На пасяджэнні ў Бялыніцкім раёне былі падведзены вынікі работы жывёлагадоўлі за год. Гэта працяг той практыкі, якая нядаўна мела месца ў Мсціслаўскім раёне.
— Мы дамовіліся, што кожны месяц у розных раёнах вобласці будзем падводзіць адпаведныя вынікі, якія ў першую чаргу датычацца сітуацыі ў жывёлагадоўлі і ўсіх даручэнняў, якія аформлены ў пратаколе па выніках нарады па Віцебскай вобласці, — паведаміў Дзмітрый Крутой. —У сваім Пасланні Прэзідэнт прысвяціў вялікі блок праблематыцы АПК. У прынцыпе, гэта ўсе тыя пытанні, якія мы разглядаем на нарадах. Магу толькі сказаць, істотна будзе ўзмоцнена ступень адказнасці. Па выніках года будзем даваць ацэнку кадрам, прымаць адпаведныя рашэнні з улікам матэрыялаў Камітэта дзяржкантролю па сітуацыі, якая склалася на жывёлагадоўчых аб’ектах. Калі не будзе станоўчай дынамікі і нейкіх змен, будуць прынятыя адпаведныя рашэнні.
Асноўны ўпор на слабыя гаспадаркі, арганізацыі, якія непасрэдна замацаваны за старшынямі выканкамаў і іх камандамі.
— Прэзідэнт яшчэ раз сказаў аб так званай дыспетчарызацыі іх работы, — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Гэта значыць фактычна цэнтралізацыя ўсіх фінансавых, вытворчых патокаў, ручное кіраванне, інакш, на жаль, працаваць з імі не атрымліваецца. На жаль, тая інфармацыя, якая прадстаўлена Камітэтам дзяржкантролю па рабоце з удзелам шэфаў, паказвае, што недахопаў яшчэ шмат. Гэта дрэнна, калі супрацоўнікі падшэфных арганізацый прыязджаюць на адпаведныя комплексы, выконваюць пэўныя работы, устаноўленыя планам, а потым, праз два тыдні сітуацыя фактычна вяртаецца ў зыходны пункт і ніхто там больш нават з раённых улад не з’яўляецца. Ну а супрацоўнікі гэтых комплексаў дэманструюць высокі ўзровень безгаспадарлівасці і абыякавасці. Тым самым мы дэматывуем шэфаў, якія замацаваныя адпаведным рашэннем губернатара за гэтымі аб’ектамі.
Другі важны момант, на які звярнуў увагу Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, — гэта цэнтралізацыя ўсіх відаў закупак. На наступны год існуюць амбіцыйныя планы па ўраджаі, а пад гэта павінна быць істотна падцягнутая дынаміка назапашвання ўгнаенняў усіх відаў. «Калі глядзець агульнарэспубліканскую зводку, на жаль, Магілёўская вобласць у два разы адстае ад узроўню нашых традыцыйных лідараў — Брэста, Гродна і Мінскай вобласці, — падкрэсліў ён. — А калі мы правалім работу, звязаную з назапашваннем угнаенняў пад веснавую сяўбу, адпаведна, нейкая частка ўраджаю можа аказацца пад пагрозай, што недапушчальна».
Старшыні Бялыніцкага і Круглянскага райвыканкамаў расказалі, як у раёнах арганізаваны вытворчыя працэсы, на канкрэтных прыкладах.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта азнаёміўся са станам спраў па жывёлагадоўлі, наведаў шэраг малочнатаварных ферм Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Бялынічы