Як выконваецца распараджэнне Прэзідэнта № 119рп ад 01.07.2020 года «Аб дадатковых мерах па вырашэнні актуальных пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва» ў частцы асвятлення населеных пунктаў на прыкладзе Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці, высвятляла карэспандэнт «Звязды».
На тэрыторыі Шумілінскага раёна знаходзяцца два пасёлкі гарадскога тыпу, райцэнтр і Обаль, восем аграгарадкоў, больш за 240 вёсак. Яшчэ пяць гадоў таму не было выразнай сістэмы ў іх асвятленні. Часам цяжка было вызначыць, у каго ж на балансе ўтрымліваюцца светлавыя апоры, адпаведна, хто павінен запаліць на іх свяцільнікі: прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сельвыканкам, раённыя электрасеткі? Выкарыстоўваліся ці не восем відаў лямп — каб замяніць тую, што перагарэла, трэба было валодаць дакладнымі данымі, якая менавіта, каб замяніць на такую ж новую, іншыя мадыфікацыі не падыходзілі. Да таго ж тыя лямпы, якія шырока выкарыстоўваліся на Шуміліншчыне, знялі з вытворчасці... Словам, воз праблем і нязручнасцяў, а вынік — нараканні ад насельніцтва. Сітуацыю ўдалося выправіць.
— Прэзідэнцкае заданне па замене да 2026 года ўсіх свяцільнікаў вонкавага асвятлення вуліц населеных пунктаў на энергаэфектыўныя і спадарожная пастанова Міністэрства энергетыкі далі штуршок да навядзення парадку ў гэтым пытанні, — ацаніў своечасовасць падзаконных актаў старшыня Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч. — Вядома, праект ажыццяўлялі спецыялісты, але дэпутаты мясцовага ўзроўню, старэйшыны вёсак не засталіся ўбаку. На першым этапе яны падавалі інфармацыю з месцаў аб наяўнасці і колькасці апор, свяцільнікаў для складання адзінай зводнай ведамасці, каб перадаць у мясцовы раён электрасетак.
Было прынята рашэнне замацаваць свяцільнікі за балансатрымальнікамі: у гарпасёлках — за жыллёва-камунальнай гаспадаркай Шумілінскага раёна, у сельскіх населеных пунктах — за Шумілінскім РЭС філіяла «Віцебскія электрычныя сеткі» РУП «Віцебскэнерга». Разам з выкананнем звыклых для іх работ па капітальным і бягучым рамонце, рэканструкцыі ліній электраперадачы яны ўстанаўлівалі неразборныя святлодыёдныя свяцільнікі. Іх, як і лямпы, набывалі за кошт сродкаў бюджэту. Абсталяванне закуплялі аднатыпнае, каб у выпадку выхаду са строю яго лёгка было замяніць на новае.
— Распачаўшы гэтыя работы ў 2020 годзе і выконваючы іх паэтапна, сёння мы рэалізавалі план на 100 %, — канстатуе начальнік РЭС Уладзімір Волкаў. — У 190 аграгарадках і вёсках, якія мы абслугоўваем, а таксама ў райцэнтры, дзе мы працавалі ў рамках падрыхтоўкі да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2021», устаноўлена амаль 1,9 тысячы святлодыёдных свяцільнікаў.
Па інфармацыі УП ЖКГ, у Обалі і Шуміліне заменены адпаведна 260 і больш за 1 тысячу такіх жа свяцільнікаў, рацыяналізацыя выканана ў поўным аб’ёме.
У выніку дасягнута галоўная мэта аптымізацыі вулічнага асвятлення — скарачэнне выдаткаў на яго. Новыя святлапункты ў залежнасці ад тыпу і характарыстык даюць той жа або большы святлострумень пры меншым спажыванні электраэнергіі.
Калі раней вяскоўцы проста ўручную ўключалі ліхтар на бліжэйшым слупе, то ў 2020 годзе рэалізаваны праект па аўтаматызацыі вулічнага асвятлення. З гэтага часу кіраванне ажыццяўляецца ў аўтаматычным рэжыме з дапамогай праграмнага прадукту на аснове кантролераў, распрацаваны вучэбным цэнтрам «Віцебскэнерга». Дыстанцыйна дыспетчар з райцэнтра можа «апытаць» любы кантролер, паспрабаваць уключыць і выключыць свяцільнік. Гэта вельмі зручна: бывае, пажылы чалавек з аддаленай вёскі паведамляе, што ліхтар побач з яго домам быццам не працуе. Каб удакладніць сітуацыю, старшыня сельсавета заязджае на месца, звязваецца па тэлефоне з дыспетчарам, той уключае кантролер — свяцільнік працуе. Адпадае неабходнасць ехаць на ліквідацыю паломкі, якой фактычна няма. Дарэчы, выезд спецыяльнай машыны з брыгадай электраманцёраў — задавальненне не з танных, абыходзіцца прадпрыемству ў сярэднім 150 рублёў. Таму цікавым падаецца выйсце, знойдзенае мясцовымі органамі самакіравання і РЭС.

— Заяўкі аб няспраўнасці вонкавага асвятлення прымае служба 115. Але для больш аператыўнай і дакладнай перадачы інфармацыі профільнай арганізацыі мы стварылі ў Vіber чат «Вулічнае асвятленне» з удзелам дэпутатаў сельсаветаў, старэйшын вёсак і РЭС, — дзеліцца вопытам Мікалай Будневіч. — Калі энергетыкі планава працуюць на пэўным маршруце і атрымліваюць заяўку на рамонт асвятлення ў вёсцы па суседстве, яны без марнавання часу і лішніх выдаткаў заязджаюць, каб дапамагчы людзям.
Пагаварылі мы і пра магчымасць усталявання ліхтароў самімі гаспадарамі, калі асвятленне па сацыяльных стандартах ім падаецца недастатковым.
— Так, такая магчымасць існуе, — патлумачыў начальнік РЭС. — І пры наяўнасці сучасных свяцільнікаў з рэле, якое рэагуе на рух, жыхары прыватнага сектара карыстаюцца ёй усё шырэй. Але трэба ўлічваць, што калі грамадзянін хоча падключыць вонкавае асвятленне праз свой прыбор уліку (лічыльнік), то ён павінен размясціць свяцільнік на франтоне свайго дома ці, напрыклад, уладкаваць мачту на сваім участку. Замацаваць асвятляльны прыбор на нашай апоры нельга.
Людзі хутка прывыклі да таго, што вонкавае асвятленне працуе ў штатным рэжыме круглы год, прывязана да светлавога дня. Не згубіўшы ў якасці забеспячэння святлом гарадоў і вёсак, дзяржава знізіла выдаткі бюджэту на гэты сацыяльна важны пункт.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота аўтара