Дадому Андрэй Пятровіч ехаў задаволеным: удалося такі вырашыць важнае пытанне, да таго ж — пятніца, наперадзе два выхадныя. Можна...
Думкі аб тым, што можна будзе зрабіць, перарваў «чэл», які з цемры «вынырнуў» на дарогу, а потым, калі Пятровіч ужо затармазіў і ўдала яго аб’ехаў, чамусьці заваліўся ў снег і не ўставаў. «Напэўна, п’яны?» — падумаў кіроўца і здаў назад.
— Э-э, уставай, — загадаў ляжачаму.
Той нават не падумаў.
— Кажы, дзе жывеш?
Мужчына штось памармытаў і назваў сваю вуліцу.
Ехаць да яе было не блізка, але ж Пятровіч зацягнуў п’янага ў машыну, давёз да дома, да дзвярэй пад’езда. А ўжо там націснуў кнопкі дамафона, сказаў (трэба разумець, жонцы?):
— Я тут гаспадара прывёз. Дык вы спусціцеся ўніз — дапамажыце...
— Ага, зараз! Я вам абодвум там памагу! — заявіла жанчына.
Вось гэтага Пятровіч чакаць не стаў: пакінуў мужчыну на лавачцы (тут не прападзе) і паехаў дадому, дзе яго на самым парозе сустрэў сын.
— Я на гэтым тыдні амаль выдатнік, — трымаючы ў руках разгорнуты дзённік, пахваліўся малы. — Давай 20 рублёў. Ты абяцаў.
— Ну, раз абяцаў, — пагадзіўся бацька...
Абмацаў адну кішэню, потым другую — ні дакументаў, ні грошай там не было.
Выйшаў на вуліцу, пашукаў у машыне, крутнуўся на тое месца, дзе падбіраў і высаджваў пасажыра — усё дарэмна.
— Прапаў бумажнік, — сказаў жонцы, вярнуўшыся дамоў.
— Болей п’яніц развозь — яшчэ і не тое прападзе, — паабяцала тая.
— Але ж не чалавек... Зімой, на дарозе, — трымаўся свайго Пятровіч і ўжо думаў, як з панядзелка пачне спраўляць новыя дакументы.
А ў суботу ў хаце зазваніў тэлефон.
— Вы Андрэй Пятровіч? — удакладніла нейкая жанчына. — Я знайшла ваш бумажнік.
— Праўда?! — выгукнуў гаспадар. — Дзякуй!
— І што мне з вашай падзякі? Я з ёй у краму не схаджу... З вас 700 рублёў.
— Колькі-колькі? — перапытаў Пятровіч. — Ды пабойцеся Бога! У мяне двое дзяцей.
— Але ж вы, я ведаю, начальнік? — заявіла жанчына.
— Кату па пяту...
— Значыць, грошы павінны быць, — не слухала суразмоўніца.
— Ну, нейкай сумай я магу вам аддзячыць...
— Я сказала якой: семсот рублёў.
Пятровіч, мякка кажучы, вагаўся, а бабуля праз дзень ужо аб’явілася зноў:
— Што — пешшу на работу ходзіце? Грошай шкадуеце, хоць маглі б ездзіць, — кпіла яна ды яшчэ і з... сынком:
— Ты ката за хвост не цягні, — ужо ён павучаў Андрэя Пятровіча. — Маці грошы патрэбныя, а табе — дакументы. Значыць, плаці і забірай.
— Тады — праз два тыдні, — прапанаваў Пятровіч.
...Роўна праз два яму зноў пазванілі.
— Вы-такі гатовы забраць дакументы? — паблажліва спытала вымагальніца.
— Не, навошта? — адказаў мужчына. — Мне яны без патрэбы.
— Гэта як? — устрывожылася бабуля.
— А вось так: я новыя справіў, а вы, грамадзяначка, за тыя грошы, што знайшлі, купіце сабе вялікую рамку. Пакладзіце туды ўсе мае паперы і павесьце на сцяне.
Будзе вам дыплом — за сквапнасць!
Вольга САВАСЦЮК
г. Мар’іна Горка
Вядучая рубрыкі Валянціна ДОЎНАР