Яго ўдзельнікі — людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія праявілі сябе ў розных сферах мастацтва. Нарадзіўся фестываль у Расіі, але з 2017 года ў чацвёрты раз пройдзе ў Магілёве. Удзел у ім прымуць творчыя дэлегацыі рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, Мінска і сямі рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі — Маскоўскай, Бранскай, Калужскай, Пскоўскай, Цвярской, Смаленскай і Калінінградскай абласцей.
Удзельнікі прадэманструюць свае таленты ў 12 намінацыях — народных, акадэмічных, эстрадных і жэставых спевах, аўтарскай паэзіі і бардаўскай творчасці, тэатральным мастацтве, мастацкім слове, арыгінальным жанры, харэаграфіі, музычна-інструментальным выканальніцтве, дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтвах.
— Усяго ў Магілёў завітае 300 удзельнікаў з ліку людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ва ўзросце старэй за 18 гадоў, — падзялілася вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Крысціна Башарымава. — Кожны фестывальны дзень будзе праходзіць пад асобнай назвай — Дзень Беларусі, Саюзнай дзяржавы, Расіі, Творчых дасягненняў. Мерапрыемства праводзіцца з мэтай захавання ў рамках Саюзнай дзяржавы адзінай культурнай прасторы, стымулявання актыўнага ўдзелу ў гэтым працэсе людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Адбудуцца конкурсныя выступленні, а таксама канцэрты з удзелам беларускіх і расійскіх артыстаў, у тым ліку з выездам у спецыялізаваныя ўстановы Чавускага і Магілёўскага раёнаў. Будзе працаваць выстава работ дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, адбудуцца круглы стол, прэс-канферэнцыя, майстар-класы, экскурсіі.
Урачыстая цырымонія адкрыцця мерапрыемства Саюзнай дзяржавы Фестываль творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш» адбудзецца 24 верасня ў канцэртнай зале Магілёўскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы.
Нэлі ЗІГУЛЯ