Top.Mail.Ru

«Хай пасядзяць на шыі, пакуль яшчэ малыя...»

Што было — было (можа, нават з вамі калісьці?), а таму зусім няцяжка ўспомніць, альбо ўявіць


Надвячорак, значыць, сям'я. «Колька, сынок, збегай у краму па хлеб», — просіць матуля свайго старэйшага. «Усё я ды я? Ну колькі можна? — абураецца той. — Я ж учора бегаў! А сёння — хай Міша...» — «І не падумаю! — агрызаецца брат. — Мне на заняткі зараз... Вунь Любка без справы сядзіць... Хай яна сходзіць». — «Можна падумаць, што я не малая... І не дзяўчынка?» — крыўдуе на братоў сястра...

«Та-ак, — уздыхае матуля, — прыйдзецца, мусіць, самой...» — 

«І нідзе ж не дзенешся, — падтаквае муж. — Я табе здаўна казаў, што траіх дзяцей будзе мала».

На чарговым конкурсным здымку (можна яшчэ раз глянуць на верхні) малых двое — як дзве кроплі падобных, а ўжо шчаслівых... Ад таго, што хораша сядзяць? Штось цікавае чуюць і бачаць? Некуды «ідуць»?

Зрэшты, пытанні тут недарэчы. 

А вось адказы (яны ж — подпісы да здымка) — тое, што доктар прапісаў! Чытайма... У прыватнасці, радкі спадара Мікалая Камароўскага з Оршы:

На здымку — таты як блізняты

І як дзве кроплі — дзіцяняты...

Ні кроплі ў хаце, каб напіцца,

А бач ты — у вачах дваіцца...

На фота потым глянуць? Ці

Да афтальмолага ісці?

Магчыма, і варта было б: ён нешта прапісаў бы.

А перад гэтым, вядома ж, распытаў пра сімптомы ды разабраўся, што ў многіх пацыентаў цяпер з вачыма? Яны ў крамах спачатку разбягаюцца ад безлічы тавараў, потым лезуць на лоб ад цэннікаў, а ўрэшце амаль нічога не бачаць: галоўнае — пад носам, у сваім жа кашальку...

Цяжкі выпадак.

Тады пра лягчэйшы: акуліст, паказаўшы пацыенту картку з наборам літар БЖЭЧЫШЦЫКЕІЧ, пытаецца: «Можаце прачытаць?» — 

«А як жа! — выхваляецца той. — 

Я нават чалавека з гэткім прозвішчам ведаю!»

Спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска падобным знаёмствам не хваліцца, але ж яна, здаецца, ведае, ад чаго ў дзяцей (са здымка) столькі радасці:

Гэты дзень — амаль як свята

Будзе помніцца блізнятам,

Бо, глядзіце, у блазнаватых —

Ажно два прыгожых таты!

Ясь — на хросным, 

Стась — на родным

«Скачуць» хутка, смела, годна!

Шчасце на плячах сядзець,

Зверху ўніз на ўсё глядзець!

Бо адтуль і сапраўды многае па-іншаму бачыцца.

Спадар Мікуліч са Стоўбцаў, падобна, паглядзеў (вочкамі хлапчукоў), трохі пазайздросціў і прызнаў, што...

Ўсё цудоўна ў жыцці,

Калі зверху глянуць!..

Ты ляці, хутчэй ляці,

Конь незацугляны!

Яго (таго «каня», дакладней — двух, на думку гэтага ж аўтара) нават прыспешыць можна! Як?

Аброць малым! Ды лейцы —

І конь — па ветры «клаўся» б...

Адно — не тузаць вельмі

Вучыў калісьці класік.

Хто канкрэтна? Не пытанне: слынны Крапіва. А вось на іншае: «Ці можа з’яўленне дзіцяці стаць прычынай канфлікту?» — адкажаш не адразу. 

А трохі падумаўшы: «Можа... Калі дзіця з’явілася позна і ў нецвярозым стане».

Пра яго, той самы канфлікт (мо з прычын таго самага стану?) і ў лісце з Гомеля: «Не так даўно быў у сваёй паліклініцы, — піша спадар Мікалай Старых. — У ліфт зайшоў разам з маладой жанчынай, на твары ў якой зелянеў сіняк. Пакуль ехалі, сказала, што ўдарыў сын, але ў міліцыю яна не звярталася, каб хлопца не пасадзілі...»

«Размова была зусім кароткая: мне трэба было на сёмы паверх, а жанчыне — на пяты. Я не паспеў ні распытаць яе, ні штосьці параіць, — працягвае Мікалай Валянцінавіч. — А таму дагэтуль думаю (і гледзячы на здымак таксама!), чаму нешта падобнае ў нас здараецца? Матулі-бабулі залішне песцяць малых? Ці наадварот — занадта сурова часам караюць?.. А можа, ва ўсім вінаваты мужы, якія забыліся, што:

Бацькам быць — таксама праца...

Што ж рабіць, як пастарацца,

Каб у цяжкую часіну

Атрымаць падтрымку сына?

Можна крышачку папесціць,

Калі трэба — паўшчуваць.

Ды галоўнае, урэшце,

Добры прыклад падаваць.

Хто б спрачаўся... Шматдзетны бацька і дзядуля Аляксандр Матошка з Расоншчыны — ні ў якім разе! Ён, гледзячы на малых, ці не з зайздрасцю піша:

Як файна ім у татаў на плячах!

(На маме ім не ездзіць так, дарэчы.)

У хлапчукоў усмешкі ў вачах:

Няма пытання: 

«Шчасце маё, дзе ты?»

Пра тое ж, здаецца, і радкі спадара Мікалая Камароўскага:

От, здорава было б,

Каб з месца — ды ў галоп!

Ляцець наўскач, да зор!..

Шкада — не маюць шпор!

А то б...

Экскурс у мінулае ад сужэнцаў Астроўскіх з Мінска:

Дзеці з вёскі як гулялі?

Усе на «коніках» гайсалі...

Гарадскія — не такія:

Ім бы татаў «гнаць у шыю».

З дыялогаў. Бабуля пытае ва ўнучкі (падобна, гарадской?): «Ты ж дапамагаеш бацькам?» — «А як жа! — хваліцца дзяўчынка. — Загінай, калі ласка, пальцы, лічы: я паснедала, прычасалася, манікюр-макіяж зрабіла, у новую сукенку прыбралася... Зараз пайду ім зяця шукаць».

Для таго каб потым...

Тры ўзросты мужчыны: ён садзіць бульбу, ён не садзіць, потым — зноў садзіць...

Тры ўзросты жанчыны: яна нервуе бацьку, потым — мужа, а потым — зяця.

У дзяцей са здымка — самы першы ўзрост. І таму цалкам зразумелая трывога спадара Камароўскага:

Не стала б звычкай дрэннай —

Век прасядзець на карках...

(Пастукаю па дрэве:

Крый божа, не накаркаць!)

Бо яно ж і сапраўды:

Хай пасядзяць на шыі,

Пакуль яшчэ малыя...

Ды прыйдзе паўналецце,

Ці будзе ласка злезці?

Вось у чым пытанне! І балючае-балючае!

У тэму развагі сужэнцаў Астроўскіх:

Як з табою крок у крок

Па жыцці ідзе сынок,

Будзе лёгкаю дарога:

І спагада з дапамогай.

Як на шыю сядуць дзеці,

То нясі амаль да смерці.

Сіл не стане, — скажуць жвава:

«Хай клапоціцца дзяржава».

Але ж гэта мо ў тых выпадках, калі

Без уважлівых прычын:

Адзін бацька — адзін сын...

А калі іх трое, пяцёра, сямёра? Нехта ж «сходзіць па хлеб»?

Болей сыноў і дачок — болей, згадзіцеся, шанцаў. У бацькоў. А на адрас дзяцей (у прыватнасці са здымка) — трохі сумная перасцярога:

Замнога ў вас, малыя, 

весялосці...

Не баўцеся на карках...

Гэткі час

Сыходзіць непрыкметна

добрым госцем,

А там, глядзіш,

хтось асядлае вас!

Гэтыя б словы ды богу ў вушы! 

А пакуль традыцыйнае паведамленне, што найлепшыя радкі да папярэдняга здымка (з птушкай на відэакамеры. Гл. нумар за 22 мая гэтага года альбо сайт — «Звязда», «Калейдаскоп», «Хто каго?»), паводле вялікага чытацкага журы, даслалі спадарыні Соф’я Кусянкова з Рагачоўшчыны, Таццяна Міхалевіч з Магілёва і Таццяна Петрачэнка з аг. Бычыха Гарадоцкага раёна, спадар Мікалай Камароўскі з Оршы і сужэнцы Астроўскія з Мінска.

З гэтым вось, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае, рэдакцыйнае. А значыць, прыз у выглядзе падпіскі на «Звязду» на першы квартал 2026 года (бо да канца бягучага сям’я даўно падпісалася, чаго і вам жадае...) застаецца ў сталіцы.

Хочаце, каб родная газета на роднай мове пяць разоў на тыдзень з месяца ў месяц і з году ў год прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два: альбо своечасова афармляць падпіску, альбо ўважліва глядзець на чарговыя конкурсныя здымкі, прыдумваць кароткія, дасціпныя подпісы (можна некалькі) і дасылаць у рэдакцыю. Шанц на выйгрыш мае кожны.

Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі не прайшлі строгага конкурснага адбору — на гэты раз, затое ў наступны... Пішыце!


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю