Гэтага чалавека (назавём Пятром Пятровічам) ужо няма сярод жывых, яго дачка на пенсіі і, магчыма, нават не ведае, што яе бацечка меў калісьці досыць незвычайнае хобі.
Недзе паўвека таму жыў у нас адзін вясковец: дужы, каржакаваты...
Чаркі не пазбягаў, але ж калі браўся за нейкую справу — даводзіў да канца: у саўгасе працаваў на розных работах. Загану яшчэ меў: не ведаю, з якой прычыны яму словы цяжка даваліся, гаварыў невыразна і таму — зусім коратка, мала. Спытае хтось: «Пятрок, куды ж
ты ідзеш?». Ён адкажа: «Хлеб. Магазін» альбо (іншым разам): «Шкода. Карова». І людзі разумелі, што ў першым выпадку шыбуе ў краму па хлеб, у другім — карову з пашы трэба забраць, а то шкоды наробіць на саўгасным полі...
Ці вось яшчэ адзін прыклад. Пятрок цэлы дзень завіхаўся — разам з іншымі людзьмі працаваў на складзе, на ачыстцы зерня. А пасля гэтага ўвечары нібы рысу падвёў: «Родзіна, партыя, 28 тон!»
Гэта, вам скажу, не хухры-мухры! І не жартачкі.
...Тады зараз — пра іх.
Жыў Пятрок у двухпавярхоўцы, амаль у цэнтры вёскі, насупраць сельсавета, каля якога ў тыя гады досыць часта спыняліся картэжы машын. З першай — упрыгожанай лялькай, пярсцёнкамі, кветкамі, стужкамі — выходзіла пара маладых, пад марш Мендэльсона, разам са світай крочыла на рэгістрацыю шлюбу...
Праз паўгадзінкі ўсе вярталіся назад, каб рассесціся па машынах ды паехаць святкаваць, але дарогу ім заступаў Пятрок: ставіў табурэтку, накрываў яе ручнічком, клаў бохан хлеба, зверху ставіў сальніцу... І пры гэтым так весела, так шчыра нешта казаў... Віншаваў як умеў, «вымагаў» адступнога. І такі ж «дамагаўся»: сыходзіў дамоў са сваёй табурэткай і бутэлькай спіртнога.
Праўда, не заўсёды.
Неяк раз, зірнуўшы ў акно, Пятро згледзеў тройку машын каля дзвярэй сельсавета і вельмі здзівіўся: нешта ж не чуваць было, каб у вёсцы вяселле...
Але ж думаць, чыё, хто там жэніцца або замуж выходзіць, часу не было: маладыя вось-вось маглі выйсці з сельсавета і з’ехаць... Таму Пятро спехам сабраў свой «джэнтльменскі» набор (табурэтка, хлеб, ручнічок...), выскачыў на вуліцу, усё паставіў і застыў у чаканні.
Тым часам дзверы будынка сапраўды расчыніліся: на ганак выйшла некалькі прыбраных дзелавых жанчын і такіх жа сур’ёзных дзядзькоў з партфелямі.
Падышлі яны да Петрака, павіталіся.
— Дарога загароджана, — прызнаў нехта першым. — Прыйдзецца новаму старшыні ў краму бегчы.
...Не ведаю, бегаў ці не? Але ж Пятру далі зразумець, што ў сельсавеце тады не шлюб рэгістраваўся — праходзіла сесія, на якой абралі новага старшыню.
Выходзіць, што гэта яго «народ» сустрэў хлебам-соллю.
Аляксандр Матошка, Расонскі раён.