Незалежны, прыгожы, моцны — такія думкі раіліся ў галаве, калі я, хаваючыся за надзейную спіну гаспадара, назірала за яго гнядым любімцам. Племянны жарабец трохгадовы Круп, выпушчаны са стойла, усім сваім выглядам дэманстраваў агонь, энергію, экспрэсію. Усе тыя моцныя якасці, якія нам, беларусам, спатрэбяцца ў наступным годзе.
Анатоль Мачохін улюбёны ў коней з дзяцінства. Успамінае, што як толькі вяртаўся са школы дамоў, адразу ж бег да сваіх любімцаў у калгас. На той час племсаўгас «Авангард» лічыўся моцнай гаспадаркай і нядрэнна зарабляў на рэалізацыі тых жа коней — іх там было 240. Пасля Клімавіцкага аграрнага тэхнікума Анатоль Мачохін 10 гадоў працаваў тут галоўным заатэхнікам, а потым, расчараваўшыся ў сельскай гаспадарцы, падаўся ў ратавальнікі. Але любоў да коней не адпускала. І калі быў яшчэ на службе, пачаў набываць коней для сябе. І не абы якіх, а менавіта племянных. Бізнес на той час быў прыбытковы. Жарабят куплялі нават за мяжу. Але інтарэс з кожным годам змяншаўся, і гандляваць стала цяжэй. Мачохін жа адмаўляцца ад любімцаў не жадаў. І сёння ў яго іх каля 40.
Калі я ўбачыла гэты статак, была ў невыказным захапленні. Глядзела ва ўсе вочы і пранікалася павагай да гаспадара. Які ж ён малайчына, што захаваў такую прыгажосць. А ён смяецца, кажа, што жонка і дачка яму ўсе вушы пратрубілі: навошта табе гэта, адны выдаткі і ніякага прыбытку. Толькі Анатоль не пагаджаецца. Кажа, што паміраць будзе, а захавае табун.
Прыбытку ад коней і сапраўды ніякага. Каб карміць сям’ю, фермер трымае кароў, свіней, збірае малако ад насельніцтва і здае дзяржаве. Прызнаецца, што яго малакавоз за адзін рэйс пераадольвае каля 200 кіламетраў.
" У 5 раніцы садзімся з лабарантам і вадзіцелем у машыну і паехалі, — кажа суразмоўнік. — Круглае, Слабодка, Філатава, Круча, Рубеж, вёска Паўлавічы, Марц’янавічы, Хількавічы, Шапялевічы і гэтак далей.
Другую частку раёна аб’язджае прадпрыемства «Бабушкіна крынка». Зімой праз дзень збіраю, у сярэднім па дзве тоны атрымліваецца, улетку столькі ж за дзень. На жаль, кароў становіцца ўсё меней. Старыя не могуць трымаць, а маладыя не хочуць. Што тут казаць пра коней. Іх у раёне практычна няма«.
Першы памочнік ў справе — сын Аляксей. Ён атрымаў у спадчыну ад бацькі цікавасць да коней. Скончыў спачатку Клічаўскі аграрна-тэхнічны каледж, потым Беларускую сельгасакадэмію па спецыяльнасці «заатэхнік». Ён цяпер правая рука бацькі. У гаспадарцы ёсць свая тэхніка, нават два камбайны. На іх фермер апрацоўвае 250 гектараў зямлі.
У вёсцы людзі заўсёды працавалі ад раніцы да вечара. І Анатоль Мачохін жыве па такім прынцыпе. Кажа, што гэта лепш, чым проста ляжаць на канапе. І ад дрэнных учынкаў адцягвае. Кажа, што калі б усе працавалі сумленна, не было б і 2020-га года. На яго думку, на вуліцы тады выйшлі тыя, каму не было чым заняцца. «Іх бы да нас у калгас, зямлю капаць, — разважае ён. — Хутка за розум узяліся б».
Найбольш каштоўныя экзэмпляры коней, якія даюць элітнае патомства, утрымліваюцца выключна ў канюшні. А ў загоне пад адкрытым небам у асноўным кабыліцы. Гаспадар па-заліхвацку свішча — ш-ш-шысць! Статак адказвае лёгкім іржаннем і накіроўваецца да нас. Кабылкі, у адрозненне ад жарабцоў, спакойныя. Нават дазваляюць пачасаць грыўку. А вось пакатацца не атрымалася. Гаспадар папярэдзіў, што ў яго не ўсе коні аб’езджаныя. І нават ён не ўсіх можа асядлаць.
— Ездзім у асноўным летам, калі пасём, — тлумачыць Анатоль Мачохін і з гонарам дадае. — Вунь тая светлая, саловая, — беларуская запражная, а гнядая з лыскай — гановерская парода. У загоне яны ўсе смірныя, а выпусці ў поле — можаш не злавіць. Прыходзіцца прывязваць, а то ўцякуць.
У Анатоля Мачохіна, дарэчы, цяга да зямлі ад продкаў. Прызнаецца, што апрацоўвае зямлю, дзе да рэвалюцыі стаяў маёнтак яго прадзеда. Той меў вялікую гаспадарку, пасля рэвалюцыі падаўся ў Амерыку шукаць лепшага жыцця. Але яго сын, дзед Анатоля, застаўся на радзіме. І ўсю сваю любоў перадаў унуку. А той — сыну.
Суразмоўнік перажывае, што сыходзіць у мінулае яго вёсачка, тая, якой была яшчэ ў яго дзяцінстве. І спрабуе крыху запаволіць працэс.
Праехаліся па Паўлавічах, далёка не ўсе дамы жылыя. Але аптыміст Мачохін не здаецца, робіць усё, каб затрымаць землякоў. Камусьці дае магчымасць падзарабіць, падлеткам прапануе на тых жа конях пакатацца. Такі занятак вельмі ад тэлефонаў адцягвае. Калі палюбіш гэтую прыгожую жывёлу, ужо будзе не да цацак, як ён называе мабільнікі.
Пра коней Анатоль Мачохін можа расказваць гадзінамі. Пра іх звычкі, павадкі. Ды што там казаць, у яго нават мелодыя на тэлефоне — конскае ржанне.
— Вясной з дапамогай гэтага званка высвятляю, якая кабыліца ў ахвоце, — усміхаецца суразмоўнік. — Адразу ж пачынае стрыгчы вушамі і ціха адгукацца.
Калі казаць пра будучы год, зыходзячы з характару коней, то, як адзначае гаспадар, калі не спаць у шапку, а рухацца, то ўсё будзе ў шакаладзе. Коні ж сапраўдныя працаўнікі. Яшчэ адна добрая рыса гэтых жывёл — цяга да калектывізму, яны заўсёды трымаюцца разам. У адзінстве вялікая сіла. Вось і нам трэба быць разам і не адрывацца ад тых, хто наперадзе.
Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара
г. Круглае