— На працягу мінулага вучэбнага года і па сённяшні дзень праверана больш за 400 найменняў прадукцыі для дзяцей і падлеткаў школьнага асартыменту айчыннай вытворчасці, а таксама Расіі, Кітая, Узбекістана, Кыргызстана, Турцыі і Польшчы. Парушэнні выяўлены практычна ва ўсіх вытворцаў, — удакладняе начальнік аддзела дзяржнагляду за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў і стандартаў Магілёўскай абласной інспекцыі Дзяржстандарта Алег Буракоў. — Асноўныя парушэнні— перавышэнне дапушчальнай вышыні абцаса ў абутку для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, ужыванне ў закрытым абутку недапушчальнай падшэўкі, вусцілкі са штучных і сінтэтычных тканін, неадпаведнасць нормам па паветрапранікальнасці і гіграскапічнасці ў школьным адзенні, адсутнасць дэталяў і фурнітуры са святлоадбівальнымі элементамі на вучнёўскіх ранцах. Устаноўлены таксама парушэнні па маркіроўцы тавараў — няма інфармацыі для спажыўцоў або яна даецца не ў поўным аб’ёме, адсутнічаюць дакументы па ацэнцы адпаведнасці.

Спецыяліст звяртае ўвагу на тое, што менш за ўсё парушэнняў было выяўлена ў прадукцыі беларускага паходжання. Ён раіць пры выбары тавараў для школьнікаў уважліва вывучаць маркіроўку. У ёй даецца шмат карыснай інфармацыі наконт складу той жа тканіны, рэкамендацыі па дагляду за вырабам, матэрыялу з якога зроблены абутак і падкладка. Наяўнасць у маркіроўцы знака «ЕАС» сведчыць пра тое, што прадукцыя прайшла праверку на адпаведнасць і бяспечна для выкарыстання. Па выніках наглядных мерапрыемстваў суб’ектам гаспадарання растлумачаны патрабаванні тэхрэгламентаў і прыняты меры ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Нэлі ЗІГУЛЯ.