Каманда ліцэя імя Ф. Э. Дзяржынскага БДУ выйшла ў фінал чэмпіянату свету па робататэхніцы «Ліга інжынераў». «Ліга інжынераў» — гэта міжнародная супольнасць і серыя маштабных спаборніцтваў, накіраваных на развіццё інжынерна-тэхнічнай адукацыі і падтрымку таленавітай моладзі ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў. Праграма дапамагае юным інжынерам раскрыць творчы патэнцыял, вучыць каманднай рабоце, дае ўнікальныя магчымасці прафесійнага і асобаснага росту.
Трэнерам зборнай БДУ выступіў педагог дадатковай адукацыі ліцэя імя Ф. Э. Дзяржынскага БДУ, трэцякурснік факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій Уладзіслаў Голік.
Ліцэісты БДУ паказалі высокія вынікі ў рэгіянальным адборачным турніры чэмпіянату, які прайшоў у Маскве. Акрамя таго, беларуская каманда ўдастоена вышэйшай экспертнай узнагароды турніру «Натхняльнік». Гэты тытул прысуджаецца за ўвасабленне каштоўнасцяў чэмпіянату, прафесіяналізм і захопленасць робататэхнікай
На працягу двух дзён канкурсантам неабходна было паказаць моц і алгарытмы сваіх робатаў у матчах на гульнявым полі памерам 4×4 метры. Важным этапам чэмпіянату з’яўляецца сумоўе з экспертамі. Па ўмовах чэмпіянату, інжынерная думка, дызайн робата і ўклад у развіццё прафесійнай супольнасці мае вялікае значэнне для агульнага выніку каманды.
У фінал чэмпіянату свету прайшлі дзевяць каманд. Адбудзецца вырашальнае спаборніцтва ў Мінску і пройдзе з 27 па 29 сакавіка ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.