Top.Mail.Ru

Краснапольскі бацюшка Мікалай пра веру, патрыятызм і сваю місіянерскую дзейнасць

32-гадовага свяшчэнніка Мікалая Ляшкевіча ведаюць нават тыя, хто асабіста з ім не знаёмы. Малады клірык актыўна прасоўвае асновы хрысціянскай веры ва ўсіх сацсетках і месенджарах. У яго сотні тысяч і нават мільёны праглядаў. Дзякуючы яму шмат хто адкрыў для сябе не толькі шлях да Бога, але і Краснаполле — маленькі гарадскі пасёлак на паўднёвым усходзе Магілёўшчыны, які моцна пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС і напалову апусцеў.


Воля Божая

Скептыкі выказваюцца пра Краснапольскі раён, мякка кажучы, крытычна. Маўляў, там нечага рабіць. Тутэйшая моладзь сумуе па вялікіх гарадах, аргументуючы, што там больш магчымасцяў. А вось айцец Мікалай жыве тут насуперак усім меркаванням і сцвярджае, што ўсё выдатна. Сам ён родам з Наваполацка, але вось ужо сёмы год акармляе тутэйшае насельніцтва і лічыць Краснаполле сваёй другой радзімай.

— Як казаў Герой Беларусі, наш першы ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Філарэт, радзіма там, дзе служыш, — тлумачыць ён. — Стараюся рабіць гэта настолькі, наколькі ў мяне атрымліваецца. Хочацца быць падобным на тых святароў, якія аказалі на мяне ўплыў у дзіцячым і падлеткавым узросце. Любоў, якую яны праяўлялі да людзей, іх удумлівасць, разважлівасць мяне натхнілі.
Жаданне служыць Богу і бліжнім было ў яго з дзяцінства. І, як кажа айцец Мікалай, ён нават не задумваўся, у якасці каго. Але так атрымалася, што давялося апрануць святарскую расу. А гэта вельмі і вельмі адказна.

— Святар не выбірае, дзе служыць, мы прымаем наша месца прызначэння як волю Божаю, — адзначае клірык. — Калі Уладыка мяне сюды накіраваў, я пастараўся ўспрыняць гэта менавіта так.

Натхненне ствараць

Яшчэ Антуан дэ Сэнт-Экзюперы вуснамі свайго Маленькага прынца казаў: «Устаў раніцай, памыўся, прывёў сябе ў парадак — і адразу ж прывядзі ў парадак сваю планету». Вось і айцец Мікалай пачаў сваё жыццё ў Краснаполлі з будаўніцтва нядзельнай школы і наладжвання прыхадскога жыцця. Пад яго кіраўніцтвам істотна абноўлены храм Успення Прасвятой Багародзіцы — асноўнае яго месца служэння. Культавыя будынкі заўсёды ствараліся і ўпрыгожваліся за кошт прыхаджан. І свяшчэннік праз інтэрнэт звярнуўся да неабыякавых людзей, каб падтрымалі добрую справу. Нехта ахвяраваў рубель, нехта — тысячу долараў. Справаздачу, як выкарыстоўваюцца грошы, іерэй дае ў тых жа сацсетках. Уражвае, з якой лёгкасцю ён карыстаецца складанымі будаўнічымі тэрмінамі. Адчуваецца, што чалавек глыбока ў тэме.

— А я па першай адукацыі майстар будаўніча-мантажных работ, — усміхаецца ён. — Напэўна, гэта нейкім прамысленнем выяўляецца і ў маім служэнні. Людзі, калі бачаць, што нешта робіцца, ідуць на дапамогу і ахвотна ў гэтым удзельнічаюць. Нельга думаць, што нехта прыйдзе і зробіць усё за цябе. Калі ты стараешся, імкнешся і не апускаеш рукі, гэта натхняе іншых ствараць прастору вакол сябе. А храм — гэта дом Божы. І адказнасць за яго нясе не толькі бацюшка.


Сумеснымі намаганнямі зроблены роспіс алтара, рамонт фасада і даху, абноўлены купалы, пабудавана адмостка — у выніку сумесных намаганняў храм набыў прыгожы ўзнёслы выгляд.

— Нам дапамагалі работнікі краснапольскага «Жылкамунгаса» і звычайныя людзі, частку матэрыялаў ахвяравала вядомая Беларуская цэментная кампанія, — пералічвае дабрадзеяў айцец Мікалай. — Прыгажосць храма, яго хараство таксама з’яўляюцца часткай пропаведзі. І людзей гэта прываблівае. Праз гэту прыгажосць чалавек паступова прыходзіць да Бога.

Краснапольскі падзвіжнік

Супрацоўнікі Краснапольскага райвыканкама з удзячнасцю кажуць пра свайго маладога святара, які знаходзіць агульную мову нават з цяжкімі падлеткамі. Яго добра ведаюць і ў школах, і ў арганізацыях. Ён шчыльна супрацоўнічае з райвыканкамам па розных кірунках, асабліва ў плане дабрачыннасці. Садзейнічае тым, хто трапіў у цяжкае становішча.

— Усё, што робім для людзей, мы робім для Хрыста, — гаворыць ён. — Любоў да бліжняга, міласэрнасць — гэта тое, што намі кіруе. Жыццё па запаведзях Божых, па любві — гэта самае лепшае ў нашым жыцці, што можа быць.

Роля царквы не абмяжоўваецца храмавай агароджай. А пропаведзь бывае рознай і ў розных формах.

— Пра гэта добра сказаў патрыярх Кірыл, — удакладняе айцец Мікалай. — Мы жывём у такі час, калі ўсім нам трэба браць крыж і ісці наперад. Гэта вельмі цудоўны час! Улады не толькі не забараняюць нам прапаведаваць, як гэта было ў савецкія гады, а яшчэ ўсяляк дапамагаюць.

Наконт сваёй папулярнасці ў сацсетках свяшчэннік не перажывае:

— У любым выпадку мы людзі публічныя, і я не скажу, што на мяне неяк паўплывала вядомасць. Слава Богу, мяне пакуль бокам абходзяць розныя спакусы. Я проста раблю сваю справу. Да таго ж, калі мы будзем баяцца інтэрнэта, нас там заменяць астролагі, сектанты і іншыя ашуканцы, якія будуць несці разбуральную павестку.

Месца сілы

Мясцовыя жыхары, нават тыя, што ў храме бываюць рэдка, ганарацца, што ў іх такі харызматычны бацюшка. І вельмі турбуюцца, што ён зачасціў у Маскву. Перажываюць, ці не збіраецца зусім з’ехаць? Айца Мікалая нават пацешыла такое пытанне. «Не трэба мяне адсюль выганяць, — смяецца ён. — Я ж нічога дрэннага не зрабіў...»

Што датычыцца Масквы, то там ён сапраўды часты госць. Але, як прызнаецца бацюшка, ездзіць туды па лініі супрацоўніцтва з маладзёжным аддзелам Маскоўскай гарадской епархіі і для ўдзелу ў перадачах федэральнага тэлеканала «Спас». Яго туды час ад часу запрашаюць, і ён стараецца не адмаўляць, бо ведае, што місія святара заключаецца і ў настаўніцтве, і ў пропаведзі, і ў служэнні.

Між тым Краснаполле ўсё часцей становіцца месцам паломніцтва нават сталічных жыхароў, якія, аднойчы ўбачыўшы крэатыўнага святара ў сацсетках, жадаюць пазнаёміцца з ім бліжэй. А заадно зразумець, чым жа яго прываблівае гэта Краснаполле?..

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з сайта Магілёўскай епархіі і газеты 
«Чырвоны сцяг»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю