Top.Mail.Ru

Летні лагер для дзіцяці: колькі гэта каштуе сёлета?

Да апошняга ў гэтым навучальным годзе школьнага званка часу амаль не засталося. Для бацькоў надышоў час вырашаць пытанне арганізацыі летняга адпачынку для дзіцяці. Школьных, загарадных, спартыўных лагераў у Беларусі больш за 5 тысяч. Але следам за пытаннем «куды» ідзе пытанне «колькі». Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзя Балбатоўскага.


— Попыт на летні адпачынак і аздараўленне дзяцей расце, — адзначае Генадзь Мікалаевіч. — Плануецца, што ў перыяд летніх школьных канікул 2026 года бясплатнымі і патанненымі пуцёўкамі будзе забяспечана каля 400 000 дзяцей. 

Па словах дырэктара цэнтра, на арганізацыю і правядзенне дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі 2026 года з рэспубліканскага бюджэту выдзелена каля 84 млн рублёў, і гэта на 11 млн рублёў больш, чым годам раней. Інфраструктура дзіцячага летняга аздараўлення будзе прадстаўлена 5500 аб’ектамі: гэта і выхаваўча-аздараўленчыя, і спартыўна-аздараўленчыя лагеры (1 тысяча лагераў з кругласутачным знаходжаннем і 4,5 тысячы — з дзённым знаходжаннем дзяцей).


Аб працягласці зме

— Да 2024-га працягласць знаходжання дзяцей у стацыянарных кругласутачных лагерах складала не менш за 18 дзён. Пры гэтым у летні перыяд у сярэднім праводзілася каля трох змен. Але ў апошнія гады попыт на аздараўленне дзяцей у такіх лагерах вырас — пару тыдняў на свежым паветры, добрае харчаванне і станоўчыя эмоцыі далі эфект, — патлумачыў кіраўнік Цэнтра па аздараўленні. 

Адзначыў суразмоўца яшчэ адзін фактар: часта дзеці не дабывалі да завяршэння аздараўленчай змены 2-3 дні. Усё разам прывяло да таго, што з 2024 года заканадаўча была прадугледжана працягласць знаходжання ў стацыянарных лагерах не менш за 15 дзён. 

— Але калі ў бацькоў ёсць патрэба ў больш працяглым перыядзе знаходжання дзяцей на аздараўленні, гэтая ж заканадаўчая норма дазваляе арганізоўваць кругласутачныя змены з працягласцю знаходжання 18 і нават 21 дзень, — патлумачыў спецыяліст.

Пуцёўкі стануць таннейшымі

— Што датычыцца кошту дзіцячага летняга адпачынку і аздараўлення, то мы не падымаем, а, наадварот, патанняем іх за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Памеры такога патанення штогод індэксуюцца. У 2026 годзе на гэта будзе накіравана каля 82 млн рублёў. Гэтым летам кошт пуцёўкі ў лагер з кругласутачным знаходжаннем дзяцей складзе каля 760 рублёў, а памер яе патанення за кошт бюджэтных сродкаў — 302 рублі, або 40 % ад кошту, — агучвае лічбы Генадзь Балбатоўскі. — Кошт пуцёўкі ў лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей складзе каля 175 рублёў, а памер яе патаннення — 127 рублёў, або 73 % ад кошту пуцёўкі. 

У лютым 2026-га Цэнтрам па аздараўленні сумесна з Міністэрствам фінансаў былі распрацаваны і ўзгоднены памеры патаннення кошту пуцёвак у лагеры летам 2026 года. І вось як выглядае цэннік: у дзённы лагер працягласцю 15 дзён — 127 рублёў; у палатачны перасоўны лагер працягласцю 9 дзён — 155 рублёў; у стацыянарны лагер працягласцю не менш за 15 дзён — 302 рублі.

— Што датычыцца дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-інвалідаў, у гэтым пытанні мы ўзаемадзейнічаем з Мінадукацыі, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам, — кажа суразмоўнік. — Кожны год пуцёўкамі ў лагеры забяспечваюцца больш за 11 тысяч дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у лагеры на аздараўленне адпраўляюцца больш за 5 тысяч дзяцей з інваліднасцю. Вядома ж, такіх школьнікаў мы накіроўваем на аздараўленне ў лагеры з неабходнымі ўмовамі даступнага асяроддзя. Калі без аднаго з бацькоў дзіцяці не абысціся, забяспечваем пуцёўкай і яго — яна набываецца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў. 

Не застаюцца забытымі і так званыя «цяжкія» падлеткі. На думку дырэктара цэнтра, эфект даюць лагеры ваенна-патрыятычнага профілю.

— Аздараўленнем у такіх лагерах будзе ахоплена больш за 25 тысяч дзяцей, — падсумаваў Генадзь Балбатоўскі.


Планшэт пакінем дома

— Прыём дзяцей у выхаваўча-аздараўленчыя, спартыўна-аздараўленчыя лагеры праводзіцца пры прадстаўленні медыцынскіх даведак, выдадзеных у тэрытарыяльных арганізацыях аховы здароўя, — нагадвае суразмоўнік. 

Не рэкамендуецца браць у лагер планшэт, ноўтбук, дарагія гаджэты, іншыя каштоўныя рэчы. Варта забыцца на чыпсы, газаваныя напоі і прадукты, што хутка псуюцца — яны забаронены.

— У загарадных аздараўленчых лагерах звычайна арганізавана пяціразовае харчаванне: сняданак, абед, падвячорак, вячэра і другая вячэра, — тлумачыць дырэктар цэнтра. — Гэтага хапае, каб дзіця не адчувала сябе галодным.

І яшчэ. Спецыялісты падлічылі, што для адаптацыі ў лагеры дзіцяці неабходна 2-3 дні, таму бацькам псіхолагі не раяць спяшацца з візітам у першыя дні заезду.

Алена Вінаградава
Фота Лізаветы Голад

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю