Сёння механізатары аграгаспадарак Магілёўскай вобласці атрымалі ключы ад новай зернеўборачнай тэхнікі. 55 камбайнаў вытворчасці «Гомсельмаш» закуплена за кошт сродкаў абласнога бюджэту.
— Дзякуючы падтрымцы і рашэнням Кіраўніка дзяржавы, урада, а таксама непасрэдна старшыні Магілёўскага аблвыканкама, мы дапамаглі нашым аграрыям і купілі новую сучасную тэхніку, — адзначыў падчас урачыстай цырымоніі першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Савіцкі. — Вось ужо трэці год запар ідзе актыўнае абнаўленне тэхнікі. Калі па выніках 2024 года мы абнавілі 5-7% машынна-трактарнага парка, то па выніках 2025 года наблізіліся да адзнакі амаль 10%. Сёлета на нашы прадпрыемствы, машынныя двары сельгасарганізацый прыбудзе каля 1800 адзінак тэхнікі на больш чым 300 мільёнаў рублёў. Абнаўленне аўтапарка дае магчымасць аптымізаваць тыя выдаткі, якія ёсць у гаспадарках для выканання перш за ўсё ўборачных работ. Стаіць задача якасна і ў тэрмін сабраць кожны кілаграм кармавых адзінак і збожжа.
Сяргей Савіцкі паведаміў таксама, што ў Магілёўскай вобласці дастаткова добра наладжаны працэс абнаўлення не толькі ў галіне механізацыі, але і жывёлагадоўлі.
Мерапрыемства перадачы тэхнікі камбайнерам раёнаў прайшло ў святочнай абстаноўцы з удзелам артыстаў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з тэлеграм-канала mogilevnewsby