Некалькі дзён застаецца да пачатку XXIV Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». Ён традыцыйна пройдзе ў гасцінных Клімавічах на працягу трох дзён — з 5 па 7 чэрвеня. Сёлета яго ўдзельнікамі стануць амаль 700 чалавек з Беларусі, Расіі, Кыргызстана і Таджыкістана.
— Фестываль стаў сапраўднай візітоўкай Клімавіч, упершыню яго пазыўныя прагучалі тут у 1996 годзе, а ўжо з 2001 года ён атрымаў статус міжнароднага, — паведаміла рэдактар
Магілёўскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Крысціна Башарымава. — На сёння гэта адзін з вядомых культурных праектаў Магілёўскай вобласці. Яго мэта — выяўленне і падтрымка таленавітых дзяцей і моладзі, развіццё іх здольнасцей, а таксама абмен творчым вопытам сярод удзельнікаў і педагогаў розных краін з мэтай далейшага супрацоўніцтва.
У рамках фестывалю пройдзе конкурс для індывідуальных выканаўцаў і творчых калектываў ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў. Будучых зорак эстрады, а таксама народных выканаўцаў будуць ацэньваць як ў індывідуальным заліку, так і ў складзе ансамбляў, танцавальныя калектывы паспаборнічаюць у майстэрстве на выкананне сучаснага, народна-сцэнічнага і народна-стылізаванага танца. А юныя мастакі змогуць праявіць сябе ў жывапісу і графіцы.
Усе тры дні фестывалю прысвечаны асобным тэмам — дзіцячай творчасці, дружбе і творчым дасягненням. Першыя конкурсныя праслухоўванні пачнуцца ў пятніцу — 5 чэрвеня. У гэты ж дзень парк Народнага адзінства стане вялікай інтэрактыўнай пляцоўкай пад назвай «У краіне гульняў», у межах якой установы культуры вобласці будуць праводзіць розныя дзіцячыя гульні, выставы работ майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, майстар-класы, продаж сувенірнай прадукцыі. Сваю тэматычную пляцоўку «Бяспечнае дзяцінства» арганізуюць ратавальнікі МНС. У а палове дзевятай вечара жыхары і госці горада збяруцца на святочнае адкрыццё міжнароднага фестывалю.
У суботу працягнуцца конкурсныя адборы, пройдзе пленэр-конкурс для юных мастакоў.
У парку запрацуе прафарыентацыйная інтэрактыўная пляцоўка для ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і арганізацый-заказчыкаў кадраў пад назвай «Паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўскай вобласці: адукацыя і кар’ера». А ў амфітэатры адбудзецца творчы марафон агітбрыгад устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі #ПрофіБудуЯ. Тут жа пройдуць спаборніцтвы сярод дзяцей горада Клімавічы на тытул «Міс Залатая пчолка». Завершыцца дзень танцавальнай праграмай «Дыска Лета».
У нядзелю цэнтрам прыцягнення ў парку стане інтэрактыўная пляцоўка майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Клімавіцкага раёна «Клімавічы запрашаюць». Фестываль завершыцца цырымоніяй узнагароджання лаўрэатаў і заключным гала-канцэртам.
У якасці арганізатараў фестывалю выступаюць Міністэрства культуры, Магілёўскі аблвыканкам і Клімавіцкі райвыканкам.
Нэлі ЗІГУЛЯ