Top.Mail.Ru

Лепшыя праекты «Энергамарафона» заслугоўваюць таго, каб быць рэалізаванымі

Такі пасыл прагучаў падчас правядзення ў Магілёве XVIII рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон». Мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай падзеі, праходзілі ў абласным цэнтры на працягу двух дзён. На выставе ў Магілёўскім электратэхнічным каледжы можна было ўбачыць напрацоўкі ў сферы энергазберагання нават дашкольных ўстаноў. Тут адбылася прэзентацыя праекта «Кліматычная шкатулка» і КВІЗ па пытаннях змянення клімату. З маленства дзеці вучацца рацыянальна адносіцца да прыродных багаццяў, быць беражлівымі ў быце, эканоміць святло і ваду.


— Фінал рэспубліканскага конкурсу не ўпершыню праходзіць на магілёўскай зямлі, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі. — Нашы ўдзельнікі традыцыйна з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі конкурсу. Толькі Магілёўскі электратэхнічны каледж за апошнія некалькі гадоў атрымаў парадку 350 тысяч рублёў ад Дэпартамента па энэргаэфектыўнасці на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і перааснашчэнне высокаэнергаэфектыўным абсталяваннем. Гэта адбылося дзякуючы таму, што рабяты разам са сваімі настаўнікамі станавіліся пераможцамі рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон». Тое, што гэта вельмі важна для падрастаючага пакалення нават не абмяркоўваецца. З дашкольнага ўзросту прывіваецца звычка не толькі да зберагання электраэнергіі, а і ўсіх рэсурсаў нашай краіны. Гэта наша багацце і да яго трэба адносіцца беражліва. 

У абласным Цэнтры творчасці, дзе адбылося ўзнагароджанне фіналістаў рэспубліканскага конкурсу, можна было ацаніць і іх работы. Напрыклад, навучэнцы гомельскай школы № 40 распрацавалі эканамічную і даўгавечную электрасушылку для рук, якая хутка будзе ўсталявана ў іх школе. Вынаходнікі прапаноўвалі IT-гульні на тэму энергазберагання, віктарыны і шмат чаго іншага. Усяго ў фінал конкурсу выйшлі 162 удзельнікі з 71 установы адукацыі. Пераможцы і прызёры конкурсу былі вызначаны ў шасці намінацыях.

Старшыня Дзяржкамітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Алена Маргунова ацаніла значнасць конкурсу і выказалася за неабходнасць укаранення тых ідэй, якія прапаноўваюць школьнікі.

— Марафон аб’ехаў усе рэгіёны і даказаў сваю важнасць, — падкрэсліла яна. — Ужо з дзіцячага садка фарміруецца пазітыўнае мысленне аб энергазбераганні і энергаэфектыўнасці экалогіі нашай краіны. Шмат крэатыўных, вельмі цікавых, нават эксклюзіўных тэм і праектаў. Здзіўляешся, наколькі развітая творчая думка, логіка мыслення ў нашых дзяцей. Хацелася б, каб гэтыя фінальныя работы знаходзілі прымяненне на нашых прадпрыемствах. Было бы добра, калі б вось у такіх марафонах прымалі ўдзел работнікі вытворчасцяў, бралі гэтыя ідэі і ўкаранялі іх у сябе. Цікавых праектаў вельмі шмат. І гэта патрэбна краіне. 

У рамках конкурсу ў Магілёве прайшоў рэспубліканскі семінар «Сучасныя тэхналогіі энергазберагання: адукацыя, вытворчасць, светапогляд». Яго ўдзельнікі азнаёміліся не толькі з тым, як з дзяцінства ў сістэме адукацыі выхоўваецца культура энергазберагання, але і як працуюць энергаэфектыўныя прадпрыемствы. Яны пабывалі на заводзе газетнай паперы ў Шклове, наведалі знакавыя месцы Шклоўскага раёна. 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю