Top.Mail.Ru

Лепшыя работы на «Анімаёўцы-2026» вызначаць у чатырох намінацыях

Аўтар:
Міжнародны мультпарад

Журы XXIX Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2026», які стартаваў 30 верасня ў магілёўскім кінатэатры «Радзіма», прыйдзецца нялёгка. Таму што гэта не проста нейкі мультпарад, а сапраўдны творчы конкурс, прычым вельмі сур’езны. І з кожным годам інтарэс да фестывалю расце: пачынаўся ён з 47 дзяржаў-удзельніц, а сёлета іх ужо 99. І гэта не адзіны рэкорд: з розных краін паступіла амаль 2 тысячы заявак.

Традыцыйна лепшыя работы вызначаць у трох конкурсах фестывалю: анімацыйных фільмаў, дзіцячай анімацыйнай творчасці і дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Аднак у гэтым годзе да іх дабавілася яшчэ адна намінацыя — «Лепшы аніматар анімацыйнага фільма».

Па словах старшыні журы конкурсу анімацыйных фільмаў заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусь Ігара Волчака, сакрэт даўгалецця фестывалю просты. І крыецца ён у шчырасці:

— Калі мы толькі задумвалі гэты праект у мінскім кінатэатры «Кастрычнік», гэта быў нават не фестываль, а проста сціплае свята анімацыі. Але пераехаўшы ў Магілёў, ён набыў зусім іншы маштаб і афіцыйны статус. Я бываў на многіх міжнародных фестывалях і ведаю, якіх намаганняў патрабуе арганізацыя мерапрыемства такога ўзроўню. Сёння да нашай справы ёсць вялікая цікавасць і з боку дзяржавы, і з боку людзей, якія шчыра гараць анімацыяй.

Начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга падкрэсліла, што «Анімаёўка» — адзін з самых доўгажывучых фестываляў:

— І сакрэтаў яго шматгадовага поспеху некалькі. Па-першае, анімацыйнае кіно — такі жанр, які разлічаны на самую розную публіку — ад малых да дарослых. А па-другое, гэты фестываль ствараюць сапраўдныя прафесіяналы. Тут жа — і працы дзіцячых студый анімацыі. Гэта значыць, мы можам убачыць, дзе ў нас падрастаюць таленавітыя дзеці, і ў перспектыве знайсці сабе будучых прафесійных майстроў.

На думку Ірыны Дрыга, анімацыйнае мастацтва ў Беларусі зараз перажывае ўздым:

— Міністэрствам культуры прынята стратэгія развіцця нацыянальнай анімацыі на 2026–2030 гады. Яна мае на ўвазе і павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці анімацыйных фільмаў і пераход да запатрабаваных менавіта ў пракаце поўнаметражных фільмаў, анімацыйных серыялаў. Нашы аніматары выбіраюць самыя папулярныя тэмы — казкі, прыгоды вядомых герояў у сучасным свеце, сучасныя гісторыі.

Гэта не такія невялікія і кароткія мульцікі, як было, можа, некалькі гадоў таму. Гэта ўжо сапраўды вялікая анімацыя, якая на вялікім экране глядзіцца самавіта.

Расказала Ірына Дрыга і пра маючыя адбыцца прэм’еры «Беларусьфільма»:

— У найбліжэйшыя дні, калі скончыцца фестываль, 8 кастрычніка стартуе прэм’ера анімацыйнага серыяла «Ваўчок». Ён можа выглядаць як цэльны фільм на 60 хвілін, потым можна глядзець па серыях. Што цікава, упершыню гэты фільм паказалі якраз на магілёўскай зямлі — у Александрыі, дзе адбыўся перадпрэм’ерны паказ. І ён вельмі зацікавіў дзяцей. Акрамя таго, у нас вядзецца праца над поўнаметражнымі фільмамі «Дзяўчынка і трактар», «Каманда ратавальнікаў».

Ірына Дрыга праанансавала таксама цікавы праект, над якім працуе вядомы беларускі рэжысёр і аніматар Алена Турава:

— Ён звязаны з Магілёўшчынай і называецца «Таямніца Александрыі». Аказваецца, Александрыя вядомая яшчэ і тым, што ў яе наваколлях размяшчаецца... Беларуская акадэмія чараўнікоў. Чым яны там займаюцца, чаму вучаць, з кім змагаюцца і як сябруюць — усё гэта, я спадзяюся, наш глядач убачыць зноў жа на перадпрэм’ерным паказе на свяце «Александрыя збірае сяброў».

У вялікай фестывальнай праграме XXIX Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2026» паказы анімацыйных фільмаў, творчыя сустрэчы, майстар-класы, прэзентацыі, выставы. Вынікі конкурсаў будуць агучаныя 2 кастрычніка на ўрачыстым закрыцці кінафоруму.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю