У той вельмі даўні, але ж памятны вечар над нашай вёскай вісела яркая поўня, пад святлом яе снег (а намяло ў той год вышэй за платы) ярка пераліваўся, блішчэў, а ўжо як рыпеў пад нагамі... Мы, мясцовая моладзь, са смехам шыбавалі ў клуб. Хлопцы па дарозе снежкамі шпурлялі ў дзяўчат, тыя з віскам ухіляліся ды ўцякалі, а то, зляцеўшыся разам, навальваліся на некага з кавалераў — «тапілі» ў халоднай гурбе.
Вось так, дурэючы, мы перабягалі ад хаты да хаты, пакуль не спыніліся каля дома, дзе жыла Надзейка. Яе ж таксама трэ было паклікаць у клуб?!
Вароты і брамкі ў тыя часы ў вёсках не запіраліся: хлопцы з дзяўчатамі ледзь не ўсёй аравай уваліліся ў двор, а найспрытнейшыя нават падскочылі да акна, каб пастукаць сяброўцы і...
Тут жа з піскам ды смехам... адляцелі назад: у пакоі (фіранка была прыадвешана), раздзеўшыся перад сном, стаяла напаўголая Надзіна мама.
Святло ў хаце тут жа патухла, моладзь адбегла да суседняй хаты і запынілася, каб пачакаць Надзею, але сяброўкі чамусьці не было.
— Трэба паклікаць яшчэ раз, — прапанаваў хтосьці. І тут жа агучыў імёны дзвюх найсмялейшых дзяўчат (за імі ўвязалася і нясмелая)...
Тройка ціха адчыніла брамку, пабегла да акна. І ў тое ж імгненне ў яе
за спінамі прагучала грознае:
— Ага-а-а-а, вось вы і папаліся, галубкі мае?!
З палкай у руках каля брамкі стаяў тата Надзеі.
— Дзядзечка, адпусціце! — сталі прасіцца дзяўчаткі.
— Не, даражэнькія!.. Паказвайце твары. Я да вашых бацькоў раніцай схаджу!
— Не трэба, дзядзечка! Мы ж нічога такога... Мы толькі Надзю паклікаць.
— Яна сёння будзе дома, — паведаміў дзядзька Іван. — А вы ідзіце сабе!
І каб пад вокнамі я нікога болей не бачыў!
...Адчуўшы свабоду, мы, «паланянкі», птушкамі паляцелі з двара. Услед нам пачуўся дзядзькаў вясёлы смех. Вось такое было «кіно да кіна».
В. Бабко-Аляшкевіч, Салігорскі раён.