Гэтымі днямі шматтысячны калектыў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта святкуе 105-годдзе з дня ўтварэння (першыя заняткі ў ім прайшлі 30 кастрычніка 1921 года).
Да юбілейнай даты кіраўніцтва, прафесарска-выкладчыцкі склад і студэнты галоўнага ўніверсітэта краіны падрыхтавалі самыя розныя мерапрыемствы, якія аб’ядналі ў «Святочны тыдзень».

Цэнтральнай падзеяй гэтага тыдня стала ўрачыстае пасяджэнне Савета БДУ, якое прайшло 29 кастрычніка. Сімвалічна, што правесці яго вырашылі на пляцоўцы гістарычнага факультэта, які ў далёкім 1921-м называлі «Дом № 1 БДУ». Фактычна менавіта ў гэтых сценах пачалася гісторыя галоўнай ВНУ краіны.
... У гэты дзень у старадаўнім будынку гістфака было асабліва шматлюдна — студэнты, выкладчыкі, ветэраны БДУ, высокія госці...
Святочны Савет пачаўся з віншавальнага адраса кіраўніка дзяржавы, які зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір ПЯРЦОЎ.

Як заўважыла, віншуючы ўніверсітэт з юбілеем, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, вучыцца і працаваць у гэтай ВНУ прэстыжна.
— Мы ганарымся, што ў нашай краіне ёсць такі выдатны ўніверсітэт, які займае высокія месцы ў сусветных рэйтынгах. Але за ўсім гэтым стаіць найцяжэйшая работа прафесарска-выкладчыцкага складу БДУ, за якую мы шчыра ўдзячныя, як і за тое, што вы робіце для нашай краіны, умацоўваючы яе стабільнасць і незалежнасць, — адзначыла спікер Савета Рэспублікі.
— Сёння функцыю класічнага мнагапрофільнага ўніверсітэта і буйнейшага навукова-адукацыйнага комплексу, якая складалася больш за сто гадоў, выдатна захоўваюць цяперашнія выкладчыкі і прафесары БДУ, — падкрэсліў міністр інфармацыі Дзмітрый ЖУК, дадаўшы, што для беларусаў велізарны гонар, што ў іх ёсць такі ўніверсітэт.


Звяртаючыся да ўдзельнікаў святочнага Савета, рэктар БДУ Андрэй КАРОЛЬ падкрэсліў, што галоўным вынікам усёй 105-гадовай гісторыі ўніверсітэта стала тое, што ён з’яўляецца першым у краіне не толькі па метрычных гістарычных дакументах. Ён даказаў сваё лідарства і першынство праз дасягненні ў самых розных галінах.
— І гэтыя пазіцыі ўніверсітэт утрымлівае на працягу ўсёй сваёй дзейнасці і пры ўмове рознасці гістарычных эпох, іх насычанасці падзеямі і інтэнсіўнасці, — падкрэсліў кіраўнік ВНУ. — БДУ за ўсю сваю гісторыю не даў падставы ўсумніцца, што гэта першы ўніверсітэт у Беларусі.

Толькі апошнія 5 гадоў прыўнеслі ў гісторыю БДУ велізарную колькасць значных дасягненняў і перамог.
— Прысуджэнне прэміі ўрада Беларусі ў галіне якасці стала своеасаблівым інтэгральным паказчыкам эфектыўнасці нашай работы ў галіне адукацыі, навукі, міжнароднай дзейнасці, культуры, спорту, — сказаў Андрэй Кароль, спыніўшыся затым на найбольш значных дасягненнях навуковай і студэнцкай супольнасцяў ВНУ.
У прыватнасці, ён адзначыў, што БДУ — адзін з нямногіх універсітэтаў свету распрацаваў і запусціў свае нанаспадарожнікі, адзін з якіх паспяхова быў выведзены на арбіту ў 2023 годзе.
Універсітэт з’яўляецца лідарам па колькасці новых спецыяльнасцяў у краіне. За апошнія гады ў БДУ было адкрыта 25 спецыяльнасцяў, больш як 90 % з якіх — міждысцыплінарныя.
— У нас дзейнічае 21 сумесная адукацыйная праграма з вядучымі сусветнымі ВНУ — Пекінскім універсітэтам, МДУ імя М. В. Ламаносава і іншымі з выдачай падвойных дыпломаў. Для падрыхтоўкі канкурэнтаздольных спецыялістаў ва ўніверсітэце актыўна ўкараняюцца сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, 5800 навучальных праграм утрымліваюць крэатыўныя падыходы да навучання, — падкрэсліў Андрэй Кароль.

Асаблівы гонар БДУ — унікальныя распрацоўкі, якія знайшлі практычнае прымяненне ў аэракасмічнай сферы, — гэта апаратна-праграмныя комплексы, што працуюць на МКС, у прамысловасці — гэта тэрмаўстойлівыя функцыянальныя матэрыялы, абсталяванне для вытворчасці вырабаў з пенаполіурэтанаў. Нямала распрацовак універсітэцкіх навукоўцаў прымяняюцца ў шырокім спектры медыкаментознага лячэння і ў сельскай гаспадарцы.
— Многія нашы праекты ў сферы ідэалагічнай і выхаваўчай работы сталі здабыткам краіны, — адзначыў кіраўнік БДУ. — Гэта ўсім вядомы сёння патрыятычны форум моладзі Саюзнай дзяржавы, Міжнародны студэнцкі форум «Святло Вялікай Перамогі», Адукацыйны праект «Кадравая лесвіца» і іншыя.


Святкаванне юбілею праслаўленай ВНУ працягнецца ўрачыстым сходам у Палацы культуры прафсаюзаў 30 кастрычніка.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ і БелТА