,6 тысячы пацыентаў. Аналагічныя паказчыкі — 7–7,5 тысячы дзяцей за год — назіраюцца на працягу некалькіх апошніх гадоў.

— Летась мы зрабілі 5850 аперацый — каля 50 штодзень. На мой погляд, гэта даволі сур’ёзная лічба. І гэта не толькі аперацыі накшталт апендыцыту, грыжы, але і сур’ёзныя эндаваскулярныя, эндаскапічныя і аперацыі на сэрцы, якія доўжацца па 5, 6, 7, 8, 10 гадзін, — адзначыў дырэктар РНПЦ дзіцячай хірургіі Канстанцін Драздоўскі. — З ліку ўсіх аперацый 25 % былі высокатэхналагічнымі. Гэта ўмяшанні, якія выкананы з выкарыстаннем самага сучаснага абсталявання, найбольш кваліфікаванымі хірургамі, як правіла, яны дастаткова рэдкія.

Самае галоўнае пры гэтым — каб дзеці заставаліся жыць. За апошнія гады пасляаперацыйную смяротнасць удалося знізіць. У мінулым годзе гэты паказчык склаў 0,39. Калі параўноўваць з папярэднімі гадамі, то ў 2023-м лятальнасць была 0,6, у 2022-м — 0,5, у 2021-м — 0,7. Калі браць кардыяхірургічныя аперацыі, а менавіта дзеці з хворым сэрцам гінуць найчасцей, то ў 2016 годзе смяротнасць складала 3,5 %, у 2017-м — 2 %, 2020–2021 — 2,5–3,5 %, летась — 1,5 %.

Такім чынам, летась супрацоўнікі цэнтра дабіліся ўнікальных вынікаў.

— Гэта заслуга калектыву, прафесіяналаў, якія ў нас працуюць. Адназначна гэта заслуга дзяржавы, якая забяспечвае наш цэнтр усім неабходным для работы. Мы не можам сказаць, што сёння нам чагосьці не хапае, каб дапамагчы дзіцяці ў любой сітуацыі — хірургічнай і не толькі, — падкрэсліў Канстанцін Драздоўскі.

Малаінвазійныя ўмяшанні

Намеснік дырэктара РНПЦ дзіцячай хірургіі па лячэбнай рабоце Аляксандр Свірскі адзначыў, што сёння ў свеце развіваецца такі кірунак, як мініінвазійныя ўмяшанні. Гэта распрацоўкі апошніх 20–30 гадоў, якія ўдалося ўкараніць з развіццём тэхнічных магчымасцяў. Менавіта гэта дазваляе зменшыць траўматычнасць, скараціць тэрміны аднаўлення і знаходжання ў стацыянары, што асабліва важна ў дзіцячым узросце.

— Са станаўленнем нашага цэнтра мы прыйшлі да мэты, якая была пастаўлена пры яго фарміраванні: прытрымлівацца ўсіх сусветных тэндэнцый у дзіцячай хірургіі, якая развіваецца ў вядучых краінах. І на сёння мы можам сказаць, што ў цэнтры дзіцячай хірургіі прадстаўлены ўсе віды хірургічных умяшанняў, якія выконваюцца як у еўрапейскіх, так і паўночнаамерыканскіх клініках, дзе займаюцца дзіцячай хірургіяй, — дадаў Аляксандр Свірскі.

У 2015 годзе, калі быў створаны РНПЦ, тут выканалі 500 мініінвазійных умяшанняў, цяпер за год іх — каля 2 тысяч. Гэта розныя віды ўмяшанняў: торакаскапічныя, лапараскапічныя, эндаскапічныя. Сярод іх — шэраг аперацый, распрацаваных і асвоеных спецыялістамі цэнтра. У прыватнасці, апошнім часам хірургі асвойваюць новыя аперацыі, якія раней не выконваліся, — на трахеі, бронхах, лёгкіх.

РНПЦ дзіцячай хірургіі цесна супрацоўнічае з РНПЦ «Маці і дзіця», дзе выходжваюць дзяцей з экстрэмальна нізкай масай цела. Такія дзеці з парокамі развіцця аперыруюцца пасля нараджэння ў цэнтры хірургіі.

— Кошт такога лячэння дастаткова высокі. Урачэбныя і сястрынскія затраты па доглядзе і выходжванні дзетак таксама велізарныя. І калі праз год-два такія дзеці прыходзяць з бацькамі да нас у госці, усміхаюцца дактарам і медсёстрам, мы адчуваем, што сваю задачу выканалі, — адзначыў Аляксандр Свірскі.

Алена КРАВЕЦ

У тэму

Колькасць замежных пацыентаў летась вырасла ў тры разы

Як адзначыў Канстанцін Драздоўскі, у РНПЦ дзіцячай хірургіі прыязджаюць аперыравацца дзеці з іншых краін. За апошні год колькасць такіх пацыентаў вырасла ў тры разы. Пераважна гэта дзеці з краін Сярэдняй Азіі і Расіі. А брыгады беларускіх хірургаў выязджаюць аперыраваць за мяжу: у Казахстан, Узбекістан, Кыргызстан, Расію, працавалі яны і ў рамках аналагічных сумесных праграм з Грузіяй і ААЭ.

Тым часам

У Магілёўскай гарадской бальніцы пачаў дзейнічаць новы корпус

Новы васьміпавярховы корпус Магілёўскай клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі пабудаваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы. На яго ўзвядзенне было накіравана больш чым 180 мільёнаў рублёў. У ім прадугледжана ўсё для арганізацыі аказання экстраннай неадкладнай медыцынскай дапамогі новага фармату, для гэтага тут ёсць самае сучаснае абсталяванне.

Міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў, які азнаёміўся з магчымасцямі новага корпуса, падкрэсліў, што сёння беларуская медыцына аказвае дапамогу на сусветным узроўні.

— Усе даручэнні кіраўніка дзяржавы, якія мы выконваем ужо больш як 30 гадоў, дэманструюць клопат дзяржавы аб простых людзях, — сказаў ён. — На працягу многіх гадоў тэхналагічнае абсталяванне пастаўляецца не толькі ў бальніцы сталіцы, але і ў рэгіёны. Цяпер ідзе ўжо не дааснашчэнне, а пераабсталяванне. Тое абсталяванне, якое адпрацавала дзесяць гадоў, састарэла па сваіх тэхналагічных характарыстыках. За 2024 год з бюджэту было накіравана 500 мільёнаў рублёў на набыццё высокатэхналагічнага медабсталявання. Медыцына павінна ратаваць жыцці людзей, зніжаць смяротнасць і забяспечваць вельмі хуткае выздараўленне і рэабілітацыю. Гэта не новы ўзровень аказання дапамогі пацыентам, а сусветны вопыт, які мы сёння ўкараняем і будзем далей укараняць па меры яго паступлення.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка паведаміў, што на рамонт і будаўніцтва аб’ектаў аховы здароўя ў вобласці накіравана каля 170 мільёнаў рублёў. На абнаўленне медыцынскага абсталявання з абласнога бюджэту пайшло больш чым 30 мільёнаў рублёў. «Шмат увагі ўдзяляецца і самім медработнікам, — сказаў губернатар. — Для іх у Магілёве пабудавалі арэндны дом. Сёлета такі ж дом будзе здадзены ў Бабруйску. Усё, што робіцца, — гэта планамерная работа для паляпшэння сістэмы аховы здароўя».

Нэлі ЗІГУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю