Top.Mail.Ru

Любоў не блінцы: улюбішся і канцы

Наш зямляк знакаміты дыпламат Андрэй Грамыка лічыў, што лепш дзесяць гадоў весці перамовы, чым адзін дзень — вайну. І меў жа рацыю, бо яна, тая вайна, вельмі небяспечная, перш за ўсё — сваімі наступствамі, нават вельмі, вельмі далёкімі.


У канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя ў нашых вёсках і гарадах мужчын было вобмаль (адкуль жа ім брацца?) — не хапала для ўсіх жанчын... Вось тыя, што мелі — жонкі, — і адстойвалі сваю «ўласнасць» як толькі маглі. У нас, напрыклад, па начах білі шыбы саперніцам. Тыя затыкалі дзюркі падушкамі. Раніцай вёска выганяе ў поле кароў і адразу бачыць, да каго залётнік прыходзіў.

...У нас вось такім быў Кірылавіч, калгасны брыгадзір. Ён жа — цар, бог і воінскі начальнік, важнейшы, можна сказаць, чым старшыня, бо той высакавата, «над людзьмі», у канторы болей сядзіць, а гэты — побач, на мясцовасці. Увесь люд як на далоні ў яго! Не дзіва, што кожнага разгледзіць, што некага ўпадабае... Тую ж вясёлую ўдавіцу Кацю. Ёй пасля — і работа найлягчэйшая, і «лішнія» працадні. А да ўсяго — кароткі дзень, бо пад вечар галава пачынала балець. Яна брыгадзіру пажаліцца, — той адразу: «Ідзі дадому, лячыся...» Каця тады ледзь не подбегам... Каб па гаспадарцы хутчэй управіцца, каб прычапурыцца ды стол падрыхтаваць.

Карацей, ну ўсё па прыпеўцы:

Брыгадзіру дагадзіла:
З ім да ранку прабыла,
На работу не хадзіла
І стаханаўкай была.

Іншыя цёткі ўсё гэта бачылі, зранку да вечара працавалі ды злавалі, бо ў іх — «гуртавое — чартавое»: «ні вырабаткі, ні заробку», як адна кабета казала. Яна яшчэ літару «р» не выгаворвала, таму ў гэтай фразе не толькі крыўда была…

Але ж і смешнага — ну нічога!

Карацей, згаварыліся бабы і ў той вечар, калі ў Каці галава «забалела», цямком акружылі яе сядзібу: заселі і з вуліцы, і з гарода.

Убачылі, што прыйшоў да яе Кірылавіч (жонцы ён казаў, што ў канторы дзяжурыць — аж да самай раніцы); пачулі, што ў акенца пастукаў, што дзверы адчыніліся; пачакалі яшчэ, пакуль галубкі павітаюцца, пакуль пачастуюцца, ды святло патушаць... А тады гайда ў вароты грукаць.

Кірылавіч, мусіць, вельмі спалохаўся: у споднім з хаты выскачыў, кінуўся ў гарод, а там — «засада».

Не прыдумаў, як патлумачыць, чаму ў кальсонах. Адразу папрасіў: «Бабачкі, не губіце, не здавайце мяне!»

А ў тых «бабачак» і адказ гатовы. Кажуць, што змаўчаць, не здадуць ні жонцы, ні ў парткам, калі ён махляваць перастане з «заробкам ды з вырабаткай», калі каня будзе добрага даваць для апрацоўкі гародаў, а не такога жарабка, як сам…

Кірылавіч пакляўся і пабажыўся! 

А бабы — як тыя пракуроры: усё, што мелі сказаць, сказалі ды адпусцілі. Праўда, перш чым па дамах разысціся, парагаталі яшчэ.

Што далей было?

Ды нічога такога: у брыгадзе стала болей парадку і справядлівасці, у Каці перастала балець галава. Але ж праўду кажуць, што сэрца не конь, яго не закілзаеш, што любоў не блінцы — улюбішся і канцы... Кірылавіч хоць зрэдку, хоць калі-нікалі ды заходзіў да ўдавіцы.

І вокны ёй брыгадзірыха не біла. Мусіць, разумела, што страціць гаспадара — справа плёвая. А вось жыць без яго — не прывядзі гасподзь!

С. ВАРОНІНА

Быхаўскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю