Top.Mail.Ru

Летась у Беларусі было высаджана больш за 500 тысяч дрэў, 656 тысяч кустоў і рэкордныя больш за 33 мільёны кветак

Мінулы год быў абвешчаны ў Беларусі Годам добраўпарадкавання. Сам гэты факт і тое, што пытанні добраўпарадкавання трымае на кантролі кіраўнік дзяржавы, гавораць аб тым, наколькі сур’ёзнае значэнне надаецца стварэнню і падтрыманню ў краіне зручнага, бяспечнага і сучаснага асяроддзя для жыцця і працы людзей.


На самай справе добраўпарадкаванне — гэта не толькі пра азеляненне і эстэтыку. Усё значна глыбей: добраўпарадкаваныя тэрыторыі могуць палепшыць жыццё людзей, зрабіць яго больш зручным, могуць падштурхнуць развіццё бізнесу або зрабіць месца турыстычным цэнтрам. Яшчэ адзін найважнейшы нюанс — населены пункт, не важна які, — горад, пасёлак, аграгарадок, зручны для жыцця і працы, — становіцца больш прывабным для маладых сем’яў. 

Таму добраўпарадкаванне для міністэрстваў і ведамстваў, прадпрыемстваў і арганізацый, для простых беларусаў — гэта не пытанне акцыі або мерапрыемстваў, гэта штодзённая, штогадзінная сумесная праца.

У прыродаахоўнай сферы

У плане мерапрыемстваў па Годзе добраўпарадкавання значылася выкананне 84 мерапрыемстваў.

— Фактычна ўсе яны выкананыя, — канстатуе намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксей Стасюкевіч. — Прычым многія — з апярэджваннем, і гэта нягледзячы на тое, што паказчыкі першапачаткова былі закладзены ў бок павелічэння.

Аляксей Стасюкевіч прывёў і даволі вялікія лічбы, якія сведчаць аб зробленым толькі за адзін год. Так, былі ўладкаваны і адрамантаваны 115 стаянак для аўтамабіляў, 90 веласіпедных парковак і месцаў адпачынку на водных аб’ектах. Належным чынам, для зручнасці наведвання ўладкавалі 41 крыніцу.

Намеснік міністра адзначыў, што ў Беларусі ў 2025-м было рэалізавана 90 грамадзянскіх ініцыятыў, дзякуючы якім змяніліся многія тэрыторыі прыдамавых участкаў, з’явіліся новыя дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі.

— Працягвалася работа і па ўдасканаленні нарматыўных прававых актаў, якія датычацца пытанняў добраўпарадкавання, — адзначыў Аляксей Стасюкевіч. — Унесены змены ў Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. У прыватнасці, там канкрэтызаваны патрабаванні да ўтрымання зямель агульнага карыстання, а таксама да прадстаўлення адміністрацыйных зямельных участкаў.

У жыллёва-камунальнай гаспадарцы

З добрымі паказчыкамі завяршыла Год добраўпарадкавання і Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пра гэта расказала намеснік начальніка ўпраўлення ведамства Надзея Сяўрук.
— Усё, што мы рабілі і працягваем рабіць — для зручнасці людзей, — дзеліцца спецыяліст міністэрства. — Мы адрамантавалі больш чым 11,8 мільёна квадратных метраў вулічна-дарожнай сеткі, нарасцілі аб’ёмы рамонту ў аграгарадках і невялікіх населеных пунктах.

Што датычыцца капітальнага рамонту, то за пяць гадоў у краіне капітальна адрамантавана 17,2 мільёна квадратных метраў жылля, у тым ліку ў 2025-м — 3,6 мільёна. На 2026–2030 гады перад арганізацыямі МЖКГ стаіць амбіцыйная задача капітальна адрамантаваць не менш за 14 мільёнаў квадратных метраў жылля.

Не варта забываць і пра яшчэ адзін значны праект 2025-га — перавод сталіцы Беларусі на падземныя крыніцы водазабеспячэння. Нагадаем, як гэта стала магчымым — за кошт павелічэння магутнасці трох наяўных водазабораў, бурэння 87 свідравін, узвядзення помпавай станцыі «Шчомысліца», а таксама будаўніцтва сетак водазабеспячэння дыяметрам 160–1200 міліметраў агульнай працягласцю больш за 114 кіламетраў. У выніку гэтага артэзіянскую ваду атрымалі звыш 800 тысяч мінчан.

У аграпрамысловым комплексе

Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча Іван Каскевіч адзначыў, што добраўпарадкаванне сельгасаб’ектаў і тэрыторый, машынных двароў і іншага вядзецца круглы год.

— Навядзенне парадку на сельскагаспадарчых аб’ектах — праца штодзённая, — падкрэсліў ён. — Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання прыняло ўсе неабходныя арганізацыйныя рашэнні, пытанне рэгулярна разглядалася на штабах. Акрамя работы з аблвыканкамамі, план па добраўпарадкаванні давялі да 40 падведамасных арганізацый. У кастрычніку дадаткова правялі месячнік добраўпарадкавання.

Іван Каскевіч канстатаваў, што планы па ўсіх кірунках перавыкананы. Па выніках года безумоўным лідарам выканання мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні стала Мінская вобласць, далей ідуць Брэсцкая і Гомельская вобласці.

На транспарце і ў дарожнай гаспадарцы

Беларуская чыгунка застаецца адным з самых папулярных відаў транспарту для пасажыраў. Ацэнка яе дзейнасці складваецца не толькі з уражанняў ад паездкі. Настрой, зручнасць і камфорт пасажыраў шмат у чым залежыць ад навакольнага становішча, таму ў планах БЧ па добраўпарадкаванні ключавое месца займалі менавіта такія аб’екты.

У 2025 годзе на стальной магістралі быў уладкаваны 61 прыпыначны пункт, адрамантавана 35 пасажырскіх платформ і 18 аб’ектаў асвятлення, ачышчана 2358 кіламетраў паласы адводу. Як паведаміў першы намеснік начальніка службы пуці Упраўлення БЧ Сяргей Корык, у Год добраўпарадкавання было прыведзена ў парадак 135 кіламетраў шляхоў на такіх важных напрамках, як Орша — Віцебск, Мінск — Брэст, Жлобін — Магілёў.

«Гаспадаром» рэспубліканскіх аўтамабільных дарог на Міншчыне з’яўляецца РУП «Мінскаўтадар-цэнтр». Акцэнт у Год добраўпарадкавання прадпрыемства зрабіла на высокую якасць утрымання і рамонту дарог сталічнай вобласці. У выніку дарожнікі ў рэгіёне замест запланаваных 260 кіламетраў пакрыцця адрамантавалі 320,7. Прычым, па словах начальніка ўпраўлення вытворчых работ і ўтрымання дарожнай сеткі РУП «Мінскаўтадар-цэнтр» Дзмітрыя Дземідовіча, уклаліся ў тыя ж грошы, а па азеляненні дарожнікі прадпрыемства сталі рэкардсменамі.

— Мы планавалі засадзіць 12,5 тысячы «квадратаў», а ў выніку азелянілі 53 тысячы — перавыканалі на 423 працэнты, — дзеліцца поспехам начальнік упраўлення. — Дрэў і кустоў пасадзілі 44,4 тысячы замест 16 тысяч па плане.

А яшчэ на скрыжаванні трас М-1 і М-4 з’явіўся звышхуткі электразарадны комплекс. Інвестары ўжо прыглядаюцца да гэтага вопыту і хочуць тыражаваць яго далей.

Алена ВІНАГРАДАВА
Фота дадзена БЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю