Top.Mail.Ru

Каваць прафесійныя кадры магілёўскай установе адукацыі дапамагае ўласны музейны комплекс

Аўтар:
У каледж — па эмоцыі

Хто такі Алег Адамавіч БАХАНОВІЧ, магіляўчанам тлумачыць не трэба. Шмат хто ў горадзе Магілёўскі эканамічны прамыслова-тэхнічны каледж называе не інакш як яго імем. Колькі ідэй, планаў, знаходак ён укараніў у адукацыйнае жыццё, цяжка і падлічыць. А яго праект з музейным складнікам атрымаўся наогул вельмі маштабным і амбіцыйным. Сёлета каледж, пераемнік школы фабрычна-завадскога вучнёўства, створанай у 1931 годзе пры КШТ, адзначае 95-годдзе. Да свайго прыгожага юбілею ён прымеркаваў адкрыццё музейнага комплексу «Спадчына роднага краю». Карэспандэнт «Звязды» наведала ўсе яго 38 (!) залаў.

У рэестры Міністэрства культуры

Наколькі перадавы гэты каледж, можна пачытаць у 89-м нумары «Звязды» ад 12 мая за гэты год. Установа тройчы прызнавалася найлепшай сярод аналагічных у маштабах краіны і 28 разоў лідзіравала сярод устаноў прафесійнай адукацыі Магілёўскай вобласці. Толькі летась работнікі і навучэнцы каледжа атрымалі 559 дыпломаў розных ступеняў у гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, аглядах, фестывалях. Гэта заслуга калектыву каледжа і яго дырэктара Алега Бахановіча, які натхняе каманду і ўсяляк яе апякуе. Сам ён не менш тытулаваны — заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Магілёўскага аблвыканкама «Чалавек года», ганаровы грамадзянін горада Магілёва, яго імя занесена ў Кнігу славы Магілёўшчыны.


Усе ведаюць, што з «бахановіцкага» каледжа выходзяць не толькі высакакласныя спецыялісты, але і сапраўдныя патрыёты. 

І той самы музей, які сёлета быў адкрыты для свабоднага наведвання ўсімі жадаючымі, — частка адукацыйнай праграмы, якой карыстаецца ўстанова. Пачатак быў пакладзены ў 2005 годзе з невялічкага музея гісторыі каледжа, у 2012 годзе да яго дадаўся гісторыка-этнаграфічны блок, а яшчэ праз тры гады з’явілася магчымасць адаптаваць пад іншыя «музейныя» ідэі няўрымслівага кіраўніка падвал і памяшканне былой сталовай — больш за 1300 квадратных метраў.

— У стварэнні музея ўдзельнічала больш за 770 чалавек — электрыкі, сантэхнікі, сталяры, розныя іншыя спецыялісты, работнікі і навучэнцы каледжа, якія займаліся фарміраваннем экспазіцыі, — кажа Алег Адамавіч. — Ідэі былі мае, але без аднадумцаў яны так і засталіся б нерэалізаванымі. Наш музейны комплекс першы і пакуль адзіны ў краіне па маштабе сярод устаноў адукацыі. 

З канца 2025 года ён унесены ў рэестр Міністэрства культуры як музейны комплекс. У нас ёсць свае экскурсаводы і распрацаваныя экскурсіі на 45 хвілін і 2 гадзіны.

Два паверхі гісторыі

Шыльда з надпісам «Музейны комплекс «Спадчына роднага краю» на ўваходзе ў вучэбны корпус каледжа па вуліцы Чалюскінцаў бачная здалёк. Тут знаходзяцца ўнікальны духоўна-асветніцкі цэнтр імя Кірыла і Мяфодзія і яшчэ два паверхі музейных залаў, прысвечаных розным гістарычным эпохам, людзям, падзеям.


Распрацоўшчыкам і вытворцам макетаў і дыярам з’яўляецца намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Аляксандр МАТОЛІН. Ён і яго вучні зрабілі іх каля 100. Шэраг вядомых культавых будынкаў паменшаных памераў знаходзіцца ў духоўна-асветніцкім цэнтры. Аляксандр Матолін распрацоўваў для яго і іканастас, які з дапамогай электрыкаў атрымаў святлодыёдную падсветку. Такога, як запэўнівае педагог дадатковай адукацыі Канстанцін МАІСЕЕЎ, няма больш нідзе. На плошчы каля 90 квадратаў акрамя макетаў і іканастаса знаходзяцца розныя царкоўныя аблачэнні і прадметы. Сярод рарытэтаў старадаўняя і адрэстаўраваная цудоўным майстрам вытворчага навучання Аленай БАРДЗІЛОЎСКАЙ харугва і зборнік малітоўных песнапенняў 1756 года.

— Гэту рэдкую кнігу навучэнцы вывучалі з усіх бакоў, — удакладняе загадчыца аддзялення прафесійна-тэхнічнай адукацыі Вольга ЗУБАРАВА. — Наогул, дзякуючы музейнаму комплексу з’явілася шмат даследчых работ. У гэтай зале вывучаем гісторыю царквы, у ваенным — усіх войнаў, якія закранулі Беларусь... Формы ўрокаў розныя, у тым ліку квэсты. На дадзены момант па музеі працуюць 116 навучэнцаў.

Сапраўдныя рарытэты

Сёння ў музейным комплексе знаходзіцца больш чым 5,5 тысячы экспанатаў, частка з іх створана работнікамі і навучэнцамі. Хапае і вельмі рэдкіх прадметаў XVІІІ—XІX стагоддзяў. У каледжы нават ёсць Дзень збору экспанатаў, які прыпадае на 1 верасня. Хоць, па словах педагогаў, яны паступаюць сюды, лічы, кожны дзень. Вельмі ўдзячныя тут і шчодрым мецэнатам. Захавальнік фондаў музея Людміла ВЕРАЦЕННІКАВА дэманструе калекцыю рэдкіх манет XVІІІ—XІX стагоддзяў, якая з’явілася тут дзякуючы такім вось дабрадзеям. А яшчэ ў музеі можна ўбачыць кавалак біўня маманта, які вельмі добра захаваўся. Падарыў яго аднаму з супрацоўнікаў каледжа маскоўскі археолаг, а той перадаў яго сюды.


Сем залаў адведзена гісторыі Магілёва. Тут можна ўбачыць яго ганаровых грамадзян, вядомых асоб, асветнікаў — усіх тых, хто пакінуў след у гісторыі не толькі горада, але і ўсёй беларускай зямлі. Выхаванцы студыі дызайну пад кіраўніцтвам таленавітых педагогаў зрабілі на ўсю сцяну так званае дрэва жыцця Магілёўскай вобласці з гербамі райцэнтраў. Віртуальнае падарожжа па краіне і асобна па Магілёве дапамагаюць зрабіць дыярамы з мініяцюрнымі копіямі знакавых будынкаў. На дыяраме абласнога цэнтра ўсе яго дамінанты размешчаныя хаатычна, каб навучэнцы маглі папрактыкавацца ў веданні Магілёва.

— У музеі захоўваецца 4 сцягі, — звяртае ўвагу на вітрыну з дзяржаўнымі сімваламі загадчык аддзялення сярэдняй спецыяльнай адукацыі Дзмітрый ІВАНОЎ. — Адзін з іх — Магілёўскага аблвыканкама, які перададзены нам на бестэрміновае захаванне за шматгадовае лідарства і ўнёсак у развіццё прафтэхадукацыі.

Каледж вядомы сваімі таленавітымі мастакамі і дызайнерамі. Іх рукамі аформлены сцены і столі музейнага комплексу, напісаны іконы, фрэскі, рэплікі вядомых карцін, партрэты тых, хто пакінуў выразны след у жыцці ўстановы. Асобная зала, прысвечаная славутасцям Беларусі, спадчыне, унесенай у спіс аб’ектаў ЮНЕСКА.

У памяці назаўжды

Асобны блок — ваенна-патрыятычная тэматыка, куды ўваходзяць залы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, партызанскай славе, генацыду. Сярод франтавікоў і першыя кіраўнікі ўстановы Мікалай Яўгенавіч АБРАМКІН і Іван Пятровіч МЯТЛЮК. Баявы шлях Івана Пятровіча быў адзначаны ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені і Чырвонай зоркі.

— Частку ваенных экспанатаў, знойдзеных на палях, нам перадалі пошукавікі, шмат чаго зрабілі навучэнцы пад кіраўніцтвам ветэрана нашай установы Мікалая АБДРАШЫТАВА, — удакладняе педагог дадатковай адукацыі Мікалай КАЗЛОЎ.

Некаторыя залы вяртаюць у савецкае мінулае, дэманструюць, як развівалася беларуска-расійскае супрацоўніцтва. Падчас нядаўніх урачыстасцяў, прысвечаных 95-годдзю ўстановы, тут пабывала шмат ганаровых гасцей, у тым ліку з замежжа. Яны таксама папоўнілі музей сваімі экспанатамі.

Галерэя рамёстваў

Яшчэ адзін музейны блок — гісторыка-этнаграфічны — дае ўяўленне пра беларускія рамёствы і промыслы.

Тут можна прасачыць эвалюцыю старадаўніх сталярных інструментаў і прыстасаванняў, якімі карысталіся нашы продкі, убачыць багатыя калекцыі калаўротаў, ікон, ручнікоў, посуду. І нават прымераць андарак, або даведацца пра стварэнне «фалешкі» — саматужнай іконы савецкага перыяду з прымяненнем дэфіцытнай на той час фольгі. Цэлае крыло музейнага блока займаюць інсталяцыі старадаўніх беларускіх і царкоўных свят,а таксама з жыцця сялян, якіх да рэвалюцыі сярод беларусаў была большасць. Умелымі рукамі створаны цэлы падворак з домам і хлявамі. Дарэчы, дзеда Трафіма да Прэзідэнцкай крыніцы ў Шклоўскім раёне рабілі рэзчыкі менавіта гэтага каледжа. І тут знаходзіцца першы яго эскіз.

Спецыяльна для заняткаў у музейнай аўдыторыі ўстаноўлены лаўкі і ёсць вялікі святлодыёдны экран.

— Тут нашы дзеці працуюць па сур’ёзнаму, — кажа адказная за гісторыка-этнагарафічны блок выкладчык гісторыі і англійскай мовы Марына ШЧАСЛЁНАК. — Яны ствараюць відэа на розныя гістарычныя тэмы, якія потым атрымліваюць дыпломы, у тым ліку і на рэспубліканскім узроўні.

— Я лічу наш музейны комплекс не проста важным, а архіважным, — рэзюмуе Алег Бахановіч. — Мы выхоўваем патрыётаў, аднаўляем нашы рамёствы, вучым дзяцей любіць Радзіму. У музейных залах пастаянна праходзяць урокі, і ўсе нашы работнікі і навучэнцы — а гэта 1800 чалавек — там не раз ужо пабывалі. Мы працуем на патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне не праз тэорыю, а праз практыку. І сэрца комплексу — наш духоўна-асветніцкі цэнтр. Тыя 10 запаведзяў, якія існуюць, ніхто не адмяняў. Гэта краевугольны камень выхавання сапраўднага грамадзяніна.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю