Напярэдадні гэтай даты Нацыянальны статыстычны камітэт (Белстат) падрыхтаваў статыстычны агляд аб колькасці занятых творчай дзейнасцю людзей, аб’ектах культурнай спадчыны і папулярных сярод беларусаў месцах для адпачынку і забаў.
Так, паводле апублікаванай камітэтам статыстыкі, амаль сем з дзесяці работнікаў культуры — жанчыны, сярэдні ўзрост супрацоўнікаў — 45 гадоў. Большасць — 43,2 % — мае вышэйшую адукацыю, 28,5 % —сярэднюю спецыяльную. Усяго ж занятых творчай, бібліятэчнай, архіўнай, музейнай і іншай дзейнасцю ў сферы культуры і забаў на 2024 год у краіне налічвалася 42,4 тысячы чалавек — роўна на тысячу менш у параўнанні з мінулым годам.
Беларусь багатая сваёй матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчынай — у краіне знаходзіцца 5688 яе аб’ектаў, 4 з якіх уваходзяць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Першай у 1979 годзе туды трапіла Белавежская пушча, у 2000-м статус атрымаў замкавы комплекс у гарадскім пасёлку Мір. А праз пяць гадоў у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА дадалі архітэктурна-культурны комплекс у Нясвіжы і трансгранічны аб’ект Геадэзічная дуга Струвэ. Усяго ў краіне размешчана больш за 2 тысячы помнікаў археалогіі, 1842 — архітэктуры, больш за 1200 помнікаў гісторыі і дзясяткі — мастацтва.
Тэатры оперы і балета, драмы, лялечныя і іншыя — кожная пляцоўка знайшла свайго гледача. За 2024 год 28 прафесійных беларускіх тэатраў наведалі амаль 1 мільён 846 тысяч чалавек (на 7,7 % больш у параўнанні з мінулым годам), а музеі — 8,7 мільёна (больш на 14,6 %). Самымі папулярнымі па традыцыі сталі мемарыяльны комплекс «Хатынь», Брэсцкая крэпасць і Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Вялікім ахопам аўдыторыі сёлета могуць пахваліцца і канцэртныя арганізацыі, сабраўшы на сваіх мерапрыемствах больш за мільён гледачоў. Рост склаў амаль 18 %.
Культурнае жыццё кіпіць і ў маленькіх гарадах і пасёлках. У краіне працуе 2250 клубаў і 2200 публічных бібліятэк, 92 % з якіх — з доступам у інтэрнэт. Прыемна ўсведамляць, што кожны трэці экзэмпляр бібліятэчнага фонду краіны выдаваўся дзецям, школьнікі склалі і амаль 40 % карыстальнікаў яго электронных рэсурсаў.
Аміна НАЗАРАВА