Top.Mail.Ru

Крычаўскае прадпрыемства працуе па найноўшых тэхналогіях

Сёлета Крычаўскае СТАА «ЦСП БЗС» было адзначана дыпломамі рэспубліканскага конкурсу за найлепшыя дасягненні ў будаўнічай галіне «Будаўнічы алімп — 2025» у намінацыях «Найлепшы кіраўнік будаўнічай галіны. Вытворца будаўнічых матэрыялаў, вырабаў і канструкцый» і «Найлепшая арганізацыя будаўнічай галіны. Вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, вырабаў і канструкцый».



Прадпрыемства першапачаткова стваралася як інавацыйнае. Дзесяць гадоў таму ўчасткі па выпуску сучасных панэляў тыпу «сандвіч» ужо функцыянавалі ў Брэсце, Магілёве і Бабруйску, але да запуску вытворчасці ў Крычаве ЦСП (цэментна-стружачныя пліты) завозіліся ў Беларусь выключна з-за мяжы.

Сёння завод у суткі вырабляе каля 100 метраў кубічных ЦСП. За мяжу рэалізоўваецца прыкладна 80 % прадукцыі. Пастаўкі ідуць у Расію, Казахстан, Узбекістан, Кіргізію і Арменію. Дарэчы, у Расіі дзейнічаюць пяць прадпрыемстваў, якія выпускаюць ЦСП, але беларускі варыянт карыстаецца большай папулярнасцю дзякуючы высокай якасці.

У Магілёве з гэтага матэрыялу пабудаваны ўжо цэлыя кварталы дамоў.

— Гэты будаўнічы матэрыял можа выкарыстоўвацца дзе заўгодна: у вытворчасці вокнаў, падлогі, столі, — кажа галоўны тэхнолаг Ірына Кузьміна. — Першыя домікі цалкам з ЦСП былі пабудаваны ў Крычаве некалькі гадоў таму ў рамках рэалізацыі праграмы па будаўніцтве сацыяльнага жылля. Потым пайшлі заказы з Магілёва. Цяпер цесна супрацоўнічаем з будтрэстам № 17. Шматпавярховыя дамы з нашага матэрыялу ўзводзяцца ў раёне чыгуначнага вакзала, вуліц Мельнікава, Кірава і Фабрычнай, а таксама ў аграгарадку Мяжысеткі Магілёўскага раёна. Дамы будуюцца хутка, сцены для іх падрыхтоўваюцца ўжо ў нашых завадскіх умовах.

Прадпрыемства сур’ёзна працуе над якасцю свайго тавару. У спецлабараторыі ЦСП праходзіць выпрабаванні на ўсе ДАСТаўскія параметры — шчыльнасць пліты, яе вільготнасць, набрынянне і водапаглынанне. Правяраюцца на трываласць пры выгібе і расцягванні.

— Матэрыял мае добрыя пажарныя і экалагічныя ўласцівасці, мы гэта таксама правяраем, — удакладняе начальнік лабараторыі Вольга Сіняўская. — Выпрабоўваем ЦСП на ўстойлівасць да цыклічных тэмпературна-вільготных уздзеянняў. Зніжэнне трываласці павінна складаць не больш за 30 %, а трывальныя паказчыкі нашай пліты значна вышэйшыя (да 14,7 %). Што да марозаўстойлівасці, то пасля 50 цыклаў канчатковая трываласць складае 94 %. Акрамя лабараторных выпрабаванняў у цэху праводзіцца кантроль лінейных параметраў — таўшчыні, даўжыні, дыяганалі, плоскасці, прамалінейнасці. Кожныя дзве гадзіны пры выхадзе пліты робім гэтыя вымярэнні.

Лабараторным выпрабаванням падвяргаецца не толькі гатовая пліта, але і ўваходная сыравіна.

— Ажыццяўляем кантроль вадкага шкла, сульфатаалюмінію, партландцэменту, аглядаем драўніну, — пералічвае Вольга Сіняўская. — Драўніну выпрабоўваем на ўтрыманне сахароў і таніну. Калі яны будуць перавышаць норму, матэрыял нельга пускаць у вытворчасць, ён павінен крыху паляжаць. Без гэтага якаснай пліты не атрымаецца.

Ірына Кузьміна расказвае, што да санкцый большасць прадукцыі ішла ў Еўропу.

— Нашы былыя еўрапейскія кліенты дагэтуль тэлефануюць, шкадуюць, што не маюць магчымасці імпартаваць нашу пліту, — адзначае яна. — Аналагі іншых вытворцаў ім не падабаюцца. У Еўропе з такіх панэляў шмат што будуюць: і гасцінічныя комплексы, і жылыя дамы. Але ў нас таксама імкліва асвойваюць гэту тэхналогію будаўніцтва.

ЦСП-панэлі вырабляюцца выключна з беларускай сыравіны. Асноўныя кампаненты — цэмент і драўніна.

— Выкарыстоўваем лес, які паваліла пасля ўрагану, — удакладняюць суразмоўніцы. — Нам не патрэбна дзелавая драўніна, выкарыстоўваем тэхнічную.

Прадпрыемства штогод удзельнічае ў конкурсах і мае шмат дыпломаў і ўзнагарод. Яго прадукцыя выклікае цікавасць у замежных бізнесменаў.

— Нават кітайцы цікавіліся нашымі тэхналогіямі, — кажа галоўны тэхнолаг. — На працягу ўсіх 10 гадоў нашага існавання не было ніводнай прэтэнзіі ад пакупнікоў. Гэтым можна толькі ганарыцца. Магілёўскі будтрэст № 17 нават у праектную дакументацыю ўносіць памеры нашых ЦСП.

На прадпрыемстве працуюць 160 чалавек, каля 80 % з іх мае стаж больш за 8 гадоў. Гэта значыць, што выпускам прадукцыі займаюцца выключна прафесіяналы. Вытворчасць у пастаянным развіцці. З апошняга тут засвоена тэхналогія вырабу пліт у выглядзе шып-паз, якія кладуцца як ламінат. Пакуль крычаўскі вытворца пастаўляе на беларускі рынак 20 % сваёй прадукцыі. Але ўжо стаіць задача нарасціць аб’ёмы да 30 %.

— Прадпрыемства ўнікальнае, — адзначае намеснік старшыні Крычаўскага райвыканкама Наталля Асмалоўская. — На яго ўзбраенні перадавое высокатэхналагічнае абсталяванне. Працуе кругласутачна. Наогул, наш раён вельмі зацікаўлены ў прыцягненні сучасных вытворчасцяў, у нас для гэтага дастаткова інавацыйных пляцовак. Ёсць і пляцоўка СЭЗ, да якой ужо прыглядаюцца два інвестары. Яна знаходзіцца там, дзе раней размяшчалася былая вайсковая часць. З інавацыйных вытворчасцяў у нас на плошчах былога цэментнага завода ўжо працуюць майнінгавыя фермы. Пад майнінг падрыхтавана яшчэ адна пляцоўка. Гэтыя аб’екты зарэгістраваны ў Парку высокіх тэхналогій. І мы адзіныя ў краіне, дзе ёсць такія комплексы для здабывання крыптавалют.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Чытайце таксама: У Крычаве ў рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект» стварылі вытворчасць па выпуску запатрабаваных будматэрыялаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю