Top.Mail.Ru

ХХХІ «Лістапад»: сталасць, падкрэсленая маштабам

Каля Палаца Рэспублікі пачалі збірацца людзі задоўга да адкрыцця — самыя нецярплівыя, тыя, хто ведае, што трэба заняць зручнае месца на другім паверсе, дзе арганізоўваюць «чырвоны дыванок», па якім праходзяць кінаартысты і госці фестывалю, перш чым зоймуць месцы ў зале. Сярод беларускай публікі, якая сочыць за «Лістападам», ужо склалася кола тых, хто вельмі любіць вось такія мерапрыемствы з удзелам значных і пазнавальных асоб (іх запрашэнне сведчыць не толькі пра ўзровень, але і пра пэўную скіраванасць), а таксама прадстаўнікоў кіраўніцтва краіны: Мінскі міжнародны кінафестываль — гэта маштабны праект, вялікую ўвагу якому ўдзяляюць на дзяржаўным узроўні. Так было заўсёды, але цяпер дзяржаўны кірунак і размах падкрэслены надзвычай вялікай праграмай. Яшчэ крыху — і гэта можа будзе лічыць культурнымі кінагульнямі, накшталт Алімпійскіх.



Вялікая колькасць фільмаў падмацавана і вялікай колькасцю гасцей. Ім, а таксама гледачам было адрасавана прывітанне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якое агучыла намеснік Прэм’ер-міністра нашай краіны Наталля Пяткевіч: «Найбуйнейшы восеньскі форум з’яўляецца знакавай маштабнай падзеяй, месцам сяброўскіх сустрэч, дзе пануюць прыгажосць і высокае мастацтва. Разнастайныя фестывальныя праграмы і творчыя праекты адкрываюць шырокія магчымасці для культурнага дыялогу паміж краінамі, аб’ядноўваюць мэтраў і аматараў кінематографа, натхняюць на пошук новых ідэй і вобразаў». Была выказана ўпэўненасць, што сёлетняе мерапрыемства прадоўжыць найлепшыя традыцыі, дазволіць пазнаёміцца са значнымі кінапрэм’ерамі гэтага года і чарговы раз кране душу прыхільнікаў.

Шлях да душы гледачоў і барацьба за яе пачалася літаральна ў гэтай зале. Адна з традыцый, якая склалася за гады правядзення фестываляў, — уручэнне спецыяльнага прыза Прэзідэнта Беларусі «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтвае». Заўсёды паказальна і нават сімвалічна, хто з вядомых асоб кіно яго атрымае. Гэта ў пэўным сэнсе сведчыць пра вобраз духоўнасці, на які арыентуюць людзей. Сёлета спецыяльны прыз прысуджаны народнаму артысту Расіі Дзмітрыю Пяўцову. Атрымліваючы яго з рук віцэ-прэм’ера Беларусі, ён адрапартаваў: «Служу беларуска-расійскаму мастацтву». Так, на «Лістападзе» дэманстраваліся фільмы з яго ўдзелам. Але апошнім часам артыст вядомы як грамадскі і палітычны дзеяч Расійскай Федэрацыі. Праўда, ён перадаў прывітанне беларусам ад славутага тэатра «Ленкам», выканаўшы бессмяротныя словы з легендарнага спектакля «Юнона і Авось», якому 45 гадоў: «Ты меня никогда не забудешь, ты меня никогда не увидишь...» Прагучала і яшчэ адна сімвалічная песня з даўняга кіно, аўтар якой ураджэнец Брэстчыны Ігар Карнялюк, — «Горад, якога няма». Публіка ў зале высока ацаніла спевы, а таксама мела магчымасць пад прыгожую музыку разважаць пра тое, у чым сапраўдная місія творчай асобы ў гэтым свеце.

«Лістапад» сёлета з яшчэ больш шырокім ахопам: восем конкурсных праграм! Яны дэманструюць розныя віды, формы і кірункі кіно: ігравое (альбо тое, што лічыцца асноўным конкурсам), неігравое, анімацыю, фільмы для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік», конкурс маладых, нацыянальных кінашкол і асобна — беларускіх фільмаў. А сёлета дадаўся конкурс кароткаметражных фільмаў — паводле прапаноў Беларускага саюза кінематаграфістаў і прафесійнай грамадскасці.

Падчас адкрыцця ў Палацы Рэспублікі прадставілі ўсе конкурсы і стужкі. Вельмі дакладна арганізаваная праграма канцэрта здолела стварыць кінематаграфічны кантэкст (праз цытаты знакамітых сусветных майстроў) і прыгожыя крэатыўныя нумары, сярод якіх была музыка з вядомых сусветных кінашэдэўраў.

У кожнага конкурсу — сваё журы. Яго сябрамі сталі вядомыя дзеячы кіно і эксперты з розных краін. Але прывітаць іх, а таксама іншых гасцей маглі якраз тыя, хто загадзя заняў зручнае месца ў фотазоне. На своеасаблівым чырвоным дыванку пабачылі народнага артыста Расіі рэжысёра Карэна Шахназарава — ці варта дзівіцца, што яго сёлета запрасілі ў Беларусь (і ён пагадзіўся) стаць старшынёй журы асноўнага конкурсу «Лістапада»? І яшчэ знакавыя госці: расійкі кінадраматург, артыст і рэжысёр Аляксандр Адабаш’ян, заслужаная артыстка Расіі Марыя Шукшына, народная артыстка Расіі Ірына Пегава. Прадстаўнікі больш сталага веку, якія заспелі эпоху савецкага кіно, з задавальненнем віталі народную артыстку Расіі Валянціну Цялічкіну, артыста і рэжысёра Уладзіміра Грамацікава, узбекскага артыста Рустама Сагдулаева (большасці гледачоў вядомы па ролі Рамэа ў фільме «У бой ідуць адны старыя»). Дарэчы, ён ужо станавіўся ў Мінску ўладальнікам прэзідэнцкага прыза «За гуманізм і духоўнасць у кіно»... Сваю часцінку авацый атрымалі народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін ды іншыя айчынныя творцы. Дарэчы, адным з першых у зоне сустрэч з’явіўся міністр культуры Беларусі, заслужаны артыст краіны Руслан Чарнецкі, які не хаваў хвалявання, і было з-за чаго: як беларускае кіно прадставіць сябе? Тут жа і дэманстрацыя поспехаў: своеасаблівыя павільёны з антуражам айчынных кінастужак апошніх двух гадоў. І адзін з іх быў прысвечаны фільму адкрыцця.

І рэальнае адкрыццё — айчынная карціна «Пераломны момант» маладога рэжысёра Дзмітрыя Сарокі. Яна пра вельмі дзіўную школьную спартыўную каманду па веславанні. Хлопцаў лічылі «лузерамі». Але ў іх беларускі характар і моцная воля: трэба рабіць сваю справу, нават калі сітуацыя не на тваю карысць і абставіны супраць цябе. Але калі не здавацца, то аднойчы будзе магчымасць заявіць: мы ёсць. Маладому рэжысёру ўдалося гэта зрабіць.

Прагляды будуць доўжыцца амаль да канца тыдня, у праграме больш за 150 фільмаў. Але і прызоў шмат, адзін з якіх — таксама прэзідэнцкі, які ўручаецца за гуманізм і духоўнасць у кіно. Душа, аддушына, адухоўленасць, душэўнасць, дабрадушша — гэта ж так па-беларуску, тое, чаго не можа быць зашмат і праз што ў нас вымяраюць вартасць у тым ліку твораў мастацтва. Старшыня Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў падкрэсліў: «Разлічваю, што на экране будуць фільмы пра дабрыню, прыгажосць і каханне».

Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Лізаветы ГОЛАД

Чытайце таксама: Спецыяльны прыз Прэзiдэнта Беларусi прысуджаны народнаму артысту Расii Дзмiтрыю Пяўцову

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю