Top.Mail.Ru
74

Краснаполле робіць стаўку на інвестыцыі, занятасць і экспарт

Фарэлевая сталіца

У гарадскім пасёлку назіраецца ажыўленне. Тут знаходзіцца галоўнае прадпрыемства рыбаводнага кластара — вытворчага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Рыбгас «Палуж». Яшчэ ў 2019 годзе падчас наведвання ўчастка стронгавай гаспадаркі «Лахва» ў Касцюковіцкім раёне Магілёўшчыны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка спытаў: «Чаго мы марудзім, чаго баімся? Тэхналогіі выдатныя, рынкі ёсць. І як мінімум трэба ўдвоіць вытворчасць рыбы, не толькі на Магілёўшчыне». Але менавіта Магілёўшчына вырашыла ўхапіцца за перспектыўны праект. Акрамя таго, тут стаўку зрабілі на раёны, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дарэчы, яны ўвайшлі ў склад іншых сямі, на тэрыторыі якіх распаўсюджваецца дзеянне дзяржпраграмы развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны.

Зямля адраджаецца, і дзяржава робіць усё для таго, каб аднавіць жыццё, як раней казалі, на «дэпрэсіўных тэрыторыях». Рыбны кластар, які ўключае ў сябе тры прадпрыемствы ў Краснаполлі, Чэрыкаве і Хоцімску, маштабны нават у памерах краіны. Яго вытворчая магутнасць — 2000 тон стронгі ў год.

Новыя перспектывы

Унітарнае прадпрыемства «Рыбгас «Палуж» — спецыялізаваны рыбны кластар з поўным замкнёным цыклам вытворчасці стронгі быў запушчаны летась пры фінансавай дапамозе Банка развіцця. Ідэю падтрымаў Аляксандр Лукашэнка. Краснапольскі раён самы маланаселены ў Магілёўскай вобласці, і для яго гэта вялікая надзея адрадзіцца.

Старшыня Краснапольскага райвыканкама Аляксандр ЯФІМЧЫКАЎ падкрэслівае, што праект на сто працэнтаў дзяржаўны:

— Гэта клопат Прэзідэнта аб раёне, які пацярпеў ад радыеактыўнага забруджвання. У выніку пераадолення наступстваў аварыі на ЧАЭС Краснапольшчыну пакінула больш за 9 тысяч жыхароў, былі ліквідаваны 83 населеныя пункты, аб’екты сельскагаспадарчай і сацыяльнай сферы. На сённяшні дзень у раёне пражывае ўсяго каля 8,5 тысячы чалавек.

— Такія праекты, як «Рыбгас «Палуж» дапамагаюць адрадзіць раён, прыпыніць адток людзей, — кажа начальнік аддзела эканомікі Краснапольскага райвыканкама Андрэй ФІЛІМОНІХІН. — Новая вытворчасць адкрывае для нас новыя перспектывы.

На краснапольскім рыбаводчым прадпрыемстве сёння ўжо працуе 38 чалавек. Да 2028 года, калі аб’ект выйдзе на поўную магутнасць, плануецца павялічыць лічбу працуючых да 60.

Вуда для інвестыцый

Не менш важны для развіцця раёна кірунак — інвестыцыі, адзначае намеснік старшыні райвыканкама Святлана СУРЫНА:

— Раней у нас асноўнай была дрэваапрацоўка, але ў сувязі з санкцыямі юрыдычныя асобы і прыватныя прадпрымальнікі запаволілі, а то і спынілі сваю дзейнасць. Раёну катастрафічна не хапае інвестыцый. І наша рыбка дапаможа нам іх атрымаць. Мы вырашаем адразу некалькі пытанняў — занятасць, інвестыцыі, экспарт тавараў. У нас, напэўна, гадоў 20–30 наогул нічога не адкрывалася ў такім маштабе. Мы вельмі ўдзячныя Прэзідэнту за яго ініцыятыву.

Андрэй Філімоніхін паказвае фінансавыя разлікі дзейнасці «Рыбгаса «Палуж» на 2026–2028 гады. На выхадзе плануецца атрымаць выручку ад рэалізацыі ў памеры 42 мільёны рублёў. Чысты прыбытак павінен скласці каля 8 мільёнаў рублёў.

— Прыблізна 70–80 % рыбы пойдзе на экспарт у Расію, — удакладняе суразмоўнік. — Усё астатняе будзе рэалізоўвацца на ўнутраным рынку.

Не горш, чым у Нарвегіі

Рыбнае прадпрыемства пабудаванае ў 10 кіламетрах ад Краснаполля. За кошт Банка развіцця выдзяляліся бюджэтныя трансферты на стварэнне інфраструктуры — святло, газ, пад’язныя дарогі, каналізацыю і гэтак далей. Дагледжаная тэрыторыя, сучасныя вытворчыя карпусы.

Шлях рыбы да прылаўка пачынаецца з інкубацыйнага цэха, які ўяўляе асобны пакой з мноствам скрыначак, куды закладваецца ікра. Ужо адсюль малькі перанакіроўваюцца ў цэх моладзі вясёлкавай стронгі. Цікава было ўбачыць патомства з ікры, закладзенай 14 студзеня. Пагалоўе атрымалася ў памеры 560 тысяч штук!

Маладняк вельмі спрытны і скакучы. Адчуваецца, што рыба прыстасаваная да горных рэк.

Вясёлкавая моладзь мяняе басейны па меры росту. Як толькі яе вага дасягае 1 грама, яна перасяляецца ў другі басейн, дзе расце да 5 грамаў, потым зноў мяняе месца жыхарства, пакуль не дасягне 50 грамаў. Затым яе чакае цэх таварнай рыбы. Усё адбываецца пад наглядам рыбаводаў, якія сартуюць стронгу. Яны ж займаюцца кармленнем рыбы, засыпаюць камбікармы ў спецыяльнае абсталяванне, якое аўтаматычна размяркоўвае ежу па басейнах, робяць аналіз вады і іншыя маніпуляцыі.

У цэху таварнай рыбы — 30 басейнаў, у кожным па 200 кубоў вады. Плюс сістэма ачысткі — яшчэ 4 тысячы кубоў. У кожным басейне сёння жыве ад 7 да 10 тысяч галоў — прыкладна 10 тон рыбы. На піку вырошчвання максімальная загрузка складзе 330 тон.

У басейнах тэмпература вады ўсяго 12 градусаў. Рыба холадалюбівая, у жывой прыродзе пачынае нераставаць зімой. На прадпрыемстве ікра інкубуецца пры 8–10 градусах.

Наступны цэх водаачысткі — тут вада з басейнаў праходзіць фільтрацыю і вяртаецца ў басейны. Ёсць станцыя абезжалезвання і 5 свідравін, кацельная. Працэсы адсочвае камп’ютар кіравання — на экране ўсе паказчыкі. Па мальках усё кантралюецца асобна. Можна паглядзець, як ідзе фільтрацыя, якая тэмпература вады ў басейнах, насычанасць кіслародам і гэтак далей.

Асобнае памяшканне — цэх кармлення. Збалансаваны корм «Стронга драпежнік» машына падае аўтаматычна кожныя дзве гадзіны па спецыяльных трубачках (30 трубачак, 30 басейнаў).

Кіраўніцтва запэўнівае, што па такім жа прынцыпе працуюць адпаведныя рыбныя прадпрыемствы ў Нарвегіі.

— Не абавязкова быць марской дзяржавай, каб мець марскую рыбу, — лічаць спецыялісты. — У нас усе ўмовы створаны, усе паказчыкі кантралюемыя. Вырошчваем стронгу не горш, чым у Нарвегіі.

Ад фермерства да турызму

З улікам стронгавай гаспадаркі «Лахва», якая ўжо функцыянуе ў Магілёўскай вобласці, рэгіён будзе пастаўляць да канца пяцігодкі на рынак 2300 тон стронгі ў год. Нават для рынку СНД вялікі аб’ём. Як жартуюць у Краснаполькім раёне, можна будзе смела перамаляваць герб раёна, каб там лунала яшчэ і рыба.

Дарэчы, пры краснапольскім прадпрыемстве прадугледжаны яшчэ і цэх другаснай перапрацоўкі рыбы, дзе прадукт будзе рабіцца ў ахалоджаным выглядзе, у якасці філе і стэйка.

Між тым з развіццём рыбаводства ў Краснапольскім раёне ажывіліся і іншыя кірункі дзейнасці. Пачало больш актыўна развівацца фермерства, пад якое раён выдзеліў ужо больш як тысячу гектараў зямлі.

— Мы багатыя зямлёй і лесам, на сайце можна ўбачыць усе нашы інвестпляцоўкі, — расказвае Святлана Сурына. — Ёсць зямельныя ўчасткі для прамысловасці, для сельскай гаспадаркі, для турызму. З карысных выкапняў у нас маюцца гліна і пясок. Да аварыі на ЧАЭС у нас была вытворчасць, якая спецыялізавалася на чырвонай цэгле. Спадзяёмся, што камусьці захочацца адрадзіць гэту дзейнасць, тым больш што ўмовы прывабныя. Праграма па развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна працуе, прэферэнцыі ёсць. Ёсць вельмі прывабнае месца для адпачынку каля аграгарадка Горы, куды прыязджаюць парыбачыць нават з Расіі. Адтуль да нашай краіны-суседкі ўсяго 50 кіламетраў. Дарэчы, расійскія прадпрымальнікі цікавяцца гэтым месцам. Справа перспектыўная, прыезджыя нават у мясцовых спыняюцца, каб адпачыць некалькі дзён. А яшчэ ў нас ёсць жамчужына драўлянага дойлідства — праваслаўная царква ў Выдрынцы, пабудаваная без адзінага цвіка. Гэта таксама вельмі прывабны для турыстаў аб’ект.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Краснапольскага райвыканкама

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю