— Для падлеткаў было адкрыццём, што фартух — гэта не толькі сімвал працы і клопату пра сям’ю, а яшчэ ён меў і ахоўную функцыю, — паведаміла загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Клічаўскага раёна Жанна Ачыновіч. — Пра гэта ім расказала Тамара Кузьміцкая, кіраўнік народнага аматарскага аб’яднання «Спадчына», які робіць рэканструкцыі фартухоў Клічаўскага раёна. Старэйшыя дзяўчаты ў працэсе так званага дэфеле паказалі, як элегантна выглядалі на жанчынах хусткі, завязаныя падчас сенакосу, правядзення калядных абрадаў. Вучні не толькі даведаліся пра склад традыцыйнага строю, але і пачулі новыя для сябе словы — фальбонка, карункі, андарак, намётка. Пазнавальнай стала інфармацыя пра асаблівасці паводзін нашых продкаў у лесе, відэа пра сенажаць, крыху паказытала нервы легенда пра «невідзімцаў».
На думку Жанны Ачыновіч, дзецям вельмі важна ведаць і шанаваць свае традыцыі. Дзякуючы гэтаму і жыве наша спадчына. І вельмі добра, калі ў школе ёсць такія педагогі, як Анастасія Пятроўна Карпава, якая з любоўю і адказнасцю ставіцца да захавання беларускіх культурных абрадаў.
Нэлі ЗІГУЛЯ