Вясёлыя дзяўчаты, пераапранутыя ў самабытныя народныя строі, з каляднай зоркай, ёмістымі торбачкамі шумна прайшліся па вуліцах Клічава напярэдадні старога Новага года. Яны спявалі калядныя песні, стукаліся ў вокны да жыхароў, жадалі ўсім шчасця і дабрабыту. Месцячы ж спяшаліся чымсьці аддзячыць гарэзлівых калядоўшчыц — частавалі піражкамі, цукеркамі, блінамі, смачным з мясной праслойкай духмяным салам. Юныя калядоўшчыцы знакамітыя ў раёне асобы — яны ўдзельніцы ўзорнага фальклорнага ансамбля «Купалачка», які кожны год 13 студзеня выходзіць на вуліцы, каб падняць настрой дзіцячым калядным абрадам «Куры».
— У нашым раёне вельмі распаўсюджаныя калядныя абрады, — падзялілася начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Клічаўскага райвыканкама Ірына Суднік.— Найбольш маштабна іх адзначаюць у вёсках Нясята, Дзмітраўка і Віркаў. Ідэйны натхняльнік гэтых відовішчных мерапрыемстваў — завуч дзіцячай школы мастацтваў райцэнтра Наталля Коктыш. Менавіта яна прывівае любоў да народнай спадчыны нашай моладзі. Асабліва актыўна ўдзельнічаюць у калядных гульнях дзяўчаты. А ў абрадзе «Куры» наогул удзельнічаюць выключна дзяўчынкі. Абрад, дарэчы, вядомы ў краіне. Ён уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Шмат хто прыязджае паназіраць за захапляльным працэсам. Жыхары таксама вельмі чакаюць гэтага свята і рыхтуюцца да яго.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з тэлеграм-канала Mogilevnewsby